Адкрыццё ў Мінску амбасады Швецыі адкладваецца, але тут можа з’явіцца гандлёвы цэнтр IKEA

Прынцыповае рашэнне аб адкрыцці ў Беларусі паўнавартаснай амбасады Швецыі прынята, але гэта не можа быць здзейснена па фінансавых прычынах, паведаміў кіраўнік аддзялення амбасады гэтай дзяржавы ў Беларусі Стэфан Эрыксан на прэс-канферэнцыі, прысвечанай нацыянальнаму святу Швецыі, якое прыпадае на 6 чэрвеня. У той жа час, па словах дыпламата, Мінск мае шанц займець гандлёвы цэнтр IKEA.

Паводле спадара Эрыксана, усе партыі, якія прадстаўлены ў шведскім парламенце, згодныя з тым, што дыпламатычнай місіі ў Беларусі трэба надаць статус амбасады. “Аднак гэта наўрад ці магчыма ў бліжэйшы час па фінансавых прычынах”, -- сказаў дыпламат, спаслаўшыся на тое, што Міністэрства замежных спраў Швецыі мае праблему “структурнага дэфіцыту” і збіраецца скараціць амаль дзесятак сваіх замежных прадстаўніцтваў па ўсім свеце. "У такой сітуацыі цяжка прагназіраваць адкрыццё новай амбасады, але я спадзяюся, што гэтае пытанне будзе вырашана ", — паведаміў Стэфан Эрыксан.

Спадзяванні на вырашэнне гэтага пытання вынікаюць з таго, што ў сакавіку бягучага года ўрад Швецыі не толькі ўхваліў новую стратэгію па развіццю супрацоўніцтва з Беларуссю на 2007-2010 гады ў сферы падтрымкі дэмакратыі і правоў чалавека, культуры, адукацыі і навукі, экалогіі, аховы здароўя, але “мае намер павялічыць аб’ём фінансавання такіх праектаў па супрацоўнітве з Беларуссю”.

Тым часам па выніках першага кварталу 2007 года адзначана зніжэнне імпарту беларускай прадукцыі (большую частку якога складаюць нафтапрадукты) на 45%, а шведскага экспарту ў Беларусь – на 1%.

Закрануўшы тэму шведскіх інвестыцый у беларускую эканоміку, спадар Эрыксан адзначыў, што “грошы цякуць туды, дзе ў іх ёсць магчымасць памнажацца: будуць спрыяльныя умовы – шведскі бізнес прыйдзе ў Беларусь”. Па словах дыпламата, сусветна вядомая фірма IKEA разглядае пытанне аб магчымым адкрыцці гандлёвых цэнтраў не толькі ў Расіі, дзе іх дзейнічае ўжо шэсць, але і ў іншых постсавецкіх краінах. Праўда, толькі ў тых гарадах, дзе колькасць насельнікаў складае 1,5 мільёны. “Пад гэты крытэрый Мінск падпадае”, -- лічыць Стэфан Эрыксан. Беларусам засталося заахвоціць IKEA.

  • Оцени статью: