«Расейскія грошы могуць зьбегчы з Лёндану ў беларускі «прытулак» — расейскі экспэрт

Ці дойдзе канфлікт у Сырыі да прамога ваеннага сутыкненьня Захаду і Расеі? Якія рызыкі і магчымасьці для Беларусі нясуць новыя амэрыканскія санкцыі адносна Расеі? Калі ў Сырыі амэрыканцы і расейцы пральюць кроў адно аднаго, што гэта будзе азначаць для беларуска-расейскіх адносінаў?

Расейскі супрацьракетны комплекс С-400, разгорнуты ў Сырыі

Гэтыя пытаньні ў Праскім акцэнце Радыё Свабода абмеркавалі палітолягі: з Масквы — Кірыл Коктыш, з Лёндану — Арцём Шрайбман. Веў перадачу Юры Дракахруст.

Дракахруст: Напачатку — пра абвастрэньне адносінаў паміж Расеяй і Захадам, як далёка яно можа зайсьці? Некаторыя кажуць — сьвет на парозе Трэцяй сусьветнай. Ці сапраўды гэта так?

Кірыл Коктыш

Коктыш: Самае горшае — калі адзін з бакоў палічыць, што ён панёс непрымальныя страты, і выкарыстае ці падасьць сыгнал, што можа выкарыстаць, ядзерную зброю. Гэта насамрэч можа быць як Расея, так і ЗША. Калі будзе налёт 300 самалётаў, то ніякіх супрацьракетаў ня хопіць, расейскія войскі будуць вымушаныя працаваць і па амэрыканскіх самалётах, і па амэрыканскіх караблях.

І амэрыканскі флёт стане закладнікам, ён тэхнічна можа быць увесь патоплены расейскай зброяй, якая ёсьць і ў Сырыі, і на Чорным моры і Паўднёвай вайсковай акрузе РФ.

Менавіта таму ідуць кансультацыі. Зараз вырашаецца, каб справу спусьціць на тармазах, каб абодва бакі захавалі твар.

Шрайбман: Прагназаваць, што канец сьвету не наступіць — даволі простая рэч. Калі вы памыліцеся, ня будзе каму вас папракнуць.

Але ў дадзеным выпадку я ўсё ж не лічу, што адбудзецца катастрафічная эскаляцыя падзеяў. Апошнія сыгналы, нават апошнія твіты Трампа сьведчаць, што ёсьць разуменьне, што ня трэба даводзіць сытуацыю да максымуму эскаляцыі.

Заходнія ўрады, якія думаюць пра нанясеньне ўдараў, узялі пэўную паўзу, каб разьлічыць удары такім чынам, каб не нанесьці шкоду расейцам. Думаю, што цэлі будуць абірацца такім чынам, каб зачапіць толькі сырыйцаў.

Але цікавую думку выказаў кіраўнік маскоўскага Карнэгі Дзьмітры Трэнін, які сказаў, што самая небясьпечная рэч зараз — тое, што бакі не баяцца небясьпекаў і ня бачаць сур’ёзных рызыкаў. Яны, паводле Трэніна, могуць падыйсьці да кропкі незвароту хутчэй, чым гэта бывала ў гады халоднай вайны.

Дракахруст: Многія экспэрты гавораць, што Расеі складана адказаць на апошні амэрыканскі пакет санкцыяў у эканамічнай сфэры. Расея ў гэтай сфэры няшмат можа, да таго ж некаторыя магчымыя меры ў адказ будуць для яе стрэлам сабе ў нагу.

А вось ці можа адказ быць нейкім чынам зьвязаны з Беларусьсю? Скажам, ці можа ў адказ на санкцыі Расея разьмясьціць свае войскі ў Беларусі? Ці прымусіць Менск афіцыйна прызнаць прыналежнасьць Крыму Расеі.

Шрайбман: Я ня бачу наўпроставай сувязі паміж абвастрэньнем адносінаў Захаду і Расеі і двухбаковымі адносінамі Беларусі і Расеі. Чым больш Расея ўцягваецца ў глябальную канфрантацыю, тым менш яе цікавіць сытуацыя на яе спакойных межах.

А Беларусь — менавіта такі саюзьнік, які не стварае істотных пагрозаў і рызыкаў. Я проста ня бачу, якіх мэтаў хацела б дасягнуць Расея, калі б павялічыла ціск на Менск з прычыны яе канфрантацыі з Захадам.

Гэтага не адбывалася раней, і я не бачу, чаму гэта мела б адбыцца зараз.

Магчыма, мы крыху перабольшваем вагу і значэньне Беларусі ў расейскім парадку дня. І мы перабольшваем стратэгічнае мысьленьне Ўладзімера Пуціна. Было б спрашчэньне лічыць, што на кожны недружалюбны крок Захаду ён абавязкова будзе ствараць «гарачыя кропкі» на межах Расеі.

Коктыш: У гэтым становішчы Менску, як ні дзіўна, можа пашанцаваць. Але Менск, як заўжды, можа гэтыя магчымасьці згубіць. Лёндан ператвараецца ў вельмі небясьпечнае месца для расейскіх грошай. Санкцыі спрыяюць пуцінскай палітыцы «нацыяналізацыі элітаў». Алігархі будуць вымушаныя вырашаць, яны патрыёты грошай ці патрыёты Расеі.

Беларусь, якая прыняла дэкрэт аб крыптавалютах, можа стаць тым хабам, які даў бы прытулак расейскім грошам, якія пабягуць з Лёндану, але будуць баяцца вяртацца ў Маскву.

Дракахруст: Кірыл, Менск — як Нʼю-Васюкі?

Коктыш: Не Нʼю-Васюкі. Крыптавалюты дазваляюць захаваць грошы. Ці вырашыцца на гэта Менск — гэта пытаньне. Але пад расейскія гарантыі ў такую гульню варта было б згуляць. А навошта інакш было прымаць дэкрэт аб крыптавалютах?

Дракахруст: Мне здаецца, што санкцыі ўзмацняюць у Расеі пазыцыю «Хто ня з намі — той супраць нас». А Макей вось едзе ў Лёндан. Пэўная рэакцыя на гэта можа быць?

Коктыш: Ніякага палітычнага ціску ня будзе. Будуць тыя ці іншыя эканамічныя мэсыджы. Адным зь іх зьяўляюцца праблемы, якія беларуская «малочка» атрымала на расейскім рынку. Гэтаму спрыяла непасьлядоўная пазыцыя Беларусі, якая не выказалася пэўна, чый бок яна заняла, напрыклад, па той жа справе Скрыпалёў.

Шрайбман: Што да візыту Макея ў Лёндан, то наколькі я ведаю, ён даносіў да брытанскіх суразмоўцаў некаторыя сыгналы ад расейскага боку. Не разумею, нашто Расеі хвалявацца ад дыпляматычных кантактаў Беларусі нават з апанэнтамі Расеі. Гэта ня першы год доўжыцца.

Расею беларускія гульні з Захадам хвалююць толькі тады, калі яны могуць аслабіць уплыў Расеі на Беларусь. Як іх могуць аслабіць дыпляматычныя кантакты з далёкімі краінамі, якія ня маюць плянаў пашыраць свой уплыў у Беларусі?

Калі санкцыйная «вайна» працягнецца, калі будуць сэктаральныя санкцыі, то гэта безумоўна адабʼецца на Беларусі, бо мы жывем у адзінай эканамічнай прасторы з Расеяй.

Мы гэта бачым на валютным рынку, беларускі рубель вельмі чуйна рэагуе на ваганьні курсу расейскага рубля.

Дракахруст: А зараз — да пачатку нашай гутаркі. А калі ў Сырыі справы пойдуць па кепскім сцэнары? Уявім сабе, што там амэрыканцы страляюць па расейцах, расейцы па амэрыканцах, калі яны пралʼюць кроў адны адных. Гэта будзе новая рэальнасьць. Якія наступствы яна прынясе для Беларусі?

Шрайбман: Стратэгічна гэтая канфрантацыя, і ня толькі гэты сырыйскі эпізод, можа памяняць расейскую стратэгію адносінаў са сьветам. Расея зачыняецца, аддаляецца ад Захаду. Паколькі Беларусь ідзе па процілеглым вэктары, гэта будзе спараджаць праблемы ў двухбаковых адносінах.

Дракахруст: Ня будзем перабольшваць сэнтымэнтальнасьць Крамля, але і для яго, і для расейскага грамадзтва сытуацыя, калі амэрыканцы забіваюць расейцаў — гэта новая стадыя. Гэта, пакуль гіпатэтычная, навізна — што зьменіць?

Шрайбман: Гэта ўжо было нядаўна, калі ў той жа Сырыі забілі некалькі дзясяткаў расейскіх наймітаў. Я ня думаю, што зараз будуць страты сярод расейскіх салдатаў у Сырыі. Але калі гэта і адбудзецца, скажам, выпадкова, то гэта можа тактычна зьмяніць нешта ў адносінах паміж Расеяй і NATO. Але гэты новы этап будзе працягам трэнду, які доўжыцца ўжо некалькі гадоў. Гэта будзе зьмена колькасная, але не якасная. Расея ўжо некалькі гадоў разглядае калектыўны Захад як ворага. Таму гэтая колькасная зьмена не прывядзе да кардынальных зьменаў. І гэта надта не паўплывае на беларуска-расейскія адносіны. Мы занадта далёка ад гэтага.

Коктыш: Гэта будзе якасная зьмена, але я ня думаю, што гэта адбудзецца. Найперш з прычыны кошту такога сцэнару для ЗША. Як амэрыканская грамадзкая думка паставіцца да зьнішчэньня авіяносцаў ці лінейных караблёў? Палітыка ЗША базуецца на вялікіх караблях, якія забясьпечваюць міжнародны марскі гандаль.

Дракахруст: Ну а калі ўсё ж адбудзецца, хай сабе і выпадкова?

Коктыш: Тады «выпадкова» у адказ патоне амэрыканскі карабель. Мэта Трампа — каб рэспубліканцы выйгралі прамежкавыя выбары ў кангрэс у лістападзе. Для гэтага патрэбная зьнешнепалітычная перамога. А гэта можа быць толькі зьдзелка з КНДР. А гэта ў сваю чаргу магчыма толькі пад расейскія і кітайскія гарантыі. І цяперашнія рухі цела Трампа тлумачацца жаданьнем атрымаць гэтыя гарантыі як таньней.

Дракахруст: Давайце вернемся да Беларусі. Калі ў Сырыі ад рук амэрыканцаў пралʼецца кроў расейскіх салдатаў — гэта зьменіць беларуска-расейскія адносіны?

Коктыш: Гэта зробіць іх больш шчыльнымі. Давядзецца вызначацца, хто ў якім шыхце. У тым ліку і ў сфэры бясьпекі, гэта, дарэчы, вызначана і ў дамове аб калектыўнай бясьпецы АДКБ.

  • Оцени статью:
  • Проголосовало: 2
  • Балл: 4