Армянскі палітоляг: Саргсьян — усяго толькі бледны цень Лукашэнкі

У Армэніі працягваецца супрацьстаяньне актывістаў і сілавых структураў. Апазыцыянэры абвінавачваюць колішняга прэзыдэнта Сэржа Саргсьяна ў спробе ўзурпацыі ўлады — 17 красавіка парлямэнт выбраў яго прэм’ер-міністрам, нягледзячы на шматтысячныя вулічныя пратэсты.

Прэзыдэнт Армэніі Сэрж Саргсьян (справа) і прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка. Ганаровая варта падчас афіцыйнай цырымоніі сустрэчы Лукашэнкі ў Ерэване, 13 траўня 2013 году

Да гэтага Саргсьян быў ініцыятарам канстытуцыйнага рэфэрэндуму, які прадугледжваў пераход ад прэзыдэнцкай да парлямэнцкай формы кіраваньня. Роля прэзыдэнта зьвялася да фармальных абавязкаў, рэальная ж улада і нават рэзыдэнцыя прэзыдэнта перайшлі да кіраўніка ўраду. Палітычны аглядальнік з Ерэвану Айк Халацьян у інтэрвію Свабодзе расказаў аб прычынах і наступствах палітычнага крызісу ў Армэніі.

Саргсьян казаў, што не прэтэндуе на пасаду прэм’ера

— Цяпер выглядае, што ўся заканадаўчая рэформа ад пачатку меркавалася пад Сержа Саргсьяна. Або яго зьяўленьне ў новай іпастасі стала нечаканасьцю?

— Тут трэба казаць пра два моманты. З аднаго боку, ад самага пачатку ўсе разумелі, да чаго гэта можа прывесьці. З другога, калі Серж Саргсьян тры гады таму ініцыяваў канстытуцыйную рэформу, то абяцаў, што ня будзе прэтэндаваць на пасаду прэм’ер-міністр, калі народ на рэфэрэндуме прыме такое рашэньне. Пры гэтым сам ён ня ўтойваў, што не зьяўляецца прыхільнікам парлямэнцкай рэспублікі.

Варта адзначыць, што многія апазыцыйныя сілы і падчас рэфэрэндуму, і пасьля яго неаднаразова папярэджвалі пра магчымую разьвязку. Таму нельга сказаць, што для армянскага грамадзтва гэта стала вялікай нечаканасьцю.

— Кандыдатура Саргсьяна не абвяшчалася да апошняга, пра такога прэтэндэнта на прэм’ерскую пасаду ад кіроўнай партыі стала вядома за некалькі дзён да прызначэньня...

— Сапраўды, спачатку кіроўная партыя вельмі доўга трымала паўзу, не ўдакладняючы, каго будуць вылучаць, — а з улікам упэўненай бальшыні ў парлямэнце менавіта яны павінны былі вылучыць кандыдатуру будучага прэм’ер-міністра. Бо абсалютна відавочна: каго вылучаць кандыдатам, той і стане кіраўніком ураду.

Але ўжо пасьля Новага году, мяркуючы па заявах дэпутатаў ад партыі ўлады, стала зразумела: ідзе падрыхтоўка грамадзтва да таго, што кіраўніком ураду ўсё ж будзе Саргсьян. Пачалі гучаць галасы, што ён незаменны, што з улікам канфлікту з Азэрбайджанам вакол Нагорнага Карабаху патрэбен чалавек менавіта з такім палітычным досьведам. Тады стала ясна, у які бок разьвіваецца сытуацыя.

У Армэніі «мяккі аўтарытарызм», у Беларусі — «махровы»

— У Беларусі таксама былі досыць шматлікія пратэставыя акцыі, як гэтым разам у Армэніі, але вынік прыблізна аднолькавы і там, і там — улада пасьпяхова нэўтралізуе апанэнтаў. Ці лічыце, што ў Ерэване супраціў чымсьці закончыцца?

— Я ніякіх шанцаў ня бачу — колькасьць пратэстоўцаў ужо ў разы меншая. Пачаліся прывады ў паліцыю, праваахоўнікі не даюць дэманстрантам блякаваць вуліцы. Праблема ў тым, што грамадзтва моцна расчараванае ня толькі ўладай, але і апазыцыяй. Людзі выйшлі ня столькі за Ніколам Пашыньянам, хоць сёньня ён адзін з самых яскравых лідэраў новага пакаленьня — харызматычны, упэўнены ў вулічнай барацьбе, — а ў большай ступені супраць дзейнай улады.

У Армэніі крыху парадаксальная сытуацыя. У параўнаньні зь іншымі краінамі Эўразійскага саюзу тут адносна лібэральная палітычная сыстэма (ёсьць рэальная свабода слова, масавыя акцыі праводзяцца ў паведамляльным парадку і г.д.), але тое не адбіваецца на галасаваньні. У кіроўнай партыі ёсьць эфэктыўны мэханізм забесьпячэньня вынікаў на выбарах, адкуль і незадаволенасьць. З аднаго боку, людзям можна гаварыць усё, што яны думаюць, але пры гэтым зьменаў да лепшага ў іх жыцьці не адбываецца.

— Што можаце сказаць пра асобу Сержа Саргсьяна, ці сапраўды апошнія палітычныя манэўры сьведчаць на тое, што ў яго праяўляюцца аўтарытарныя рысы?

— Палітолягі характарызуюць сытуацыю ў Армэнію як «мяккі аўтарытарызм». Так, у нас не саджаюць апазыцыянэраў, не закрываюць СМІ, але, як бачым, улада не зьмяняецца, хоць большая частка грамадзтва палітычнымі элітамі не задаволеная.

Безумоўна, гэта не рэжым Лукашэнкі: упэўнены, што ў Менску дакладна тыдзень не цярпелі б блякаваньня цэнтральных вуліц і не выпускалі б актывістаў адразу пасьля затрыманьняў. Адзіная сур’ёзная сутычка паміж паліцэйскімі і пратэстоўцамі здарылася, калі апошнія спрабавалі прайсьці да будынкаў прэзыдэнцкай адміністрацыі і парлямэнту. І то гэта быў не разгон, а «дзеяньні для недапушчэньня». Таму ў параўнаньні з Расеяй, Беларусьсю, Казахстанам у Армэніі мадэль нашмат больш лібэральная. Прынамсі больш мяккія мэтады абыходжаньня ўладаў з насельніцтвам.

— Чым гэта выклікана — тым, што ў Ерэване ў большай ступені, чым у Маскве і Менску, рэагуюць на міжнародную крытыку?

— У тым ліку і гэта, бо армянскія ўлады вельмі моцна залежаць ад заходніх партнэраў. Іншымі словамі, у сваіх захадах заўсёды вымушаныя прыкідваць, што скажуць у Эўропе ці Амэрыцы. А значыць, пазьбягаюць занадта жорсткіх мэтадаў.

Нават паліцыя паводзіць сябе досыць карэктна, калі параўноўваць з тым, што адбываецца ў Менску ці Маскве. Хоць ужо сёньня ёсьць зьвесткі пра шматлікія затрыманьні, але, паверце, ніякіх наступстваў для людзей гэта мець ня будзе. Усё пад маркай таго, што рашэньне наконт Саргсьяна прынятае, іншага ўжо ня будзе, таму трэба наводзіць парадак на вуліцах.

Акцыі працягваюцца, але невядома, ці надоўга хопіць імпэту

Падставай да хваляваньняў у Ерэване стала абраньне прэм’ер-міністрам былога прэзыдэнта Сэржа Саргсьяна. Апазыцыя абвінаваціла яго ў тым, што ён падмануў народ, трэці раз стаўшы кіраўніком краіны. Саргсьян быў прэзыдэнтам апошнія 10 гадоў, сёлета тэрмін ягоных паўнамоцтваў скончыўся. У выніку канстытуцыйнай рэформы ўся паўната ўлады перайшла да старшыні ўраду.

Пра намер вылучыць Саргсьяна на пасаду прэм’ер-міністра было абвешчана 14 красавіка. Неадкладна апазыцыйны дэпутат Нацыянальнага сходу Армэніі Нікол Пашыньян заклікаў да пратэставых акцый, яго падтрымалі дзясяткі тысяч чалавек.

Многія вуліцы былі забакарыдаваныя, на плошчы Францыі паўстаў намётавы лягер. Увечары 17 красавіка паліцыя вызваліла праезную частку ад перашкодаў, аднак сёньня ўдзельнікі наладзілі шэсьце па праспэкце Баграмяна. Пашыньян паведаміў, што ўвечары на плошчы Рэспублікі пройдзе мітынг супраць узурпацыі ўлады Саргсьянам.

9 красавіка на пасаду заступіў чацьвёрты па ліку прэзыдэнт Армэніі Армэн Саркісьян. Паводле прынятага ў 2015 годзе рашэньня аб зьменах у Канстытуцыі, ягоныя паўнамоцтвы істотна зьменшаныя, ён будзе выконваць перадусім прадстаўнічыя функцыі.

  • Оцени статью:
  • Проголосовало: 1
  • Балл: 4