Павел Белавус: «Раней усе думалі, што мець сцяг – страшна. Мы пачалі выпраўляць сітуацыю»

Як у Беларусі адбылася ціхая рэвалюцыя «вышымаек», а адзенне з выявай «Пагоні» апынулася на піку моды.

Як у Беларусі адбылася ціхая рэвалюцыя «вышымаек», а адзенне з выявай «Пагоні» апынулася на піку моды, у інтэрв’ю праекту «Бізнес і краіна» расказаў адзін з арганізатараў масштабнага свята «БНР-100», якое адбылося ў цэнтры Мінска 25 сакавіка, а таксама ініцыятар праекту «Арт сядзіба» і крамы Symbal.by – Павел Белавус.

– Шмат хто прыемна здзіўлены тым, як было арганізавана святкаванне 100-годдзя БНР. Што здзівіла вас як арганізатара?

– Здзівіла сапраўды вялікая падтрымка з боку людзей. У нас было няшмат часу – толькі месяц, каб арганізаваць гэтае мерапрыемства. Але пасля таго, як стала вядома, што мы атрымалі дазвол, каласальная колькасць людзей пачала пісаць – усе пыталіся, чым дапамагчы?

Рэальна была сітуація, калі мы не маглі прыдумаць, што прасіць у людзей, бо іх было вельмі шмат. Нават, калі мы аб’явілі збор сродкаў, атрымалася, што ў гісторыі Беларусі гэта быў самы шматлюдны краўдфандынг: не па сумме, а па колькасці ўдзельнікаў. Толькі на святкаванне ў Мінску больш за тысячу людзей ахвяравалі грошы. І мы рэальна закрылі ўсе выдаткі.

– Наколькі ваш бізнес-досвед дапамог вам у арганізаціі свята?

– Гэта сапраўды дапамагло, бо мы з аднаго боку ўжо мелі досвед арганізацыі вялікіх камерцыйных мерапрыемстваў, а з іншага – дзейнічалі ў межах вызначанага бюджэту, што таксама патрабавала пэўнага бізнес-падыходу. Таксама менавіта ён дазволіў нам сабраць яшчэ каля 15000 рублёў ад бізнесу, які вырашыў узяць удзел у якасці партнераў мерапрыемства – усе яны таксама атрымалі пэўнае прасоўванне сваіх брэндаў праз свята.

Дарэчы, гэта тычыцца і Symbal.by – больш людзей даведалася пра нашу краму, убачыла, што там ёсць нацыянальная сімволіка.

Ці былі прадстаўнікі бізнесу, якія адмовіліся браць удзел у мерапрыемстве?

– Так, былі пэўныя перастрахоўкі з боку некалькіх кампаній, у асноўным з дзяржаўным капіталам. Яны вагаліся – удзельнічаць ці не?

Быў нават цікавы досвед с сеткай рэстарацый «Лідо», калі горад ім рэкамендаваў удзел у мерапрыемстве. Але мы ад іх самі адмовіліся, таму што на свяце ў зоне фудкорта была малая плошча – і яны са сваім вялікім павільёнам туды нават не ўмяшчаліся. Таму мы аддалі перавагу дробным кропкам, якія па выніках мерапрыемства і добра зарабілі, і атрымалі карысны досвед.

Ці расце колькасць кампаній, якія гатовыя падтрымліваць такія буйныя нацыянальныя мерапрыемствы пад бел-чырвона-белым сцягам?

– Візуальна бачна, што такіх бізнесаў становіцца больш, нават па беларусізацыі брэндаў. Мы бачым, што такія вядомыя кампаніі, як Samsung, Velcom, А-100 актыўна выкарыстоўваюць беларускую мову.

Яшчэ былі цікавыя кампаніі ад «Мегатопу», «Лідскага піва» – амаль кожны дзень я бачу прыклады, як буйныя брэнды ў свае маркетынгавыя кампаніі ўкараняюць элементы беларускасці: змена слогану на беларускамоўны ці афарбоўка лагатыпа ў нацыянальным стылі.

Гэта працуе ў плюс бізнесу. Можна зрабіць выснову, што беларуская мова і нацыянальныя сімвалы становяцца элементамі віруснага прасоўвання. І гэта вельмі добра.

Давайце ўзгадаем той момант, калі вы вырашылі заснаваць краму Symbal.by. Раней распаўсюд нацыянальнай сымболікі можна было лічыць чым заўгодна, але ж не камерцыяй. Чаму вы вырашылі рабіць гэта менавіта як бізнес-праект?

– Асабіста для мяне спрацавалі некалькі фактараў. Першы – гэта досвед. На той момант мы займаліся «Арт сядзібай» ужо некалькі гадоў – у асноўным праводзілі грамадскія праекты: за наданне бел-чырвона-беламу сцягу статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці, у падтрымку беларускай мовы, фестывалі… І працуючы ў гэтай сферы, мы бачылі, што ёсць запатрабаванасць у нацыянальнай прадукцыі, але няма прапановы.

Усе ведалі, што за вышыванкай трэба ісці ў «Лянок», за сцягам – у сядзібу БНФ, дзе табе цішком яго нехта можа прадаць. З’явілася ідэя сабраць у адным месцы тое, што людзі хочуць, але не могуць атрымаць: цішотку з «Пагоняй», сцяг, значак, бел-чырвона-белую стужку.

Першы асартымент у нас быў каля 10-20 прапаноў, а сёння, праз чатыры гады, ў нас ужо больш за тысячу тавараў ёсць на сайте.

Зараз людзі ўжо самі ідуць на нас з прапановамі і таварамі, а мы нават фільтруем, што мы будзем прадаваць, а што не. Прыходзяць тыя ж рамеснікі, дзяржаўныя прадпрыемствы…

– Як вы здолелі пашырыць так званае кола свабоды – тых людзей, якія не баяцца набываць і насіць рэчы з нацыянальнымі сымбалямі?

– Узяць прыклад бел-чырвона-белага сцягу. Раней усе думалі, што мець сцяг – гэта страшна. Што цябе могуць затрымаць і нават на суткі пасадзіць. Некаторым нават у шафе на самай ніжняй паліцы было страшна трымаць сцяг.

Таму мы пачалі выпраўляць сітуацыю. І сказалі: так, мы прадаем бел-чырвона-белыя сцягі, але мы прадаем не сцяг апазіцыі, а першы дзяржаўны сімвал Беларусі.

І сітуацыя пачала змяняцца. Зараз мы разам з дэпутатам Ганнай Канапацкай запускаем кампанію, каб прыняць законапраект аб статусе першага дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь. Усе гэта дапамагае паказаць, што ўсе нацыянальнае – гэта не элементы апазіцыйнасці, а галоўныя каштоўнасці Беларусі як краіны.

Паглядзіце, што адбылося з беларускім арнаментам. Мы запусцілі акцыю «Беларуская стужка» і сказалі – вось ёсць арнамент, які прысутнічае на нацыянальнай сымболіцы, ёсць колеры гэтага арнаменту – белыя і чырвоныя. У выніку нарадзіўся фестываль «Дзень вышыванкі», увайшлі ў моду вышымайкі – і мы атрымалі адзін з масавых элементаў прыналежнасці да Беларусі.

Азірніцеся – і вы пабачыце, што зараз арнамент паўсюль: і ў рэкламе, і ў аздабленні прадукцыі ў крамах, і на адзенні. Мяне гэта вельмі радуе.

Ніша, якую вы выбралі – гандаль рэчамі з нацыянальнай сымболікай – вельмі цікавая. Але ж асабіста мне здаецца, што гэта максімум праца для малога бізнесу. Ці ёсць у вас планы замахнуцца на нешта вялікае і ператварыць свой бізнес у буйную кампанію?

– Стартавы капітал Symbal.by – гэта у лепшым выпадку 1000 даляраў. На гэтыя грошы мы зрабілі сайт і вырабілі першы асартымент. Увесь час усё, што зарабляем, мы ўкладаем у далейшае развіцце.

Напрыклад, той жа сайт мы плануем ператварыць у якасны партал, стараемся зрабіць эталонную інтернэт-краму – вельмі зручную ў карыстанні. Мы развіваем дастаўку па ўсім свеце, каб любы беларус, знаходзячыся ў іншай краіне, мог зрабіць замову і атрымаць тавар.

Таксама мы ствараем сваю паўнавартасную офлайн-краму на Машэрава, 18, куды можна прыйсці і атрымаць замову, выбраць нешта, не заходзячы на сайт. Мы будзем прасоўваць гэтую кропку, як адну з галоўных турыстычных крамаў у Мінску для тых, хто хоча набыць сувенір з беларускім каларытам.

На рэгіёны выходзіць мы пакуль самі не гатовыя, але за нас гэта актыўна робяць ініцыятыўныя прадпрымальнікі, якія з нашым асартыментам ствараюць свае крамы. Напрыклад, у Мінску гэта крама «Мой модны кут», крама «Дарэчы», у Баранавічах гэта крама «Росквіт», у Брэсце і Віцебску гэта «Князь Вітаўт», у Гомелі – «Мроя», а таксама спадзяемся, што хутка з’явіцца крама ў Магілеве.

Наш праект «Бізнес і краіна» распавядае, як бізнес, нават у сеняшніх беларускіх умовах можа змяняць краіну да лепшага. Ці верыце вы ў такую магчымасць? І што беларускі бізнес можа зрабіць карыснага для Бацькаўшчыны?

– Я думаю, што ў нас не хапае бізнесу з пазіцыяй. Так, шмат хто добра працуе, зарабляе грошы – і нават калі мае свае меркаванне, проста не выказвае яго. Такіх бізнес-лідэраў з адкрытай грамадскай пазіцыяй як Юрый Зісер, які выступіў на нашым святкаванні, пакуль не хапае. Вельмі важна, каб яны не баяліся падтрымліваць нацыянальные праекты – такія, як «Арт сядзіба».

Калі гэта будуць не аднаразовыя выпадкі, а шырокі ўдзел, гэта і будзе мяняць краіну.

Павел Белавус прыдумаў для свята 25 сакавіка новую назву і пачынае кампанію па прызнанні яго дзяржаўным

  • Оцени статью:
  • Проголосовало: 1
  • Балл: 5