«Ва ўсіх бытавуха як бытавуха, а ў цябе бээнэфаўцы маршыруюць па вёсках»

20 год таму пад Карэлічамі ў вёсцы Краснае прайшло шэсце ў гонар Дня Волі.Акурат пасля святкавання ў Мінску 80-годдзя абвяшчэння БНР.

Той Дзень Волі — сталiчны — стаў маёй першай масавай акцыяй, дагэтуль я сачыў за палітычнымі падзеямі ў краіне з прэсы. Кароценькі артыкул у газеце «Навіны» (рэікарнацыя гермянчукоўскай «Свабоды»), які абяцаў «дазволеныя ўладамі святочныя мерапыемствы», канчаткова пераканаў у тым, што трэба ехаць.

На той час я вучыўся ў Навагрудскім сельскагаспадарчым тэхнікуме. Нават просты ўдзел у дазволеным шэсці мог каштаваць калі не вучобы, то пераводу на завочнае. І ўсё ж паехаў.

Ці трэба казаць, якое ўражанне ў мяне было ад дзесяцітысячнага шэсця па праспекце, ад таго, што на свае вочы пабачыў тых, пра каго дагэтуль толькі чытаў.

Шэсце на 80-годдзе БНР у Мінску, 1998 год. Фота vytoki.net

Праз тыдзень я прыехаў да бацькоў у вёску Краснае, што каля Карэлічаў. У нядзелю сустрэўся з сябрам, з якім разам былі на Дні Волі. Пачала збірацца кампанія, якая слухала нашыя аповеды пра шэсце ў Мінску. Слова за слова, сябар расказаў, што можа раздабыць бел-чырвона-белы сцяг. Маўляў, у аднакласніка ёсць — яшчэ той, што ў 1995-м знялі з даху сельсавета.

Вёска Краснае Карэліцкага раёна, нашы дні. Адсюль, ад будынка сельсавета, 20 год таму стартавала імправізаванае шэсце

І вось сцяг у нас. Ці то сакавіцкае сонейка разам з вясновым паветрам на нас паўплывала, ці свежыя ўражанні ад маршыравання па праспекце ў шматтысячнай калоне, але хутка мы вырашылі памітынгаваць. Натуральна, жартам. Выламалі тапалёвую лазіну патаўсцей, пачапілi сцяг і рушылі.

Спярша пікетавалі сельсавет, выказаўшы яму ганьбу за «адмову дазволіць наш мітынг». З вокнаў установы нас мог бачыць хіба стораж. Пастаяўшы пад вокнамі, мы, нечакана для саміх сябе, рушылі па вуліцах вёскі.

Пазней знаёмыя раскажуць, што бачылі наша рэдзенькае, але надзіва бойкае і галасістае шэсце з вокнаў сваіх дамоў і кватэр. Многія з іх не падзялялі нашыя погляды, але прызванаваліся, што карціна была незвычайная, і нават прыгожая.

Значна пазней я зразумеў сэнс забаронаў вулічных акцый: спачатку хтосьці незаангажаваны ў палітыку бачыць незвычайнае відовішча, некаторыя нават далучаюцца да яго, а там недалёка і да навяртання ў шэрагі сталых удзельнікаў.

Так было і ў той гісторыі. Па дарозе да нас далучылася яшчэ колькі нашых аднагодкаў. Яны ўпарта спрачаліся з намі, але ішлі разам і міжволі дадавалі нашай калоне вагі.

Мы выкрыквалі класіку «Жыве Беларусь!» і «Луку на муку!», а таксама патрабавалі свабоду Вадзіму Кабанчуку. Сцяг неслі па чарзе — нават нашым апанентам хацелася патрымаць яго ў руках.

— Я б вас на вілы пасадзіў, г…ны бээнэфаўскія! — пракаментаваў нашы воклічы зямляк, які чатыры гады таму галасаваў за Лукашэнку.

Непадалёк праехаў тагачасны старшыня калгасу, прыпыніўся, углядаючыся ў нашы постаці, і з’ехаў. Пазней злыя языкі раскажуць, што менавіта ён паведаміў пра нашу дэманстрацыю ў міліцыю.

Далей нас чакаў прыемны сюрпрыз: некалькі дзядзькоў, што рамантавалі плот на нашым шляху, пачалі вітаць нас воклічамі «Жыве Беларусь!»

А потым быў фінальны акорд каля лавачкі з бабулямі, якія ў духу часу дакаралі нас тым, што «Лукашэнка ешчо малады, яму ўсе мяшаюць», а «он жэ нам пенсіі і зарплаты плаціць».

На наступы дзень мы раз’ехаліся хто куды па вучобах, частка «дэманстрантаў» засталася ў вёсцы. Бацькі адразу папярэдзілі нас з братам, што бяз следу нашыя маршы не пройдуць, каб мы чакалі наступстваў.

…Неўзабаве тых, хто застаўся ў вёсцы, пачалі выклікаць у РАУС на гутаркі. Дапытваліся: хто, як і навошта ўчыніў шэсце па вёсцы. Адкуль сцяг? Хто-што выкрыкваў?

Сябар пасля расказваў, што наш участковы абышоў з папкай вёску па нашым маршруце, зайшоў ледзь не ў кожны дом, каб спытаць, што ў той дзень бачылі людзі.

Мне з братам і сябру ў міліцыю ісці не давялося. Знаёмыя пазней казалі, што за нас заступіўся былы дырэктар школы, сёння — высокі чыноўнік.

Маршрут вясковага шэсця

Хутка справу спусцілі на тармазах. Знаёмы міліцыянт казаў, што ў органах нібыта проста не захацелі раздуваць скандал, які і так прагрымеў на ўвесь раён. Самі ж міліцыянты смяяліся з нашага ўчастковага, маўляў, ва ўсіх бытавуха як бытавуха, а ў цябе бээнэфаўцы завяліся і маршыруюць па вёсках.

  • Оцени статью:
  • Проголосовало: 2
  • Балл: 5