Аркадзь Бабчанка на Свабодзе. Думкі пра Беларусь

Забіты ў Кіеве ваенны карэспандэнт Аркадзь Бабчанка быў частым госьцем свабодаўскіх эфіраў. Мы зрабілі падборку ягоных камэнтароў на беларускую тэматыку за апошнія гады.

Аркадзь Бабчанка

Пра пастаўкі расейскіх комплексаў С300 беларускаму войску

«Супраць каго накіраваныя комплексы С300? Мне здаецца, што і ў Маскве, і ў Менску, безумоўна, рыхтуюцца да лібійскага ці сырыйскага варыянту. Вось гэта адназначна. То бок прынамсі тут, у Расеі, яны разумеюць, што зямля пад імі захісталася, што Сырыя тут цалкам становіцца магчымай, бо чым далей у часе, тым бліжэйшая Расея да грамадзянскай вайны. І яны, натуральна, хочуць абараняцца ад гэтага. Ну, і Лукашэнка, зразумела, таксама. А калі ў іх адзіныя страхі і мэты, то вайсковае супрацоўніцтва — найперш. Вайсковае супрацоўніцтва адназначна будзе заставацца і пашырацца. Уласна кажучы, самае вялікае спадзяваньне ў Расеі ў гэтым выпадку будзе, вядома, на Беларусь. А ў Беларусі — на Расею».

Пра швэдзкі плюшавы дэсант і дзіравую супрацьпаветраную абарону

«Ну вядома, „фальшыўка“, хто б сумняваўся... Паводле іхнай лёгікі, гэта ўсё зьнята на падпольных кансьпіралягічных кватэрах у Дзярждэпе і разьмешчана на кантраляваных амэрыканцамі сэрвэрах YouTube. А таму няпраўда. Безумоўна, улады хочуць прадэманстраваць, што гэта яны маюць рацыю, а ўсё іншае — прыдумкі ворагаў, праплочаныя Вашынгтонам. А яшчэ, відавочна, Польшча плаціць ды Літва — мяркуючы па затрыманых „шпіёнах“. Поўны абсурд, іншых слоў няма. У вас свае ворагі, у нас свае. І вось мы разам аб’яднаемся і будзем змагацца супраць гэтых праклятых ворагаў, якія нас акружылі і прылятаюць сюды на сваіх самалётах, скідваюць на нас плюшавых медзьведзянятаў. Проста абсурд. Апроч як са сьмехам ці з гістэрыкай пра гэта ўсё разважаць папросту немагчыма».

Пра рэанімаваныя савецкія сымбалі на армейскай тэхніцы

«У мяне ўвогуле такое адчуваньне, што мы тут у Расеі (не магу казаць за Беларусь, бо магу памыляцца ў суб’ектыўнай ацэнцы сытуацыі) вельмі імкліва скочваемся ў часы СССР. Прычым ня проста ва ўмоўныя 1970–1980-я, а ў эпоху гэткага махровага сталінскага СССР. І такі адкат назіраецца практычна па ўсіх пазыцыях. Жывучы ў Расеі, вельмі дакладна адчуваеш, што тая ж рыторыка з высокіх трыбунаў пайшла чыста сталінская. Зноў чуюцца словы пра ўсясьветную змову, агентаў, шпіёнаў, замежных наймітаў. Як лягічны вынік, дагаварыліся ўжо да ворагаў народу. Таму чаго зьдзіўляцца, што паступова вяртаюцца і сымбалі таго часу? І Беларусь, дарэчы, тут не выключэньне — у вас гэтаксама ловяць шпіёнаў, гавораць пра натаўскую пагрозу ды сумуюць па СССР».

Пра глябальную авантуру Расеі і маральную перамогу Ўкраіны

«Ну што... Сытуацыя, падобна, усё ж такі выходзіць за рамкі лякальнага маразму і прамым ходам рухаецца ў бок маразму глябальнага. Я думаю, што ў дзярмо такога маштабу мы ня ўвязваліся нават у Аўганістане. Зь Віетнамам хіба што можна супаставіць. Калі сытуацыя ня спыніцца ці не замарозіцца ў найбліжэйшыя ж дні, то кошт загінулых неўзабаве ўжо пойдзе на дзясяткі тысяч. У нейкай ступені супакойвае толькі адно — гэта будзе апошняя вайна для Мордара. Пасьля яе ён перастане існаваць. А Ўкраіна пераможа, гэта нават не абмяркоўваецца».

Пра магчымасьць крымскага сцэнару для Беларусі

«Апошнім часам кажуць, што наступнай пасьля Ўкраіны будзе не Прыднястроўе, а Беларусь. Адкуль гэтае меркаваньне ўзялося, я ня ведаю, але яно даволі папулярнае. Анэксія Крыму для мяне таксама стала шокам. Але цяпер думаю, што палітыка разьвівалася ў гэты бок. Расея перайшла на імпэрскі вэктар разьвіцьця: захоп і далучэньне земляў, якія ўвогуле ёй задарма не патрэбны. Увесь сэнс імпэрыі ў тым, каб яна пашыралася. І каб Уладзімір Пуцін змог утрымаць сваю ўладу, яму давядзецца пашыраць імпэрыю. І гэта нарэшце прывядзе да вайны. Калі гэта здарыцца — праз тыдзень ва Ўкраіне, праз два гады ў Малдове ці празь пяць гадоў у Беларусі — я ня ведаю. Скончыцца гэтая палітыка можа толькі адным — вайной. І гэтая вайна, я баюся, будзе апошняй, Расея ў цяперашніх межах спыніць сваё існаваньне. Мы ўваходзім у фінальны этап развалу краіны».

Аркадзь Бабчанка нарадзіўся 18 сакавіка 1977 году ў Маскве. Прайшоў дзьве чачэнскія вайны на баку Расеі, у першай удзельнічаў, калі праходзіў тэрміновую службу, падчас другой ваяваў кантрактнікам. Пасьля звальненьня ў запас стаў ваенным карэспандэнтам падчас вайны ў Паўднёвай Асэтыі.

Супрацоўнічаў з «Московским комсомольцем», НТВ, «Первым каналом», ТВЦ, «Новой газетой» ды іншымі выданьнямі. Напісаў некалькі кніг пра вайну. Быў у апазыцыі да расейскіх уладаў. У 2012 годзе быў фігурантам крымінальнай справы аб закліках да масавых беспарадкаў за публікацыю паста аб акцыях «За честные выборы». Выказваўся ў падтрымку Ўкраіны ва ўзброеным канфлікце на Данбасе. Летась зьехаў у Кіеў пасьля цкаваньня за выказваньне аб тым, што ён ня мае спачуваньня ахвярам зьбітага самалёта з расейскімі вайскоўцамі ў Сырыі.

  • Оцени статью:
  • Проголосовало: 2
  • Балл: 2.5