Машына-звер

Чорны “бумер” не раскоша – гэта абавязковы атрыбут “сапраўднага пацана”. Круцей за такога “пацана” толькі той, хто такую тачку зрабіў. Вось хаця б вядомы дызайнер аўтамабіляў Джордж Барыс: сярод “пацаноў”, для якіх ён прыдумаў аўто, Бэтмэн з яго вatmobile, Траволта са сваёй тачкай у фільме “Grease” і нават пакемонаўскі “фальксваген Beetle”.

Дызайнер транспарту – спецыяліст, які займаецца дызайнам транспартных сродкаў і ўсяго, што з імі звязана – ад абсталявання да гэджэтаў. Сюды ўваходзіць усё, што аблягчае людзям працэс перасоўвання па планеце: наземны транспарт, авія- і караблебудаванне.

Do it Sexy

У кампутарных гульках мы даўно прызвычаіліся карыстацца джойстыкам. І, хутчэй за ўсё, год праз дзесяць у машынах замест руля будзе больш просты спосаб кіравання. Менавіта з прагназавання тэндэнцый і пачынаецца дызайнерская праца. Звычайныя статыстычныя даследаванні кшталту “з якога боку – правага ці левага – вам зручней глядзецца ў люстэрка?” адкрываюць дызайнерам вочы на тое, што патрэбна юзеру.

Існуюць нават спецыяльныя канторы, дзе футуролагі прагназуюць развіццё пэўнай мадэлі ў наступныя год пяць: калі яны кажуць, што “гоначкі” будуць неактуальнымі, то грошы на іх ніхто выкідаць не будзе, а дызайнеры зоймуцца джыпамі і мінівэнамі.

Менавіта кожныя пяць год з’яўляецца новая мадэль у кампаніі Toyota. Прыкладна за тры гады да пачатку працы ва ўсе дызайн-студыі кампаніі рассылаецца пытанне: “Якой вы бачыце новую мадэль?”. Потым, як правіла, выбіраюць самага маладога дызайнера, скідаюць яму ўсе атрыманыя малюнкі і чарцяжы – маўляў, давай, стварай!

Часта ў выніку атрымліваецца касмічны карабель. Але калі ўсё нармальна, далей эскізы пераходзяць да 3D-мадэльераў, якія ствараюць аб’ёмную рухомую карцінку. Далей макеты ўсіх дэталяў выточваюць на фрэзерных станках. Гэтая балванка перадаецца італьянскім майстрам: хоць заводы карпарацыі Toyota размешчаны па ўсёй Еўропе, менавіта ў Італіі (кажуць, што італьянцы нават зэдлік могуць зрабіць sexy) са “штучнай” машыны, здольнай хіба толькі радаваць вока, мадэль ператвараецца ў сапраўдны аўтамабіль.

Але хапацца за баранку яшчэ рана. Пакуль што спецыялісты вывяраюць адпаведнасць мадэлі ўсім стандартам – аэрадынаміка, устойлівасць, агляд з салона. А потым пачынаецца самае цікавае: дзве сотні найлепшых транспарт-дызайнераў па вінціку разбіраюць новую мадэль. І калі большасць з іх скажа, што створаная за паўгода “балванка”, якая абыйшлася кампаніі не ў адзін мільён, горшая нават за савецкі “жыгуль”, то тачка дапраўляецца на сметнік.

Прыцечка мазгоў

Часта новыя мадэлі вырастаюць са студэнцкіх курсавых і дыпломаў. На конкурсе дызайнерскіх праектаў, які праводзіла нядаўна кампанія Renault, пераможцам стаў студэнт факультэта транспартнага дызайну Патрык Фальветэр. Заданне было няпростым: распрацаваць новую мадэль Renault Espace. Наварот, які дазволіў хлопцу перамагчы, заключаўся ў даху. Ягоная Renault Espace мела дах, які змяняў форму і вышыню: аўтамабіль мог ператварацца з сямейнага мінівэна ў сапраўдную спартыўную машыну. Патрык падаў на конкурс малюнкі, і ў якасці прыза атрымаў квіткі на гран-пры “Формулы1”, а таксама два тыдні free-катання на тэставым Renault Espace апошняй мадэлі. Падобныя спаборніцтвы праводзіць кожная аўтамабільная кампанія. Бо сапраўдных спецыялістаў, як кажуць, можна пералічыць па пальцах адной рукі. Audi, напрыклад, падтрымлівае цэлую праграму па транспартным дызайне ў вядомай Scuola Politecnica di Design у Мілане. Штогод туды набіраюць 30 студэнтаў з усяго свету, вучаць, а потым праводзяць конкурс на распрацоўку новай мадыфікацыі Audi Avant. Ясна, не толькі на лаўровыя вянкі: студэнт можа добра светануцца, атрымаўшы ў якасці дыпломнага праекта права распрацоўваць новую мадэль. Таму конкурсы праходзяць “на ўра”, а старыя дасведчаныя дызайнеры карыстаюцца прытокам “свежых мазгоў”.

Галоўнае правіла монстраў транспарт-дызайну – Кентана Віенса, Артура Эрыксана і Марціна Скалскі, якое тыя пастаянна паўтараюць на майстар-класах, -- калі ты хочаш прыдумаць нешта новае – напрыклад, новы кузаў для “бумера”, -- не думай пра “бумер”, хаця б адразу. Той жа чэх Скалскі, зараз дэкан транспартнага аддзялення інстытута Прата ў Брукліне, кажа, што спрабуе спачатку прыдумаць аб’ект у руху. Паступова ўяўляючы, як машына будзе кранацца з месца, паварочваць, ён паціху распрацоўвае яе “твар”.

На ўсю жалезку

Спецыяльнасць ТД варта шукаць на факультэтах транcпартнага (industrial design) -- менавіта на апошніх часта сустракаецца спецыялізацыя car design.

Аэракасмічная прамысловасць, чыгунка, марская і аўтамабільная вытворчасць, а таксама інфармацыйныя тэхналогіі, мехатроніка, advanced design тэхналогіі – усё гэта давядзецца грызці студэнтам транспартнага дызайну. Абітурыентам адразу рэкамендуюць вызначыцца з відам транспарту, бо некаторыя ВНУ робяць акцэнт на марскі транспарт, а іншыя займаюцца пераважна “шатламі”…

Па ТД-спецыяльнасці можна атрымаць ступень магістра ці бакалаўра, а далей кар’ерная лесвіца можа давесці да пасады карпаратыўнага бажка якой-небудзь аўтамабільнай кампаніі.

Адзін з самых вядомых універаў у галіне ТД – брытанскі Coventry University. Сярод студэнтаў – 2600 замежнікаў з 90 краін. Кошт навучання – 5000 фунтаў на год, пры гэтым ёсць магчымасць вучыцца дыстанцыйна. Сярод лідэраў і амерыканская Academy of Art University, дзе на факультэце прамысловага дызайну выкладчыкі маюць досвед дызайнерскай працы ў такіх кампаніях, як General Motors, Volvo i BMW. Для паступлення абітурыент павінен прадаставіць партфоліё, кошт навучання – 16 500 долараў на год. Пры гэтым ёсць стыпендыі, ды і аплатц на старэйшых курсах могуць знізіць. Магістарскую праграму і лепшыя скандынаўскія традыцыі транспартнага дызайну прапануе шведскі Umea Institute of Design. Палова студэнтаў тут замежнікі, прыкладна 30% -- жанчыны.

Ступень балакаўра транспартнага дызайну прапануе Sheffield Hallam University: тут на трэцім годзе студэнты праходзяць практыку ў Rolls-Royce, BMW, Nissan i Lamborghini. Прычым разам з усімі транспартнымі нюансамі студэнт атрымлівае навыкі 2D i 3D мадэлявання .

WEB: ведай больш

www.conceptcar.co.uk – навыкі аўтамабільнага дызайну, самыя апошнія мадэлі аўто і канцэпт-караў. Акрамя таго, спасылкі на сайты аўтакампаній, іх выставы і прэзентацыі, спіс універаў са спецыяльнасцю “транспартны дызайн”.

www.designboom.com/eng -- сярод шматлікіх спасылак на розныя дызайнерскія прыдумкі можна знайсці вельмі карысныя рэчы па дызайне транспарту. Плюс магчымасць паўдзельнічаць у дызайнерскіх спаборніцтвах.

http:// design.careeredu.org – спасылкі на амерыканскія навучальныя ўстановы па дызайне і тэхналогіях.

www.diseno-art.com-- онлайн-каталог з тысячай спартыўных, рэкіх і канцэптуальных аўтамабіляў. А таксама артыкулы, інтэрв’ю і спасылкі на лепшыя дызайн-ВНУ свету.

 

  • Оцени статью: