Фядынічу і Комліку выставілі абвінавачаньні ў «справе РЭП»

Сьледчыя дзеяньні ў дачыненьні старшыні незалежнага прафсаюзу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці Генадзя Фядыніча і кіраўніка менскай арганізацыі Ігара Комліка завершаныя, піша БелаПАН.

Што важна ведаць

Прафсаюзным актывістам выстаўленыя абвінавачаньні ва «ўхіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры».

Паводле гэткага ж артыкулу (ч. 2 арт. 243 КК) у 2011 г. праваабаронцу Алеся Бяляцкага асудзілі на 4,5 года калёніі ўзмоцненага рэжыму.

Фігуранты справы называюць яе «цалкам сфабрыкаванай».

Сьледчыя апыталі ўжо больш за 550 актывістаў прафсаюзу РЭП па ўсёй краіне.

Фядыніча і Комліка затрымалі 2 жніўня 2017 году. Фядыніча вызвалілі ў той жа дзень, а Комлік заставаўся пад вартай да пачатку кастрычніка 2017.

Што такое прафсаюз РЭП і чаму яго перасьледуюць

Генадзю Фядынічу і Ігару Комліку выстаўленыя абвінавачаньні ва «ўхіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры» (ч. 2 арт. 243 КК), за што пагражае абмежаваньне волі на тэрмін да 5 гадоў або пазбаўленьне волі на тэрмін ад 3 да 7 гадоў з магчымай канфіскацыяй маёмасьці.

Паводле такога самага артыкулу ў 2011 годзе пасадзілі старшыню праваабарончага цэнтру «Вясна» Алеся Бяляцкага — асудзілі на 4,5 года калёніі ўзмоцненага рэжыму і канфіскацыю маёмасьці, але вызвалілі праз тры гады. Бяляцкі быў прызнаны палітвязьнем беларускімі, эўрапейскімі і амэрыканскімі праваабаронцамі, прысуд быў названы палітычна матываваным.

Паводле Фядыніча, сьледчыя прыйшлі да высновы, што па выніках 2011 году РЭП не сплаціў у бюджэт падаткі на 22 867,1 рубля (з улікам дэнамінацыі). Паводле сярэднегадавога курсу Нацбанку (у тым годзе рубель дэвальваваўся амаль у тры разы) гэта амаль 11 тысяч даляраў.

Фядыніч адзначае, што сьледчыя спынілі перасьлед «нявызначаных асобаў» пасьля «соцень допытаў па ўсёй краіне».

Абвінавачаныя цяпер маюць месяц на азнаямленьне з матэрыяламі справы – суд можа адбыцца ўжо ў чэрвені. Да таго Комлік правёў за кратамі два месяцы, Фядыніч з пачатку сьледчых дзеяньняў у жніўні 2017 году знаходзіцца пад падпіскай аб нявыязьдзе.

  • Оцени статью: