Артыкул 193.1 улады хочуць скасаваць. Чаму не радуецца грамадзянская супольнасць?

Што дрэннага ў тым, што замест крымінальнай адказнасці ўводзіцца адміністратыўная, тлумачыць юрыст Асамблеі НДА Юрый Чавусаў.

Юрый Чавусаў

Улады выключаюць з Крымінальнага кодэксу артыкул 193.1 — «Незаконная арганізацыя дзейнасці грамадскага аб'яднання, рэлігійнай арганізацыі ці фонду або ўдзел у іх дзейнасці». Адпаведны законапраект унесены Саветам Міністраў у парламент.

— Нарэшце абяцанні ўладаў пра магчымае скасаванне артыкулу 193.1, якім ужо хутка будзе 10 гадоў, атрымалі хоць нейкае дакументальнае пацвярджэнне. Гэта перамога супольных высілкаў беларускай грамадзянскай супольнасці, якая дамаглася таго, каб артыкул 193.1 быў адной з асноўных прэтэнзіяў да беларускіх уладаў у сфэры правоў чалавека, — піша Юрый Чавусаў на сайце Асамблеі НДА.

Замест крымінальнай адказнасці ўводзіцца адміністратыўная: кодэкс аб адміністратыўных правапарушэннях прапануюць дапоўніць артыкулам 23.88, які прадугледжвае адміністратыўную адказнасць — штраф да 50 базавых адзінак за дзейнасць у складзе незарэгістраваных грамадскіх аб'яднанняў (у тым ліку палітычных партыяў), фондаў і рэлігійных арганізацыяў. Прымаць рашэнні па такога кшталту правапарушэннях будуць упаўнаважаныя органы юстыцыі і міліцыя.

На думку юрыста, змягчэнне адказнасьці за дзейнасць у складзе незарэгістраваных арганізацыяў, замена крымінальнай адказнасці на адміністратыўную — гэта рух у слушным напрамку, які варта вітаць. Але самая забарона на дзейнасць незарэгістраваных арганізацыяў застаецца — і гэта не можа не выклікаць трывогу. Неабгрунтаваныя адмовы ў рэгістрацыі грамадскіх аб'яднанняў па-ранейшаму з’яўляюцца распаўсюджанай практыкай у Беларусі.

— Магчыма, улады цяпер адрапаратуюць у міжнародныя арганізацыі пра паляпшэнне становішча няўрадавых арганізацыяў, але насамрэч будуць больш шырока ўжываць прыцягненне да адказнасьці актывістаў незарэгістраваных арганізацыяў, караючы іх штрафамі. Умоўна кажучы, па палітычных матывах улады былі вымушаныя апошнія дзесяць гадоў не выносіць прысудаў па крымінальным артыкуле 193.1, а ў сэнсе ўжывання адміністратыўнай адказнасці яны могуць дзейнічаць больш вольна. Магчыма, цяпер замест звыклых папярэджанняў актывістам і лідэрам незарэгістраваных аб'яднанняў будуць паступаць пастановы пра штрафы. Ускосна пра гэта сведчыць аднясенне гэтай катэгорыі правапарушэнняў да кампетэнцыі міліцыі і органаў юстыцыі — яны тут будуць абыходзіцца нават без судовага разгляду, — адзначае Юрый Чавусаў.

Юрыст лічыць, што калі б улады Беларусі сапраўды хацелі прывесці нацыянальнае заканадаўства ў адпаведнасць зь міжнароднымі стандартамі свабоды асацыяцыяў — трэба было б не толькі скасаваць артыкул 193.1, але і цалкам выдаліць з закону «Аб грамадскіх аб'яднаньнях» забарону на дзейнасць без рэгістрацыі.

Па словах экспэрта, прававы статус незарэгістраваных аб'яднанняў цяпер вяртаецца да таго фармату, які быў у пэрыяд 1999-2005 гадоў, да ўвядзення артыкула 193.1: іх дзейнасць будзе заставацца пад забаронай.

Артыкул 193.1 быў уведзены ў Крымінальны кодэкс у 2005 годзе напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў. Згодна з ім удзел у дзейнасці грамадскага аб'яднання, якое не мае дзяржаўнай рэгістрацыі, цягне за сабой пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін да двух гадоў.

Крымінальныя справы па артыкуле 193.1 узбуждаліся ў асноўным у 2005-2008 гадах. Вядома як мінімум пра 18 асуджаных па гэтым артыкуле — гэта сябры ініцыятывы па назіранні за выбарамі «Партнэрства», актывісты Маладога Фронту, РНЕ. Істотна, што для наяўнасці складу злачынства па гэтым артыкуле не мае значэння характар дзейнасці арганізацыі, ён можа не несці ніякай грамадскай небяспекі або нават быць карысным для грамадства — сам факт сяброўства ў незарэгістраваным аб'яднанні кваліфікуецца як злачынства. Распаўсюджанай практыкай былі папярэджанні актывістам незарэгістраваных арганізацыяў з боку пракуратуры ці КДБ з пагрозамі прыцягнення да крымінальнай адказнасці, калі тыя не спыняць дзейнасць у складзе незарэгістраванай арганізацыі.

Праект закона Рэспублікі Беларусь «Аб змяненні некаторых кодэксаў Рэспублікі Беларусь» апублікаваны на Нацыянальным прававым Iнтэрнэт-партале.

  • Оцени статью:
  • Проголосовало: 1
  • Балл: 3