Экспэрт: Казулін дадасьць галаўнога болю лідэрам тытульнае апазыцыі

Нечаканае вызваленьне зь віцебскае калёніі беларускага палітвязьня нумар адзін Аляксандра Казуліна выклікала бурную рэакцыю ў Беларусі і па-за яе межамі. Якой можа быць будучыня экс-кандыдата на прэзыдэнта, разважаюць экспэрты “Заўтра тваёй краіны”.

— Відавочна, што ён застанецца ў палітыцы, прынамсі, у бліжэйшы час, — мяркуе віцэ-прэзыдэнт Міжнароднае Фэдэрацыі Правоў Чалавека Алесь Бяляцкі. – Як асоба ён дастаткова моцны, але ў якім фармаце будзе гэты далейшы ўдзел, пакуль незразумела. Мы памятаем, што ён пачынаў з Руху “За Беларусь” (быў такі грамадзкі рух), затым адбылося ягонае ачольваньне адной з сацыял-дэмакратычных партыяў, а амаль месяц таму ён быў фактычна адхілены ад кіраўніцтва гэтай партыі. Таму назваць дакладна ягонае месца ў сёньняшняй палітыцы даволі цяжка, але тое, што ён застанецца ў актыўнай палітыцы, відавочна, і тое, што ён будзе сур’ёзна ўплываць на палітычны працэс, у мяне няма ніякіх сумневаў.

— Казулін возьмецца за аднаўленьне свайго палітычнага статусу, — прагназуе юрыст Гары Паганяйла. — Хаця сярод сацыял-дэмакратаў ідзе барацьба за лідэрства, і чым гэтая барацьба завершыцца, няхай гэтыя хлопцы самі і вырашаюць.

Палітоляг Аляксандр Класкоўскі лічыць, што будучыня ў Аляксандра Казуліна неадназначная.

— З аднаго боку, гэта моцны, амбіцыйны палітык, і, дарэчы, незалежная сацыялёгія паказвае, што ягоны рэйтынг вырас за час зьняволеньня, і матывы тут зразумелыя, таму што пакрыўджаных уладаю ў нас любяць, — адзначае аналітык. — Таму зараз Казулін і Мілінкевіч, а ў іх прыкладна аднолькавы рэйтынг, — гэта два палітыкі, у якіх рэйтынг вышэйшы за ўзровень статыстычнае памылкі. А з іншага боку, мы бачым, што партыйная апазыцыя, лідэры кааліцыі, вольна ці міжвольна, але выціскаюць на пэрыфэрыю якраз найбольш яркіх дзеячаў, і зараз па-за гульнёй, я маю на ўвазе кааліцыю АДС, апынуліся і Мілінкевіч, і Казулін, якога статус “ганаровага старшыні БСДП”, вядома, не задавальняе.

Таму, не выключае экспэрт “Заўтра тваёй краіны”, тут будзе калізія інтарэсаў Казуліна і шэрагу партыйных лідэраў, у якіх ёсьць свае інтарэсы ўжо і на чарговую прэзыдэнцкую кампанію.

— Схліснуцца гэтыя інтерэсы, схліснуцца амбіцыі, і ў гэтым сэнсе афіцыйны кіраўнік, магчыма, меў рацыю, ведаў, пра што казаў, калі падкрэсьліваў, што вызваленьне Казуліна дадасьць галаўнога болю лідэрам тытульнай апазыцыі, — рэзюмуе Аляксандр Класкоўскі.

  • Оцени статью: