У лідэрах бяз дэмпінгу. Чаму ва Ўкраіне аддаюць перавагу беларускай аўтатэхніцы

Сёлета адразу ў двух абласных цэнтрах Украіны на дарогах пачнуць курсаваць новыя аўтобусы Менскага аўтамабільнага заводу — у Жытоміры да канца году на гарадзкія маршруты выйдуць 40 МАЗаў, у Львове — 150. Летась па колькасьці набытай у Беларусі тэхнікі ўд лідэрах хадзіў Кіеў — беларускі вытворца выйграў тэндэр на пастаўку ва ўкраінскую сталіцу 100 аўтобусаў.

Аўтобус МАЗ, ілюстрацыйнае фота

І калі на рынку грамадзкага транспарту МАЗ займае другое месца, то ў грузавым сэгмэнце ўкраінскага рынку — першае сярод замежных вытворцаў аўтамабільнай тэхнікі.

Агулам з 2014 году Менскі аўтамабільны завод павялічыў сваю частку на ўкраінскім рынку з 11,67 да 19,82% у 2017 годзе. У чым сакрэт буму беларускай тэхнікі ва Ўкраіне?

Ва Ўкраіне аналягічную тэхніку выпускаюць тры канцэрны — «Эталон» (Чарнігаўскі і Барыспальскі аўтазаводы), карпарацыя «Багдан» (завод у Луцку) і львоўскі «Электрон». Усе яны толькі цяпер укараняюць тэхналёгіі вышэйшых эўрапейскіх стандартаў. Беларускі МАЗ ужо немалы час у вытворчасьці арыентуецца на Эўра 5 і Эўра 6.

Дадатковым фактарам стала стварэньне эфэктыўнай дылерскай сеткі МАЗу — цяпер у яе ўваходзіць 21 сэртыфікаваная станцыя абслугоўваньня.

Летась у Нацыянальным бізнэс-рэйтынгу першым аўтаімпартэрам было прызнана прадпрыемства зь беларускім капіталам «Гандлёвы дом „МАЗ Украіна“».

Канкурэнтная цана — за кошт крэдытаваньня

Але, напэўна, галоўным фактарам стала экспартнае крэдытаваньне, заснаванае ў 2009 годзе ўказам Аляксандра Лукашэнкі — замежная кампанія, якая купляе ў крэдыт беларускую прадукцыю, атрымлівае зь дзяржаўнага бюджэту Беларусі кампэнсацыю часткі адсоткаў.

Сёлета адпаведныя апэрацыі абслугоўваюць ужо тры ўкраінскія банкі — два дзяржаўныя (Укрэксімбанк і Укргазбанк) і адзін камэрцыйны — ПУМБ, які належыць да фінансава-прамысловай групы ўкраінскага мільярдэра Рыната Ахметава. Беларусь штогод выдаткоўвае каля 200 мільёнаў даляраў на заахвочваньне замежных пакупнікоў нацыянальнай прадукцыі.

Мэр Львова Андрэй Садавы перакананы, што такі мэханізм павялічвае канкурэнтныя магчымасьці беларускага вытворцы на ўкраінскім рынку:

«Дзяржава павінна стварыць экспартна-крэдытнае агенцтва, таму што мы стаім у адным шэрагу з Альбаніяй і Малдовай. Як нам выйграваць канкурэнцыю? (Львоўскі) „Электрон“ можа ўдзельнічаць у тэндэрах на пастаўку трамваяў, тралейбусаў, аўтобусаў у іншыя краіны сьвету, але як яму спаборнічаць, калі яго кошт ужо апрыёры на 10–15% неканкурэнтны ў параўнаньні зь іншымі вытворцамі ў іншых краінах?»

Паводле інфармацыі Львоўскай гарадзкой рады, кошт аўтобуса МАЗ з улікам мытных плацяжоў склаў 122 тысячы эўра — на 25 тысяч эўра менш, чым аналягічны па характарыстыках аўтобус «Электрон» мясцовай вытворчасьці.

«Калі „Электрон“ ідзе ў банк, то ён бярэ крэдыт пад 18–19%. Вось розьніца. Калі дзяржава падтрымлівае свайго вытворцу, то ёсьць вынік. Мы замовілі „Электрону“ 50 аўтобусаў, бо для мяне прынцыпова важна мець якасную вытворчасьць ва Ўкраіне. Гэта павінна тычыцца ўсіх галін эканомікі нашага жыцьця. Калі мы ня будзем мець уласнага вытворцы, тады хто будзе плаціць падаткі і дзе будуць працаваць нашы людзі?» — кажа Андрэй Садавы.

Попыт на беларускі транспарт захаваецца

Урад Украіны абвясьціў пра намер да 2030 году цалкам адмовіцца ад маршрутак на карысьць паўнавартаснага і камфортнага грамадзкага транспарту.

У Львове плянуюць перайсьці на тралейбусы, электробусы і аўтобусы ўжо ў бліжэйшыя пяць гадоў. Аналягічную ініцыятыву падтрымалі і ўлады Цярнопаля.

  • Оцени статью:
  • Проголосовало: 3
  • Балл: 5