Чалы: «Беларуская ўнікальная мадэль» дайшла да лягічнага тупіку

Эканаміст Сяргей Чалы знаходзіць станоўчыя моманты ў апошніх выніках працы беларускай эканомікі, разам з тым лічыць, што адстаўка ўраду была прызнаньнем стратэгічнай тупіковасьці абранага шляху, і ня ведае, як новы ўрад Румаса здолее спалучаць неабходныя рэформы з падвышэньнем сярэдняга заробку.

Дзяржаўныя прадпрыемствы, асабліва буйныя, як былі ў вартым жалю стане, так і застаюцца

— У інтэрвію БТ пасьля сустрэчы ў Сочы Аляксандар Лукашэнка заявіў, што адзіны страх для яго — гэта эканоміка. Які на сёньня стан беларускай эканомікі — з улікам таго, што апошнія паўтара года ідзе рост ВУП? Ці гэта толькі часовы ўсплёск, ці гэта трывалы рост, доўгатэрміновая стратэгічная тэндэнцыя?

Сяргей Чалы. Фота: Уладзь Грыдзін, Радыё Свабода

— Трэба разумець, што гэта рост ня толькі аднаўленчы, пасьля рэцэсіі. У прыватным сэктары ў першай палове 2018-га практычна быў інвэстыцыйны бум, зноў сталі наймаць працаўнікоў, якіх звальнялі ў пэрыяд крызісу 2015–16. Бізнэс пашыраецца. Але гэта ўласьціва толькі прыватнаму сэктару, на які і прыпаў галоўны цяжар таго крызісу.

А вось дзяржаўныя прадпрыемствы, асабліва буйныя, як былі ў вартым жалю стане, так і застаюцца. І цяпер сытуацыя такая, што нявырашаныя праблемы дзяржаўнага сэктару — галоўным чынам даўгавая, якая спараджае ланцужок неплацяжоў, — не даюць разьвівацца дзяржаўнаму сэктару, але ўжо і атручваюць здаровую частку эканомікі.

— 2019 год будзе пікавы па выплатах замежных даўгоў беларускай дзяржавай і суб’ектамі гаспадараньня. Наколькі гэты чыньнік будзе ўплываць на разьвіцьцё беларускай эканомікі?

— У нас калісьці і 2013 год называлі пікам выплат, цяпер 2019-ы. У нас гэты пік даўно ўжо ў плято ператварыўся. Проста эканоміка не генэруе тыя тэмпы росту і тыя даходы, якія дазвалялі б гэты доўг скарачаць. У Расеі прасілі яшчэ адзін крэдыт, нягледзячы на ўсе нявыдадзеныя траншы. То бок просяць новы доўг, каб аддаваць папярэднія даўгі. Гэтая праблема нікуды не падзенецца, пакуль ня будзе нейкіх сур’ёзных захадаў, каб павялічыць тэмпы росту эканомікі.

— Пасьля прызначэньня новага ўраду на чале з Румасам сярод аглядальнікаў, палітычна актыўнай публікі разгарнулася паказальная дыскусія наконт таго, ці будзе гэта мець нейкі істотны ўплыў на эканамічную палітыку. Маўляў, ці маюць нейкае значэньне прозьвішчы міністраў — бо асновы палітыкі, у тым ліку эканамічнай, вызначаюць не яны? Як вы ставіцеся да гэтай дылемы — што могуць зрабіць новыя міністры, наколькі яны абмежаваныя тымі рамкамі, якія паставіў сам Аляксандар Лукашэнка, калі іх прызначаў?

— Тут у мяне дваістае ўражаньне. Бо для мяне Сяргей Румас увасабляе ягоную тагачасную адміністратыўную паразу ў 2011–12 гадах — пасьля крызісу, які, як тады здавалася, канчаткова паставіў крыж на «ўнікальнай беларускай эканамічнай мадэлі». Але яе потым працягнулі шляхам «мадэрнізацыі» — то бок купляньнем новых станкоў у старыя будынкі, без уліку каньюнктуры рынку, без сур’ёзных бізнэс-плянаў і на замежныя крэдыты, якія цяпер вісяць кайданамі на нагах гэтых прадпрыемстваў.

А калі «мадэрнізацыя» бясслаўна скончылася, то быў абраны шлях працягненьня ў выглядзе «індустрыялізацыі». Фактычна Аршанскі рэгіён павінен быў стаць яе першым, пілётным праектам. І Лукашэнка, калі праехаў па гэтых прадпрыемствах, па-першае, жахнуўся, пабачыўшы іхні стан, а па-другое, зразумеў, што калі ісьці гэтым шляхам, то ўкладаньні будуць расьці ў геамэтрычнай прагрэсіі, а аддача будзе ўсё меншая.

Таму мне падаецца, што прызначэньне Румаса — гэта спроба вярнуцца на тыя ростані, якія былі ў 2011 годзе, калі стаяла пытаньне, што пасьля фінансавай стабілізацыі неабходна займацца рэструктурызацыяй неэфэктыўнага фінансавага сэктару...

Адстаўка ўраду — гэта, хутчэй за ўсё, азначае прызнаньне, што шлях аказаўся тупіковы

— Сяргей, прабачце, я вас перапыню. Але колькі разоў у беларускай гісторыі былі такія «ростані», калі, здавалася, «вось-вось» — але ў выніку Аляксандар Лукашэнка ўсё роўна нязьменна выбіраў «унікальную беларускую сацыяльную мадэль». Чаму зараз можа быць па-іншаму, якія прыкметы?

— Згодны. Але, па-першае, мне падаецца, што да нейкага лягічнага тупіку мы па шляху «мадэрнізацыі» і «індустрыялізацыі» дайшлі. Рэальна затраты становяцца непад’ёмнымі, а вынікі затратаў — малымі і сьмешнымі. Рэсурсы і так абмежаваныя, а яшчэ сілкаваньне з боку Расеі будзе скарачацца — таму трэба рабіць нейкія крокі, каб заняцца прадпрыемствамі-зомбі.

І ў гэтым сэнсе Сяргей Румас — сымбалічная фігура для гэтых «ростаняў». Але яго абклалі вялікай колькасьцю «чырвоных сьцяжкоў». Адзін Лукашэнка шмат нагаварыў пра тое, каб «нічога не чапаць» — з прыватызацыяй, каб было ўсё «асьцярожна». Сюды ж трэба аднесьці артыкул у «СБ» галоўнага кантралёра краіны Алфімава пра тое, «якімі нам быць», дзе проста гучыць гімн плянавай эканоміцы і спроба разносу лібэралаў, якія яшчэ і слова сказаць не пасьпелі.

Але, я мяркую, адстаўка ўраду — гэта, хутчэй за ўсё, азначае прызнаньне таго, што шлях аказаўся тупіковы і трэба шукаць новыя хады. Але страшна рабіць тое, ад чаго адмаўляліся ўсе гэтыя гады. І Румас тут добры чалавек у тым пляне, што, у адрозьненьне ад Васіля Мацюшэўскага, здольны мякчэй і лягічней тлумачыць неабходнасьць гэтых крокаў — так, каб гэта не выклікала імгненнага ідэалягічнага адпрэчаньня ў Лукашэнкі.

Пачынаць нейкія сур’ёзныя рэформы зараз, напярэдадні выбараў, вельмі небясьпечна

— Набліжаюцца чарговыя выбарчыя кампаніі, і сам Аляксандар Лукашэнка вызначыў, што прыярытэтам павінна стаць падвышэньне ўзроўню даходаў насельніцтва. І як урад Румаса будзе праводзіць бліжэйшым часам рэформы, якія не заўсёды і не адразу прыносяць падвышэньне ўзроўню жыцьця? Як гэта магчыма спалучыць з задачай падвышэньня заробку?

— Так, у яго сапраўды вельмі сур’ёзная задача ў тым сэнсе, што часу засталося зусім мала, ён быў бяздарна страчаны. Пачынаць нейкія сур’ёзныя рэформы зараз, напярэдадні выбараў, вельмі небясьпечна. Пакуль не пасьпелі выканаць самыя галоўныя папярэднія ўмовы — не зрабілі ніякай рэформы сацыяльнага забесьпячэньня, не наладзілі дапамогу па беспрацоўі, праграму судзеяньня занятасьці.

Таму сапраўды выглядае, што нейкія сур’ёзныя рэформы зараз пачынаць нельга. Зь іншага боку, калі іх не пачынаць, то, як мы бачым, ніякай тысячы рублёў у месяц не выходзіць — нават пры тым, што рубель слабее. Эканоміка тыкаецца ў гэтую вяршыню і ніяк яе ўзяць ня можа, і гэта таксама будзе выглядаць вельмі ганебна на выбарах.

Таму дылема вельмі складаная, я ня ведаю, як яны будуць яе вырашаць. Бо інструмэнтаў адміністрацыйнага падвышэньня даходаў практычна няма. Раней гэта прыводзіла да буму спажывецкага крэдытаваньня, попыту на імпарт, і нават цяпер у параўнаньні зь мінулым годам пачынае пагаршацца замежнагандлёвае сальда. Так што — так, задача для ўраду няпростая.

— Адна з вашых «любімых» тэмаў — ІТ-краіна. Год таму, калі мы рабілі з вамі «Інтэрвію тыдня», вы даволі рэзка крытыкавалі некаторыя палажэньні гэтага дэкрэту. Перш за ўсё тыя, якія тычацца крыптавалют. Цяпер, праз год, ці можна спакойна ацаніць нейкія першасныя вынікі гэтага праекту і карысьць ад яго для беларускай эканомікі?

— Праект пераўтварэньня Беларусі ў крыптаафшор памірае ўласнай сьмерцю. Найперш таму, што хайп прайшоў, цэны ўпалі на 70 працэнтаў, інтарэс публікі страчаны. А ператварацца ў цэнтар адмываньня даходаў — гэта нажыць сабе больш праблемаў, чым выгады. Той самы Румас у сьнежні мінулага году параўноўваў гэтыя крыптавалюты зь пірамідай МММ. Ва ўсім сьвеце якраз прыходзіць такое разуменьне.

Што тычыцца ІТ-краіны, то яна застаецца прыярытэтам. Гэта відаць па прызначэньні міністра эканомікі, па прызначэньні міністра сувязі. Мне падаецца, што паступова праект ІТ-краіны з набору льготаў выключна для адной сфэры разварочваецца нарэшце ў патрэбным кірунку. У тое, што патрэбная лічбавая трансфармацыя ўсёй эканомікі, і пачынаць трэба самому ўраду зь сябе, я даўно пра гэта казаў. Цяпер пра гэта кажуць і віцэпрэм’ер, і міністар эканомікі. Так што тут я бачу пазытыўнае разьвіцьцё.

  • Оцени статью:
  • Проголосовало: 1
  • Балл: 5