«А ў снежні ідзеш у «Карону» па аргентынскую бульбу. Ганарлівы чалавек з аграрнай краіны»

Віктар Марціновіч пра тое, як арганізаваная праца беларусаў на зямлі.

Асноўная парада такая: калі вас запрасілі «ў госці» на вёску ці да сяброўскіх родзічаў да лецішча; калі вы прыехалі і пабачылі, што мангал халодны, а на градах вошкаюцца тры апранутыя ў рыззё постаці – лепей адразу хапайце рыдлёўку і пачынайце капаць. Няважна, што. Важна як: хутка!

Ці шукайце якую матыку і сячыце дзірван па ўскрайках сотак. Вас абавязкова паправяць. Вылучаць работу. Запрагуць. На гэтым этапе галоўнае паказаць, што вы не гультай, не гарадскі абібок. Бо калі вы пасядзеце ў цяньку і пачняце посціць фоты каларадскіх жукоў у Instagram, тыя маўклівыя постаці з градаў раззлуюцца і дадуць вам такую работу, ад якой храсне ваш хрыбетнік.

Адкрыю вам страшэнную таямніцу. Ніякіх “гасцёў” у вёсцы не бывае. Калі вас прызвалі сюды, на сяло, дык не для таго, каб кульнуць чарачку і паглядзець чорна-белыя фоты дзядоў. То бок гэта таксама магчыма. Пасля захаду. Калі сілы застануцца. Але ў вас сілаў не застанецца гарантавана. Бо вы ж кволы. Вы ж з горада. Вас гэтыя нагрузкі заб’юць яшчэ да абеду.

Тое самае з лецішчам. Вы думаеце, ім шашлычкоў хочацца пажэрці? Калі беларусам хочацца пажэрці шашлычкоў – яны культурненька ідуць у парк Горкага і замаўляюць там смажаную свіняціну з кекчупам з папяровых талерачак. Запрашэнне на лецішча – гэта заўсёды праверка зямлёй. Як з іншымі сакральнымі тэстамі, пра якія я згадваў, калі кранаў тэму ядзення сала, тут важна не схібіць. Бо можна на ўсё жыццё застацца трутнем у вачах у гэтых людзей.

Як арганізаваная праца беларусаў на зямлі?

Першы прынцып. Тут заўсёды ёсць брыгадзір. Звычайна гэта найстарэйшы чалавек, які ведае самыя выкшталцоныя мацюкі. Паспрабуйце раззлаваць брыгадзіра, і вы пабачыце імперскі крэйсер Дарта Вейдэра, выраблены з рускіх, польскіх, украінскіх, палескіх, валахскіх і італьянскіх выслоўяў, прыпраўленых жэстамі, якія абразяць нават іншапланецяніна. Цікавая падрабязнасць: у большасці выпадкаў брыгадзір – жанчына. Тут можна было б напісаць аповесць пра тое, як танюткія прыгажуні з васільковымі вачыма робяцца брыгадзірамі, рык якіх можа прыхіліць да градаў нават вейпера. Праз якія жыццёвыя выпрабаванні і пакуты. Але аповесць я пісаць не буду, скажу толькі пра адрозненне брыгадзіра ад старшага менеджара ў офісе. Адрозненне ў наступным: менеджар, як той злодзей у законе, ніколі не працуе сам. Ён толькі аддае каманды і прымае вынік. Брыгадзірка ж аддае каманды, вызначае сектар скіроўвання высілкаў рабоў, мацюкаецца, пагражае – не разгінаючыся і не прымаючы рук ад разораў.

Таму ні ў каго з брыгады не ўзнікае пытання, чаму жыццё калектыву падпарадкоўваецца гэтай сівой старой, якая, магчыма, даўно выжыла з розуму. Любы Акела можа кінуць ёй выклік. Стань побач ды паспрабуй прапалоць бурак з яе хуткасцю. Яна прыпусціць наперад, апрацоўваючы тры грады (а не адну, як ты!), і бацвінне паляціць у бакі, як адоленыя оркі пры калектыўнай атацы ў World of Warcraft.

Другая адметнасць працы на зямлі ў тым, што яна абсалютна сізіфава. Яе немагчыма выканаць. Яе магчыма толькі павыконваць. За што б ты тут ні браўся: пырсканне ад жука, праполка, саджанне бульбы – усё роўна жук насядзе новы, пустазелле нарасце і будзе больш мясісты і жвавы, чым капустка, якую мусіла зберагчы праполка, а пакідаўшы бульбу ў глебу, ты абавязкова даведаешся, што “гэта шчэ не ўсё” (ключавое слова пра беларускую работу). Бо хутка трэба будзе браць пляшку сэма, ісці да Пятра па каня і на тым кані баранаваць участак, бо без баранавання бульбе прыйдзе кабзда (брыгадзірка ўжыве больш перчаны выраз, узнавіць які мне не дазваляюць 10 класаў школы, 5 гадоў універа, аспірантура і абарона доктарскай).

Работу немагчыма выканаць. Яна не мае канца. Ты працуеш, пакуль не ўпадзеш ці пакуль не зробіцца цёмна. Пасля – стакан мутнага, халодная бульбіна з патэльні са скваркамі – і спаць. Бо заўтра брыгадзірка затопіць у печы а чацвёртай, а ў шэсць ты ўжо будзеш мачыць боты расой на разорах. Тыдзень такога жыцця – і заўважаеш, што табе нецікава гартаць нават напалову раздзёрты на распал печы зборнік твораў Віталя Біянкі. Які быццам таксама вось пра гэта: пра адвечнае змаганне людзей з джунглямі і прыродай. Бо няма сіл. Лепей паляжаць. І перамовіцца з ложка на ложак пра тое, што Шкуціха са сваёй пенсіяй зрабіла.

Беларусы мала чытаюць? Во пажывіце так лета, а потым пагаворым пра чытво.

Невыканальнасць работы на зямлі прадвызначае трэцюю адметнасць: бясконцае пашырэнне кола рабоў. “Сям’я” – гэта колькасць жывой сілы, якую можна прызваць на вясновую бульбяную мабілізацыю. Гэта, ведаеце, як “Гербалайф”: устаў на грады сам – прывядзі трох сяброў. І толькі не думайце, што з трыма сябрамі ў работы з’явіцца абсяжны канец! Не! Тады брыгадзір скамандуе павялічыць плошчу градаў!

Ты можаш быць тройчы Максімам Багдановічам, пісаць санеты і сплятаць іх у чароўныя вянкі. Ты можаш зарабляць на жыццё падрыхтоўкай аглядаў літаратуры, называць іх “Глыбы і слаі”, стрыгчы ногці і насіць маднявыя (ужываю гэтае слаўцо, каб пазлаваць Максіма Жбанкова) вусікі. Але потым абавязкова з’явіцца Ганна Какуева, якая сама, канечне, такая муза і піяністка, але ў яе ёсць родзічы, а ў іх – дзялянка з трускалкамі. Ну і панеслася! Гамзда манікюру!

Чацвёртая адметнасць спрадвечнай беларускай працы ў тым, што яна не толькі невыканальная, але шмат у чым яшчэ і бессэнсоўная. Ты можаш два тыдні гарбаціцца, ставячы новы драўляны плот. Які праз пяць гадоў паваліцца, бо сасоннік спарахнее. Дубовыя слупкі на рагах застануцца, але штыкетнік трэ перакладаць. Сталёвы плот? Каменны дом? З дахоўкай, якую не трэба мяняць кожныя пяць гадоў? Не, гэта не па-нашаму. Усё мусіць быць як разметка на беларускіх дарогах: танна, летуценна, узнаўляльна. Бо інакш рассыплецца ўся сацыяльная выбудова. Інакш атрад рабоў зможа палегчы на канапы. Што падумаюць суседзі?

Ты можаш капаць гэты чортаў бурак, касіць рамонкі (калі ё жоўць на ўчастку, тыя ж суседзі падумаюць, што тут жывуць дармаеды!), выкопваць бульбу. Але бурак згніе, бо ніводнай, нават самай вялікай, сям’і не патрэбна паўтары тоны бурака. Гарадскія яго наогул не ядуць – хіба ў боршчык раз на месяц. Бульбу ў стопцы згрызуць мышы, а што не згрызуць – тое ўжо ў лістападзе памерзне і зробіцца непрыдатным для смажання. І вось, паклаўшы сваё здароўе на тыя разоры, у снежні ідзеш у «Карону» па аргентынскую бульбу. Ганарлівы чалавек з аграрнай краіны.

  • Оцени статью:
  • Проголосовало: 6
  • Балл: 4.3