Зробім нашу краіну лепшай

Пераможцы конкурсу праектных ідэй “Разам да справы!” вызначаныя.

У траўні грамадская культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі!” і Школа маладых менеджараў публічнага адміністравання SYMPA ў межах праграмы “Разам да справы!” абвясцілі конкурс праектных ідэй па ўсёй Беларусі.

Да ўдзелу ў конкурсе былі запрошаныя ўсе, хто займаецца паляпшэннем грамадска-культурніцкай і сацыяльнай прасторы ў сваім населеным пункце або рэгіёне і спрыяе паглыбленню супрацоўніцтва паміж рознымі супольнасцямі.

На конкурс былі дасланыя 46 праектаў з усіх куткоў Беларусі, прычым не толькі з гарадоў, але і з невялікіх вёсак і мястэчак. Арганізатары выказваюць шчырую падзяку за такую актыўнасць і гатоўнасць прыкласці высілкі дзеля супольнай карысці!

Экспертная рада ўважліва пазнаёмілася з кожнай дасланай заяўкай, менавіта таму праца па вызначэнні пераможцаў трошкі зацягнулася. Вызначыць пераможцаў аказалася зусім не проста нават для спрактыкаваных у гэтым адмыслоўцаў, бо кожная ідэя – не толькі цікавая і арыгінальная, а яшчэ і практычна карысная. Таму абараць пераможцаў было складана.

Перамаглі праекты, якія найбольш адпавядалі ўмовам конкурсу. Вось спіс васьмі пераможцаў конкурсу:

1. “Медыя Інкубатар” ад Аляксандра Лазарава з Інфармацыйнага праекта “Магілёў Live”.

2. Дзе жыве берасцейскі мадэрнізм” ад Ірыны Мароз, Алены Каховіч, Валянціны Туры, Алега Малейкі, Яўгена Шчарбача.

3. “Свята ў кожнае сэрца” ад Таццяны і Дзмітрыя Ламейкаў.

4. “Адраджэнне малой радзімы сіламі супольнасці мясцовых жыхароў у Шчорсах” ад Ганны Булды з Мясцовага культурна-асветніцкага фонду "Шчорсы і Храптовічы".

5. “Дасведчаны Мінск!” ад Марыі Лукашук з Сацыяльна-творчай установы “Цэнтр развіцця эфектыўнай камунікацыі “Жывая Бібліятэка”.

6. “Стоп-кадр” ад Марыі Бразінскай з АБА "Гродзенскі дзіцячы хоспіс".

7.“Як гэта любіць” ад Ясі Каралевіч-Картэль, рэдактаркі сайта CityDog.by.

8. Свята вёскі “Гарбузы ў Новым Полi” ад ініцыятывы вёскі Новае Поле.

Таксама экспертная рада адзначыла як вартыя ўвагі і рэалізацыі наступныя добра распрацаваныя праекты: Школа лідараў “Спеўнага сходу” ад Сержука Доўгушава; Беларуска-польскі фестываль “Роварам паўсюль” ад Марыны Чыж з Інфармацыйна-асветніцкай установы “За велаБрэст”; Распрацоўка, уладкаванне і папулярызацыя новага турысцка-экскурсійнага маршрута “Прыродна-гістарычны комплекс “Крыжоўкі” ад Ігара Пракаповіча з краязнаўчага гуртка Пастаўскай гімназіі “Terra incognita”; Славутасці і таямніцы Стаўбцоўшчыны: захаванне спадчыны і развіццё турыстычнага патэнцыялу рэгіёна ад Міхаіла Мацкевіча, Паўла Савіцкага, Канстанціна Нашчынца, Ігара Іванова, Змітра Савельева; Вулічны фестываль “#Берасце_999” ад Дзмітрыя Шыманскага з Агенцтва рэгіянальнага развіцця “Дзедзіч”; “Networking: Change Makers” / “Сустрэчы неабыякавых” ад Марыны Штрахавай, Андрэя Аляксандрава, Таццяны Вадалажскай, Івана Краўцова, Сяргея Казлоўскага.

Не чакаючы абвяшчэння наступнага конкурсу, свае ідэі можна прадставіць на Кірмашах праектаў, якія кампанія “Будзьма беларусамі” рэгулярна ладзіць у розных мясцінах Беларусі. Сачыце за абвесткамі на сайце, удзельнічайце самі, распавядайце сябрам! Мяняйце да лепшага месца, дзе вы жывяце, ужо цяпер! Не заставайцеся ўбаку і далучайцеся да агульнай справы. Давайце разам зробім нашу краіну лепшай!

  • Оцени идею: