Спецыяльнась: футуралогія
Як зараз бачу

Да 2010 года entertainment-сферу захопяць віртуальныя персанажы, у 2015-м у пашпарты пачнуць упісваць кібернацыянальнасці, а ў 2020-м колькасць робатаў-жывёл перавысіць колькасць жывых катоў і сабак. Потым нарэшце пабудуюць “Матрыцу”, а ў 2030 нанатэхналогіі дазволяць падрубаць да чалавечага мозгу кампутар і “зліваць” свядомасць на вінчэстэры. Усё гэта не трызненне пацыента “Навінак”, а прадказанні аднаго з вядучых футуролагаў планеты. Для Яна Пірсана прадбачыць такія рэчы – прафесія.

Адна бабця сказала

Скептыкі могуць колькі заўгодна сцябацца з такіх прагнозаў, але для буйных карпарацый – Toyota, British Telecom, IBM і іншых – пасада футуролага – звычайная справа.

Футуролагі (яны ж футурысты) – прафесійныя кансультанты па будучыні. Іх праца вельмі падобная да бізнес-аналітыкі: вывучыць статыстыку, прлічыць тэндэнцыі і дапамагчы скласці доўгатэрміновыя планы. Для кампаніі гэта як мінімум шанец апярэдзіць канкурэнтаў.

У пачатку 50-х прадказвалі, што “кампутары будучыні могуць важыць не больш за паўтары тоны”. Кампы зараз, праўда, найбольш лягчэйшыя, але хто ведае, ці былі б яны такімі без футуролагаў… Менавіта ў 50-60-я гады ХХ стагоддзя і ўзнікла навука “футуралогія”. Свет пачаў развівацца так імкліва, што патрэбныя былі людзі , якія б урубаліся ў гэтыя змены і прадказвалі непрадказальную будучыню.

У 70-я прагнозы футуролагаў сталі такой жа звыклай рэччу, як прагноз надвор’я. У ЗША было заснавана Сусветнае таварыства будучыні (World Future Society) і выйшлі футурустычныя бестселеры “Шок будучыні” (“Future Shock») і “Межы развіцця” (“The Limits to Growth”) доктара Кэнана. Як вынік – футуралогію ўключылі ва універсітэцкія праграмы.

У адрозненне ад астролагаў, футурысты не торкаюць пальцамі ў неба – іх методыкі ўключаюць вывучэнне тэхнічных навацый, геапалітычных, экалагічных, дэмаграфічных і ментальных зменаў. У адрозненне ад эканом-, паліт- і іншых аналітыкаў, якія займаюцца прагнозам на год-тры наперад, футурыстаў цікавіць больш далёкая перспектыва – ад 10 да 50 гадоў.

Прыўкраснае недалёка

Ян Пірсан – англійскі футуролаг, працуе кансультантам у кампаніі British Telecom. Яго прагнозы, зробленыя 10-15 год таму, спраўджваюцца літаральна на вачах. Яшчэ ў 1991-м Пірсан прадказаў з’яўленне робатасабак, робатакатоў і чыгункі без машыністаў. Хатнія кібер-жывёлы з’явіліся некалькі год таму, а ў 2005-м у японскім метро пачалі бегаць цягнікі на аўтапілоце.

У адным інтэрв’ю на пытанне, як у яго атрымліваецца “бачыць будучыню”, Ян адказаў: “Смешна назіраць, як людзі не бачаць відавочнага”. Па яго словах, праца футуролага зводзіцца да чытання прамысловых, эканамічных, тэхнічных часопісаў і наведвання канферэнцый. Пірсан амаль не працуе з кампутарам. Прадказваючы “акібернечванне” свету, ён тым не менш упэўнены: пакуль што комп не здольны замяніць мазгі.

… Пару год таму Інстытут будучыні зрабіў грунтоўнае паведамленне наконт перспектыў чалавецтва. Месцамі прагнозы, скажам шчыра, не вельмі вясёлыя і здзяйсняюцца ўжо сёння.

1. Людзі ператворацца ў кіберпадарожнікаў: дзякуючы мабільнай сувязі і камунікацыям, яны ў любой кропцы свету будуць адчуваць сябе як дома.

2. Узнікне паняцце “біялагічнае грамадства”: яно будзе вызначацца па асабістай генетычнай карце, якая будзе ў кожнага чалавека.

3. З’явіцца паняцце “фрагментавы капіталізм”: у адной краіне прыдумляюць, у другой – праектуюць, у трэцяй – штампуюць. 4.

Хобі будзе часцей ператварацца ў працу (“робі”). З’явіцца шэраг новых прафесій: ад старастаў пад’ездаў да дырэктараў па настроі.

5. Тэрарызм, недахоп чыстай вады і экалагічныя праблемы могуць прывесці да сур’ёзных палітычных зменаў.

6. Пераразмеркаванне сіл у космасе: кітайцы высадзяцца на Месяцы, але на гэтым не спыняцца.

… Па вадзе вілена

Нягледзячы на тое, што вышэйшую футуралагічную адукацыю і навуковыя ступені прапануюць толькі дзве ВНУ, падрыхтоўку яны даюць – дай Божа.

Ва University of Houston праграма па вывучэнні будучыні была адкрыта ў 1974 годзе дэканам факультэта грамадскіх і гуманітарных навук Альфрэдам Ньюманам. Амаль 100% выпускнікоў займаюць прэстыжныя пасады ў даследчыцкіх арганізацыях, дзяржаўных агенцтвах, буйных карпарацыях, альбо адкрываюць свае.

Другая кузня футуролагаў – Гавайскі універсітэт (University of Hawaii) . Тут “курсы будучыні” адкрыліся ў 1969 годзе на факультэце палітычных навук. Студэнты вывучаюць стратэгічнае планаванне, менеджмент зменаў, класічныя і сучасныя тэорыі сацыяльных зменаў, тэхнікі даследавання будучыні, статыстыку, эканамічнае і дэмаграфічнае прагназаванне. Патрабаванні да абітурыентаў: іспыт GRE і ступень бакалаўра (ці эквівалент), а вось якая – залежыць ад галіны футуралогіі, якую выбірае будучы студэнт. Сюды паступаюць гісторыкі, журналісты, палітолагі, бізнесмены, педагогі, інжынеры.

WEB:ведай больш

Aсацыяцыя прафесійных футурыстаў. Спіс літаратуры па футуралогіі са спасылкамі, лінкі на рэсурсы з дадатковай інфай па прагназаванні будучыні.

Mіжнародная “лабараторыя будучыні”, офісы якой раскіданыя па ўсім свеце: ад Японіі і Аўстраліі да Мексікі. Futures Lab спецыялізуецца на сферах спажывання і бізнесу, кансультуе сусветныя карпарацыі і інстытуты, стварае мадэлі future world.

Паглядзець, што такое сапраўдны інстытут будучыні, можна на www.iftf.org. Вядома ж, без робата Вертэра там не так весела.

Інстытут альтэрнатыўнай будучыні – недзяржаўная даследчыцкая і адукацыйная арганізацыя. Тут можна знайсці шмат спасылак на футуралагічныя арганізацыі, апошнія публікацыі па тэме.

Футуралагічная онлайн-адукацыя. патрабаванне да будучых слухачоў – эсэ на тэму “Мй тыповы дзень праз 30 год”.

http://knihi.net/index.php?productID=425 ..

  • Оцени статью: