«Грамадзтва жыве ілюзіямі аб добрай савецкай адукацыі», — прафэсар Дунаеў

Старшыня грамадзкага Балёнскага камітэту Беларусі прафэсар Уладзімер Дунаеў адказвае на пытаньне, як беларускім чыноўнікам удаецца нічога не мяняць у адукацыі, падае нечаканыя факты пра зьмяншэньне колькасьці беларускіх і замежных студэнтаў і заяўляе, што Беларусь у адукацыі ўсё больш адстае ад Эўропы.

Уладзімер Дунаеў, Фота: Радыё Свабода

​Беларускія чыноўнікі кажуць, як двоечнікі — «мы вучылі», — але вынік сумны

— Беларусь ужо 3 гады як уступіла ў Балёнскі працэс — эўрапейскую прастору вышэйшай адукацыі. Мелася на ўвазе, што пасьля гэтага ў краіне пачнуцца рэформы ў адукацыйнай сыстэме. Але на гэты момант усім відавочна, што галоўныя акадэмічныя свабоды, прадугледжаныя Балёнскім працэсам, у беларускіх унівэрсытэтах так і не запрацавалі. Чаму так адбываецца?

— Задачы, якія ставіліся перад Беларусьсю пасьля ўступленьня ў Балёнскі працэс, тычыліся зьменаў у заканадаўстве. І хоць гэта зусім не такая складаная задача, як зьмяніць усю сыстэму адукацыі, Беларусь фактычна нічога ня выканала з сваіх абавязаньняў. Гэта тычыцца ня толькі акадэмічных свабодаў, але нават тых інструмэнтаў, якія вельмі нэўтральныя да палітычных ці ідэалягічных установак.

Мы падлічылі, што з 9 грамадзка значных задачаў пакуль ня выканана ніводнай. Беларускія чыноўнікі кажуць, як двоечнікі — «мы вучылі», — але вынік сумны.

— Якія гэта непалітычныя задачы, якіх Беларусь ня хоча выконваць?

— Гэта найперш так званая Балёнская архітэктура адукацыі, то бок пераход на тры ступені адукацыі, калі асьпірантура ўключаецца ў вышэйшую адукацыю. Гэта і дадатак да дыплёму, які падвышае ўзровень пазнавальнасьці беларускіх дыплёмаў. Беларусь яшчэ ў 2011 годзе паабяцала гэта зрабіць. Дасюль нічога няма. І няма новага Кодэксу аб адукацыі. Шэраг іншых рэчаў, інструмэнтаў, якія носяць чыста тэхнічны характар. Нельга казаць, што нічога ня робіцца — але вынікаў няма.

— А што беларускія афіцыйныя прадстаўнікі адказваюць на заканамерныя пытаньні — «вось вы ўступілі ў Балёнскі працэс, але нічога ня робіце»?

— Калі прымалі «дарожную мапу» (абавязаньні Беларусі на тры гады), то беларускія чыноўнікі казалі — «іншыя краіны па 20 гадоў у Балёнскім працэсе, а мы толькі ўступілі, і ад нас хочуць, каб мы нешта зрабілі». Але ж зьмяніць заканадаўства — гэта ж не патрабуе шмат часу, але ім трох гадоў не хапіла.

Цяпер Менск прыняў плян дзеяньняў на наступныя 3 гады, які фактычна паўтарае тое, што ўтрымлівалася ў «дарожнай мапе», што павінны былі зрабіць да 2018 году. Міністар выступае на саміце ў Парыжы, кажа, што Беларусь зьбіраецца ўводзіць Балёнскія пляны і прынцыпы — але калі вы паглядзіце на плян працы міністэрства, то там на гэты год няма ніводнага пытаньня, прысьвечанага Балёнскаму працэсу. То бок гэта такое крывадушша. І таму ня вельмі шмат шанцаў, што беларускі бок будзе добрасумленна выконваць свае абавязаньні.

— У сувязі з гэтым ці ня можа паўстаць пытаньне аб выключэньні Беларусі з Балёнскага працэсу?

— Балёнскі працэс пабудаваны так, што ён не прадугледжвае працэдуры выключэньня. Але некаторыя дастаткова прынцыповыя ўдзельнікі, такія, як Эўрапейскі зьвяз студэнтаў, ужо ставілі пытаньне аб прыпыненьні сяброўства Беларусі ў Балёнскім працэсе да тае пары, пакуль краіна не прадэманструе хоць якую пазытыўную дынаміку. Але ў асноўным краіны-ўдзельніцы зыходзяць з таго, што гэта ж патрэбна самой Беларусі. Навошта прымушаць яе рабіць для сябе лепш, калі сама краіна гэтага ня хоча?

Праблема ў тым, што краіны, якія ў 1999 годзе пачыналі Балёнскі працэс, цяпер ужо пачынаюць новае пакаленьне рэформаў — а Беларусь яшчэ не прыступала да папярэдняга. І мы ўсё больш адстаём ад Эўропы, а не набліжаемся да яе. І калі мы ня будзем рабіць неабходныя крокі, то будзем яшчэ больш адставаць.

— Пры гэтым кожны год зьяўляюцца паведамленьні, што шэраг беларускіх ВНУ падвышае кошты платнага навучаньня. Ці можна сказаць, што якасьць беларускай вышэйшай адукацыі адпавядае той цане, якую плацяць за яе беларускія студэнты?

— Патрэба ў платных студэнтах — гэта вынік недафінансаваньня нашай вышэйшай адукацыі. Унівэрсытэты вымушаныя любым коштам шукаць платных студэнтаў, каб проста ледзь зводзіць канцы з канцамі. Натуральна, ніякіх жорсткіх патрабаваньняў да іх не прад’яўляюць, бо гэтыя студэнты прыносяць грошы.

Але трэба адзначыць, што колькасьць платных студэнтаў скарачаецца, як і ўвогуле скарачаецца колькасьць студэнтаў. У 2010 годзе ў нас было 442 тысячы, а цяпер 284 тысячы студэнтаў. І гэтае зьмяншэньне ў значнай ступені — за кошт платных студэнтаў. Дарэчы, 2017 год быў першым годам, калі ў Беларусі зьменшылася колькасьць замежных студэнтаў, якія прыносяць грошы ў сыстэму адукацыі.

Калі на пачатку 2000-х гадоў у Беларусі на вышэйшую адукацыю трацілася 0,7 працэнта ад бюджэту, то цяпер — толькі 0,5 працэнта. Тым часам у Эўропе норма — каля 2 працэнтаў. То бок у нас вельмі сур’ёзная праблема зь фінансаваньнем, і гэта моцна ўплывае на якасьць. Пры даступнасьці вышэйшай адукацыі, якая ёсьць сёньня, і пры недафінансаваньні ня дзіўна, што якасьць цярпіць у першую чаргу.

— Даволі цікавая лічба — што ў Беларусі зьмяншаецца колькасьць замежных студэнтаў. Гэта сьведчыць пра тое, што ўжо і для кітайцаў, і для туркмэнаў беларускія ўнівэрсытэты не настолькі прывабныя?

— Так, менш стала студэнтаў з Кітаю, Расеі, Туркмэністану. Трошкі павялічылася плынь з Ірану. Беларусь прываблівае да сябе студэнтаў зь ня самых разьвітых краінаў, у той час калі моладзь з разьвітых краінаў не сьпяшаецца ехаць вучыцца ў Беларусь. Уступленьне ў Балёнскі працэс было такім маркетынгавым ходам, каб паказаць, што «мы прапануем эўрапейскую адукацыю».

Усяго замежных студэнтаў у Беларусі каля 5 працэнтаў — гэта трошкі ніжэй за той узровень, які быў у савецкі час.

— А чаму ўвогуле скарацілася колькасьць беларускіх студэнтаў? Якія тут прычыны? Скарацілася колькасьць ВНУ, беларусы больш актыўна сталі выбіраць замежную адукацыю?

— Перш за ўсё гэта зьвязана з дэмаграфіяй — скарачаецца колькасьць моладзі студэнцкага ўзросту. Скарачэньне колькасьці ВНУ не адбіваецца на колькасьці студэнтаў, бо ўнівэрсытэты ўзбуйняюцца. Магчыма, у нас надта шмат унівэрсытэтаў для нашай краіны.

Статыстыка паступленьня ва ўнівэрсытэты

Доля беларускіх студэнтаў, якія вучацца за мяжой, застаецца прыблізна аднолькавай апошнія гады, хоць колькасьць зьменшылася. Быў час, калі было каля 40 тысяч, а цяпер 26 тысяч. Што зьмянілася — радуе, што зьменшылася колькасьць студэнтаў, якія едуць вучыцца ў Расею. Іх доля зьменшылася з 73 да 60 працэнтаў. У той жа час павялічылася доля студэнтаў, якія навучаюцца ў Польшчы — з 5 да 17 працэнтаў. То бок адбываецца пераразьмеркаваньне на карысьць Захаду, якое можна разглядаць як выбар эўрапейскай адукацыі.

Грамадзтва жыве ілюзіямі, што калісьці была добрая савецкая адукацыя

— На пачатку размовы вы казалі пра нежаданьне беларускіх чыноўнікаў рабіць усе тыя неабходныя рэформы і зьмены, якія патрэбныя ў вышэйшай адукацыі. У чым вы бачыце галоўную прычыну гэтага? Ці неразваротлівасьць сярэдніх чыноўнікаў, ці ўстаноўка зьверху? Чыноўнікі адчуваюць стаўленьне кіраўніка дзяржавы, які душой і шматлікімі заявамі прыхільны да савецкай сыстэмы адукацыі?

— Безумоўна. Дае сябе знаць адсутнасьць палітычнай волі на ўзроўні вышэйшай улады. Стаўленьне да гэтых рэформаў з боку прэзыдэнта супярэчлівае, я б сказаў — нават нэгатыўнае. Не хапае кампэтэнцыі і ў саміх кіраўнікоў галіны — пра гэта сказана і ў справаздачы групы міжнародных экспэртаў.

І галоўнае — няма сур’ёзнага грамадзкага запыту на радыкальныя рэформы. Грамадзтва жыве ілюзіямі, што калісьці была добрая савецкая адукацыя, і калі мы нічога ня будзем мяняць, а будзем захоўваць старое — у нас усё будзе добра.

Увесь гэты комплекс праблем і адбіваецца на тэмпах мадэрнізацыі нашай адукацыі. Хоць грошы зачастую ёсьць. Мала хто ведае, што Беларусь у наступным годзе атрымае 50 мільёнаў даляраў на мадэрнізацыю вышэйшай адукацыі ад Сусьветнага банку. 50 мільёнаў ужо было атрымана на мадэрнізацыю сярэдняй школы. У асноўным яны пайшлі на «рамонт дахаў». Спадзяюся, грошы, якія дадуць на вышэйшую адукацыю, пойдуць ня толькі на рамонт дахаў.

  • Оцени статью:
  • Проголосовало: 6
  • Балл: 4.2