Тры гады таму не стала нашага Караля. Дзякуй, што дасюль з намі

«Ён умеў ствараць каманду, ён стварыў каманду, і таму газета будзе выходзіць, наколькі нас толькі хопіць».

12 верасня 2015-га не стала нашага Караля. Нашага сябра, паплечніка, галоўнага рэдактара. Былі боль, адчай, невыноснасць страты.

Не было роспачы і разгубленасці. Было яснае ўсведамленне — яго няма, але газета павінна жыць.

«Ён умеў ствараць каманду, ён стварыў каманду, і таму газета будзе выходзіць, наколькі нас толькі хопіць», — сказаў тады ў каментары Радыё Свабода Сяргей Пульша.

І газета выходзіла ўсе гэтыя тры гады, без яго і разам з ім. Мы адчувалі яго прысутнасць у нашых сэрцах і нашых тэкстах. Мы ў думках раіліся з ім і адчувалі яго падтрымку. Газета была справай яго жыцця, і, спадзяемся, у нас атрымалася годна працягнуць яго справу. Дзякуй нашаму Каралю за тое, што навучыў ісці наперад, рабіць сваю справу нягледзячы на ўсе перашкоды. Дзякуй, што дасюль з намі!

На жаль, у жыцця свае законы. За гэты час нас пакінула шмат цудоўных аўтараў. Нам іх не хапае, не хапае іх і чытачам. Выдатных музычных рэцэнзій Анатоля Мяльгуя, незабыўных найкаштоўных успамінаў Арсеня Ліса, грунтоўных гістарычных нарысаў Анатоля Валахановіча, цудоўных жыццёвых замалёвак Генадзя Шэршаня, узважанай аналітыкі Юрыя Хадыкі, найцікавых мастацтвазнаўчых артыкулаў Сяргея Гваздзёва. Гэтых аўтараў ужо няма з намі, але іх тэксты, іх думкі дасюль з намі, з нашымі чытачамі. Дзякуй ім за гэта!

На шчасце, у жыцця свае законы. І сёння ў рэдакцыі шмат цудоўных новых аўтараў. Маладых і грандаў. Хтосьці з іх з’явіўся дзякуючы конкурсу для маладых журналістаў, хтосьці ўбачыў у «Новым Часе» пляцоўку для выказвання сваіх думак, пасля таго, як стаў сталым чытачом, хтосьці знайшоў для сябе каманду аднадумцаў. Мы вельмі рады, што знайшлі гэтых людзей, што яны знайшлі «Новы Час». Дзякуй, дарагія мае, што дасюль з намі!

За гэты час мы нарэшце трапілі ў дзяржаўны распаўсюд, і зараз вы, нашы шаноўныя чытачы, маеце магчымасць набыць газету ў шапіках ды аформіць падпіску. Вы дасылаеце нам лісты і дзеліцеся сваімі праблемамі. Вы выказваеце словы падтрымкі і ўдзячнасці. Вас усё больш, і мы вельмі цешымся гэтым. А як было прыемна ўбачыць вашу падтрымку падчас судовых пасяджэнняў! Мы гэта адчувалі проста фізічна, і гэта было неверагодна. Напэўна, толькі ў такія моманты пачынаеш разумець, што робіш сваю справу не дарэмна. Дзякуй вам, нашы шчырыя і адданыя чытачы, што дасюль з намі!

Працяг тут

  • Оцени статью:
  • Проголосовало: 1
  • Балл: 5