Якім ёсць колер Беларусі? Збіраем грошы на перавыданне кнігі Міхала Анемпадыстава

12 сакавіка пачалася кампанія ў падтрымку новага выдання кнігі выбітнага мастака, дызайнера і паэта Міхала Анемпадыстава «Колер Беларусі». Гэта захапляльнае падарожжа ў Беларусь праз гісторыю і сучаснасць колераў.

Дызайнерскі альбом «Колер Беларусі» стаў апошняй вялікай працай Міхала Анемпадыстава. Ён спалучае ў сабе візуальную і літаратурна-даследчую частку, ствараючы эфект поўнага пагружэння ў колеравы свет Беларусі.

Чаму ў беларускай традыцыйнай культуры амаль няма апісанняў зімовых краявідаў і снегу? Як звязаны чырвоны колер з развіццём тэхналогій? Што яднае шэры і зялёны? Чаму «красным» у Беларусі называлі зялёны колер? І ўрэшце — якім ёсць колер Беларусі? Адказы на гэтыя пытанні — не проста забаўныя цікавосткі, гэта падставы для прафесійнай працы. Для архітэктараў, дызайнераў, мастакоў і краязнаўцаў гэта новая веда. Яна дае магчымасць уключаць сваю працу ў гістарычны кантэкст, прастору культуры і мясцовы ланшафт, чаго сёння так моцна бракуе ў стварэнні гарманічнага асяроддзя. Але гэты альбом не толькі для прафесіяналаў, ён дае новы погляд на нашую паўсядзённасць і ўпадабанні, на саміх сябе і сваю культуру.

Кніга стала завяршальным этапам шматгадовай працы аўтара і была выдадзена ў 2017 годзе абмежаваным накладам, які адразу разышоўся сярод знаўцаў і прыхільнікаў творчасці Міхала Анемпадыстава. У кнізе апісаныя сем колераў, якімі «пафарбаваная» беларуская культура: белы, чорны, чырвоны, сіні, шэры, залаты і зялёны. Кожны «энцыклапедычны артыкул» праілюстраваны дзясяткамі фота, дзе зафіксаваная прысутнасць колера ў прыродзе і ў матэрыяльнай культуры.

Дызайнерскі альбом ужо паспеў стаць каштоўным артэфактам сучаснай беларускай культуры, дзе ў непаўторным стылі аўтара адбываецца пошук Беларусі. Гэты стыль мы добра ведаем і любім па культаваму «Народнаму альбому» і вобразах шэрагу ўплывовых культурніцкіх кампаній. Гэтая кампанія дае магчымасць усім жадаючым замовіць кнігу і стаць уладальнікам унікальнага выдання, створанага геніяльным сучаснікам, які заўчасна пакінуў нас.

Кампанія распачалася 12 сакавіка на краўдфандынгавай платформе Ulej.by. Плануецца выдаць кнігу накладам 500 экземпляраў. Краўдфандынгавая кампанія працуе па прынцыпе перадзамовы: падтрымаўшы праект, чытачы атрымаюць кнігу па нізкім кошце. Адзін асобнік будзе каштаваць 40 рублёў. Пры замове некалькіх экзэмпляраў кошт будзе меншым. Да ўдзелу запрашаюцца таксама асобы і кампаніі, якія гатовыя выступіць спонсарамі, каб кніга магла патрапіць у бібліятэкі, культурніцкія ўстановы і публічныя прасторы.

Краўдфандынгавая кампанія арганізаваная Лятучым ўніверсітэтам у партнэрстве з кнігарняй «Логвінаў». Па словах арганізатараў кампаніі, яны імкнуцца зрабіць дасяжнай для шырокага кола прафесійную і выкшталцоную працу з традыцыяй. Гэта ўнікальны падручнік, які дазваляе на вербальным і невербальным узроўні засвоіць частку малавядомай беларускай культуры.

Кампанія дазволіць яшчэ раз прадставіць Міхала Анемпадыстава як чалавека культуры, што ўяўляў і ствараў беларускую ідэнтычнасць і стыль з простых рэчаў: словаў і гукаў, вобразаў і фактуры, колераў і ўпадабанняў, гісторыі і сучаснасці.

«Да нас часта звяртаюцца з пытаннем, дзе можна набыць «Колер Беларусі», і гэтая кампанія — выдатная магчымасць атрымаць кнігу для ўсіх прыхільнікаў творчасці Міхала Анемпадыстава», – кажуць арганізатары. «Апроч таго, мы разлічваем, што кніга стане вядомай і запатрабаванай як шыкоўная прэзентацыя нашай краіны і культуры. Гэта стылёвы і адначасова змястоўны падарунак тым, хто гатовы да падарожжа ў Беларусь».

Кампанія будзе ісці да 25 красавіка. Падтрымаць кампанію і перадзамовіць кнігу можна па спасылцы

  • Оцени идею:   
  • Проголосовало "ЗА": 1
  • "ПРОТИВ" : 1