«Прыпадобніўшыся да насарога»

На краўдфандынгавай плятформе «Вулей» збіраюцца грошы на выданьне кнігі Алеся Анціпенкі, якая аднаўляе сэрыю «Бібліятэка «Беларускі калегіюм».

У 2012 –2013 гг. у ёй выйшлі 10 кніг вядомых беларускіх інтэлектуалаў.

Пра што кніга?

«Прыпадобніўшыся да насарога» — гэта спроба адказаць на некаторыя важныя пытаньні: «Што ёсьць мысьленьнем і ці ёсьць штосьці па-за яго межамі?», «Што азначае «верыць»?», «Што такое сьмерць і чаму мы яе так баімся?», нарэшце, «Што такое супрэматызм і загадкавыя квадраты Малевіча?»

Зьмест кнігі складаюць таксама пераклады клясычнага твора Тао Тэ Чінг вялікага кітайскага містыка Лао Цзы (VI ст. да н. Х.) і будысцкай Кхагавісана суты.

Тэксты кнігі аб’ядноўвае ідэя «схаванага чалавека», альбо не заўсёды відавочных структур нашага існаваньня, якія, каб быць убачанымі, патрабуюць зьмены пазыцыі ці ўнутранай саматрансфармацыі.

Кніга напісана яснай мовай. Аўтар пазьбягаў цьмяных развагаў і спэцыяльнай тэрміналёгіі, прасьвятляючы пры гэтым сутнасьць некаторых складаных філязофскіх і рэлігійных праблемаў.

Гэта прыкладна 200 старонак у мяккай вокладцы. Для выданьня патрэбна сабраць 2210 беларускіх рублёў.

Што думаюць пра кнігу тыя, хто яе прачытаў?

Ірына Дубянецкая, доктар сакральнай тэалёгіі, доктар філязофіі:

— Кніга Алеся Анціпенкі «Прыпадобніўшыся да насарога» – бліскучы прыклад сучаснага філязофскага мысьленьня, якое можа зацікавіць шырокае кола чытачоў. Гэты невялікі, але каштоўны збор з чатырох эсэ і двох перакладаў тэкстаў усходняй клясычнай мудрасьці прапануе сьвежы погляд на адвечныя праблемы…

Валянцін Акудовіч, літаратар:

— Кніга моцная, вельмі моцная і да таго ж унікальная, як для нашага кантэксту...

Вы таксама можаце скласьці сваё меркаваньне, прачытаўшы эсэ «Ад мысьленьня да мэдытацыі».

Парамэтры кнігі:

фармат А5, аб’ём прыкладна 200 стар. Вокладка мяккая. Без ілюстрацый.

Пра аўтара

Алесь Анціпенка – сябра беларускага ПЭН-цэнтру, Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар кнігі «Быць прысутным» (2012), адзін з заснавальнікаў Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў, былы кіраўнік «Беларускага калегіюму». Кандыдат філязофіі.

Партнэр праекту – «Кнігазбор», недзяржаўнае выдавецтва, вядомае сваёй сэрыяй кніг беларускай клясыкі, дзіцячых, а таксама кніг сучасных аўтараў.

Падтрымай праект тут

  • Оцени идею:   
  • Проголосовало "ЗА": 1
  • "ПРОТИВ" : 0