Пяць назіранняў па выніках Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы

Ульрык Эстэр Франкэ, Еўрапейская рада па міжнародных дачыненнях, Ідэя

У сусветнай палітыцы патрэбна лідарства – але ў Мюнхене яго не хапала.

У мінулыя выходныя адбылася 54-я Мюнхенская канферэнцыя па бяспецы. Гэта штогадовы форум, дзе сустракаюцца дзяржаўныя дзеячы і дзяячкі ды спецыялісты ў галіне бяспекі і абароны і разам спрабуюць наводзіць парадак у нестабільным свеце – або хаця б разабрацца, што адбываецца. У гэты раз не атрымалася ні адно, ні другое.

Свет у пошуках лідарства

У гэтым годзе ў свеце адбываецца столькі крызісаў і канфліктаў, што хапіла б на тры Мюнхенскія канферэнцыі па бяспецы. У сусветнай палітыцы патрэбна лідарства – але ў Мюнхене яго не хапала. Часткова гэта было выклікана цяперашняй нявызначанасцю ў нямецкай палітыцы.

Аднак найбольш на працягу ўсяго мерапрыемства адчувалася адсутнасць лідарства з боку ЗША.

Міністр абароны ЗША Джэймс Мэціс прысутнічаў на канферэнцыі, але ён не выступаў і не даваў інтэрв’ю, а тыя прадстаўнікі ўладаў з ЗША, якія выказваліся, гаварылі пра адказнасць іншых краін. Напрыклад, дарадца прэзідэнта па пытаннях нацыянальнай бяспекі МакМасцер адзначыў, што «мы ўсе павінны падзяліць адказнасць», бо «мір і дабрабыт у свеце залежыць ад усіх народаў».

Па выніках канферэнцыі пытанняў засталося нашмат болей, чым адказаў. Чым даўжэй цягнулася мерапрыемства, тым больш узнікала яшчэ і абвінавачванняў. Ізраіль абвінаваціў Іран, Іран абвінаваціў Ізраіль, ЗША абвінавацілі Расію, Турцыя абвінаваціла курдаў. І ў гэты ж час: абнаўляліся арсеналы ядзернай зброі, распрацоўваліся новыя віды зброі, публікаваліся гнеўныя твіты.

Многія дзяржаўныя дзеячы захапілі з сабой наглядныя матэрыялы для большай пераканаўчасці. Біньямін Нетаньяху махаў кавалкам іранскага дрону, Пётр Парашэнка прывёз еўрапейскі сцяг, а японскі міністр замежных справаў Таро Кона паказваў фотаздымкі паўночнакарэйскіх танкераў. Прысутным журналістам гэта дало магчымасць зрабіць добрыя кадры, але на прасоўванне дыялогу паўплывала мала.

Еўрапейская абарона, дзе ж ты?

У пятніцу на пачатку канферэнцыі выглядала, нібы недахоп лідарства можа кампенсаваць Еўропа. Канферэнцыю адкрывалі міністарка абароны Германіі Урсуля фон дэр Ляен і яе калега з Францыі Флёранс Парлі. Гэты факт ужо варта адзначыць сам па сабе, бо мінулагоднюю канферэнцыю адкрывалі міністры замежных справаў Германіі і ЗША.

Аднак хутка стала зразумела, што еўрапейцы не гатовыя запоўніць пустэчу, што ўзнікае пасля таго, як ЗША адвярнуліся ад пытанняў міжнароднага ўпарадкавання. Абедзве міністаркі падкрэслілі важнасць аб’яднанай Еўропы: «Мы хочам захаваць трансатлантычную повязь, аднак у той жа час мы хочам стаць больш «еўрапейскімі» (Урсуля фон дэр Ляен); «Еўропа – гэта не прыемны дадатак, гэта неабходнасць» (Флёранс Парлі). Тым не менш, гэта былі больш заявы аб намерах, а не факты.

Нават каб гарантаваць уласную бяспеку Германія мае змагаецца. Нягледзячы на агульны лейтматыў адзінства ў прамовах, выступы міністарак падкрэслілі, што прыярытэты палітыкі ЕС працягваюць разыходзіцца. Урсула фон дэр Ляен падкрэсліла важнасць развіцця, а Парлі казала пра неабходнасць агульнай стратэгічнай культуры.

Як красамоўна адзначыў кіраўнік канферэнцыі па пытаннях палітыкі і аналізу, «для шмат каго ў Мюнхене ЗША глядзяцца ўсё больш як карабель без радараў, а еўрапейцы прапануюць аналітыку, а не стратэгіі».

Еўрапейская абарона мусіла быць адной з галоўных тэмаў гэтай Мюнхенскай канферэнцыі, што пацвярджалася шматлікімі публікацыямі, якія распаўсюджваліся на месцы правядзення канферэнцыі. Але пасля першых заяваў энтузіязм хутка сціх – панэльную дыскусію на тэму «супрацоўніцтва ЕС і НАТА ў галіне абароны», якая адбывалася пасля абеду, ужо мала хто наведаў.

Да таго ж, у суботу ранкам прамова Тэрэзы Мэй на тэму брэкзіта падкрэсліла ўнутраныя супрацьстаянні ў Еўропе. Звяртаючыся да Еўрапейскага саюза, Мэй заклікала да пагаднення аб бяспецы паміж Вялікабрытаніяй і ЕС, але фундаментальнае пытанне будучых стасункаў паміж саюзам і хутка ўжо былым яго членам застаецца адкрытым. Адказам на пэўныя выклікі магло б быць больш адзінства ў еўрапейскай абароне, але пакуль што, здаецца, Еўропа не гатовая справіцца з такой задачай.

Тэхналогіі пужаюць. І захапляюць

Тэма тэхналогіяў праходзіла праз усю канферэнцыю. Робат «Сафія» адкрыла дыскусію пра ролю штучнага інтэлекта ў канфліктах. Аляксандр Карп, адзін з заснавальнікаў кампаніі Palantir, якая займаецца праграмным забеспячэннем і аналізам дадзеных, разважаў, якім чынам можна выкарыстоўваць распрацоўкі Сіліконавай даліны для еўрапейскай абароны, а Мэры Ўэрхэм з Human Rights Watch папярэджвала пра небяспеку робатаў-забойцаў.

На панэльных дыскусіях было бачна, што распрацовак шмат, але агульнае ўражанне было такое: няпэўнасць.

Вітаць гэтыя новыя тэхналогіі ці не і як іх рэгуляваць было не зразумела.

Прыярытэт двухбаковым сустрэчам

Мюнхенская канферэнцыя – гэта проста пляцоўка: «Найбольш важнае адбываецца за кулісамі». Каб зразумець, наколькі гэта сцверджанне праўда, трэба пабываць на Мюнхенскай канферэнцыі.

Магчыма, гэта адзіная канферэнцыя, дзе на выступе Генеральнага сакратара ААН аўдыторыя радзее.

Але адсутныя занятыя зусім не экскурсіяй па халодных і пакрытых слатой наваколлях. Яны занятыя «двухбаковымі сустрэчамі» – неафіцыйнымі, а часам і сакрэтнымі сустрэчамі паміж дэлегацыямі. Пакуль што свет яшчэ не у курсе, ці з гэтых дыскусіяў нарадзіліся новыя пагадненні, але хто ведае, магчыма новыя кірункі палітыкі былі выпрацаваныя як раз у гэтыя выходныя ў Мюнхене.

Доўгі шлях да разнастайнасці

Яшчэ адна звыклая рыса Мюнхенскай канферэнцыі: яе тыповы наведвальнік – гэта даволі пажылы мужчына еўрапеоіднай расы. У гэтым можна вінаваціць не толькі арганізатараў (хоць я і магла б параіць ім цэлы спіс жанчынаў, якіх варта было б запрасіць). Гэта звязана з тым, што чым вышэйшы ўзровень пазіцыі ў сферы міжнароднай бяспекі і абароны, тым менш разнастайнасці сярод людзей, якія гэтую пазіцыю займаюць.

Тым не менш, радаваў той факт, што канферэнцыю адкрывалі дзве жанчыны, а аўстрыйскі канцлер Себасцьян Курц, якому 31 год, значна панізіў сярэдні ўзрост удзельнікаў канферэнцыі. Ужо ёсць праграмы, якія спрабуюць змяніць аднастайны склад удзельнікаў, напрыклад «Мюнхенскія маладыя лідары«, але варта і трэба рабіць больш.

Асабліва ўлічваючы тое, што цяперашні склад удзельнікаў відавочна прабуксоўвае ў знаходжанні адказаў на сённяшнія выклікі.

«Спадзяюся, вы ўсе прыехалі сюды з рэкамендацыямі адносна далейшай палітыкі, прыехалі слухаць …і будаваць давер», сказаў ва ўступным слове Вольфганг Ішынгер. Выглядае, што ў гэтым годзе ў Мюнхене мала што з названага мела плён. Улічваючы цяперашнюю глабальную сітуацыю ў сферы бяспекі, гэта падстава для сур’ёзнай занепакоенасці.

  • Оцени статью: