Рэальнасьць супраць «па пяцьсот»: чаму так?

Сёлета споўніцца 13 год абяцаньню «па пяцьсот», якое стала інтэрнэт-мэмам: Аляксандар Лукашэнка шмат разоў казаў, што сярэдні заробак у Беларусі мае дасягнуць 500 даляраў. Эканамісты тлумачаць, як гэта зрабіць і чаму пяцьсот — такая «зачараваная» лічба.

«Ніколі любымі шляхамі ні ўрад, ні тым больш прэзыдэнт ня ставілі такой задачы», — заявіў 7 траўня пра заробкі «па пяцьсот» міністар эканомікі Беларусі Ўладзімер Зіноўскі.

Гэта адбылося праз 12 з паловай год пасьля таго, як Аляксандар Лукашэнка ўпершыню паабяцаў беларусам сярэдні заробак па 500 даляраў у эквіваленце.

«Па пяцьсот» сапраўды бывала

«Мы наблізімся ў будучай пяцігодцы да зарплаты ў 500 даляраў, — абяцаў Лукашэнка ў верасьні 2005 году пры сярэдніх заробках каля 200 даляраў. — Але гэта павінен быць зароблены заробак, а не „зряплата“. Проста так ніхто нікому плаціць ня будзе, і дырэктыўна я нічога патрабаваць ня буду. У гэтым няма ўжо неабходнасьці. У Беларусі ёсьць магчымасьць працаваць і зарабляць».

Тады ж ён казаў, што на прыватных сельскагаспадарчых прадпрыемствах пытаньне пра заробкі ўжо ня ставіцца, бо там «чалавек, які добра працуе, атрымлівае ня менш як 500–600 даляраў».

Пасьля абяцаньні паўтараліся ня раз і ня два — часам па некалькі разоў на год, часам нават гучалі ўдвая большыя лічбы. Насамрэч сярэдні заробак у 500 і больш даляраў быў у Беларусі, паводле Белстату і курсаў Нацбанку, у сьнежні 2010 году, сакавіку і красавіку 2011-га, са сьнежня 2012-га па сьнежань 2014-га (зь ліпеня 2013-га — ажно «па шэсьцьсот»).

У абяцаньнях Лукашэнкі ня раз гучалі патрабаваньні дасягнуць «па пяцьсот» абавязкова, «кроў з носа», ня раз гучалі словы пра тое, што трэба плаціць не «зряплату», як ён кажа, а сапраўды заробленыя грошы. Праз 12 з паловай год пасьля першага абяцаньня «па пяцьсот» Лукашэнка казаў, што такія патрабаваньні — «не папулізм». У той жа дзень Нацбанк заявіў пра штучны рост заробкаў, які паскарае інфляцыю.

Калі ў Белстата «па пяцьсот», у сярэдняга беларуса можа быць «па дзьвесьце пяцьдзясят»

Тое, што ў Беларусі найчасьцей называецца «сярэднім заробкам», — гэта сярэдні налічаны заробак па краіне да адлічэньня падаткаў і выплатаў. Інакш кажучы, сума ўсіх заробкаў у краіне, падзеленая на колькасьць людзей, якія атрымалі заробак.

Сярэднестатыстычны беларус атрымлівае не сярэдні, а мэдыянны заробак. Гэта такая сума, адносна якой палова працоўных у краіне мае меншы налічаны заробак, а палова — большы. Паказьнік рэдка публікуюць, апошнія на сёньня лічбы — мэдыянны заробак за лістапад 2017 году. Тады мэдыянны заробак быў роўны 635,4 рубля пры сярэднім 836,9 рубля (у сьнежні сярэдні заробак «накруцілі» амаль да 1000 рублёў). Тады 9,6% беларусаў мелі налічаны заробак, меншы за 300 рублёў, а 36,6% мелі ад 300 да 600 рублёў налічанага заробку. «Па пяцьсот» даляраў і больш — ад 1000 рублёў — мелі 13,7%.

Дакладней, ня мелі: ад налічанай сумы трэба адымаць падаткі і зборы, якія могуць «зьядаць» да траціны заробку. Рэальныя даходы могуць быць роўнымі «па пяцьсот» даляраў не на чалавека, а на сям’ю — прынамсі, так было ў студзені-верасьні 2017 году (1026,7 рубля наяўных рэсурсаў на месяц на хатнюю гаспадарку).

Чаму ўвесь час кажуць пра «па пяцьсот» — лічба «зачараваная»?

Эканаміст Сяргей Чалы кажа Свабодзе, што справа не ў канкрэтных лічбах, а ў тым, што кожны раз пасьля штучнага стымуляваньня заробкаў сам сабой «уключаецца» мэханізм карэктаваньня эканомікі, які «вяртае» заробкі да меншага значэньня. Важна ня тое, да якой велічыні падымаюцца заробкі і якія лічбы абяцаюць, а тое, што пасьля крызісаў сярэднія заробкі апускаюцца да 350–400 даляраў.

«Раней гэты мэханізм быў катастрафічны, праз рэзкую дэвальвацыю, як было ў 2011 ці 2014 годзе, — кажа Чалы. — Цяпер ён працуе практычна пастаянна. Раней ішло намнажэньне дысбалянсаў праз раскручваньне ўнутранага попыту, што прыводзіла да ціску на валютны рынак і пагаршэньня гандлёвага балянсу, а адпаведна і да зьмяншэньня плацёжнага балянсу і дэвальвацыі. Цяпер гэта адбываецца меней заўважна, але пастаянна. Цяпер гэтыя высілкі больш марныя: не ўдаецца нават стварыць хоць крыху працяглую ілюзію, што накручаныя заробкі высокія».

Чалы мяркуе, што пастаяннае вяртаньне сярэдняга заробку да лічбаў, ніжэйшых за «па пяцьсот», сьведчыць, што беларуская эканоміка проста ня можа генэраваць высокія заробкі. Ён адзначае: да ўладаў нарэшце «пачало даходзіць», што ня варта браць грошы ў эфэктыўных прадпрыемстваў і траціць іх на падтрыманьне неэфэктыўных.

Да таго ж працуе такі эфэкт, што ўзровень заробкаў у «гандляваных» галінах эканомікі (тавары якіх гандлююцца на зьнешніх рынках або маюць канкурэнцыю са зьнешніх рынкаў) залежыць ад прадукцыйнасьці і эфэктыўнасьці прадпрыемстваў гэтай галіны, а заробкі ў астатніх сэктарах «прывязваюцца» да «гандляваных» сэктараў (эфэкт Пэна). А беларускія прадпрыемствы аказваюцца слабейшымі за канкурэнтаў.

Што зрабіць, каб было «па пяцьсот»?

Эканаміст Дзьмітры Крук кажа Свабодзе, што рэцэпт дасягненьня сапраўдных «па пяцьсот» толькі адзін: стабільны эканамічны рост. Незалежныя эканамісты з году ў год паўтараюць рэцэпты таго, як яго дасягнуць. Але беларускія ўлады пэрыядычна «накручваюць» заробкі штучным чынам.

«Даволі шмат мэханізмаў існуе, каб накруціць заробкі, — кажа Крук. — Напрыклад, у сьнежні мінулага году пераважна праз розныя прэміі і надбаўкі на дзяржаўных прадпрыемствах „уздымалі“ заробкі. Або можна проста ўзьняць тарыфныя стаўкі ў бюджэтным сэктары, які кантралюецца дзяржавай наўпрост. Такія інструмэнты існуюць, але іх цяпер ня так актыўна выкарыстоўваюць».

Па выніках бягучага году, дадае Крук, можна чакаць росту заробкаў, але пытаньне ў тым, наколькі ён будзе ўстойлівы. У сярэднетэрміновай пэрспэктыве ён ня бачыць шмат перадумоваў для значнага — і стабільнага — эканамічнага росту.

  • Оцени статью:
  • Проголосовало: 2
  • Балл: 5