«Прызначаныя дэпутаты і пальцам за людзей не варухнуць». Пераабраны апазыцыянэр Валер Білібуха кажа, што застанецца нязручным дэпутатам

Валера Білібуху другі раз запар абралі дэпутатам Першамайскага савету Бярозаўскага раёну. Паводле папярэдніх дадзеных, гэта адзіны прадстаўнік дэмакратычнай апазыцыі, якога абралі дэпутатам па выніках мясцовых выбараў.

Валер Білібуха. Фота: Радыё Свабода

Валер Білібуха працуе лесарубам у лясьніцтве. У 2013 годзе ён пазнаёміўся з Паўлам Севярынцам, які адбываў тады пакараньне «на хіміі» ў суседнім Пружанскім раёне, і далучыўся да аргкамітэту па стварэньні Беларускай Хрысьціянскай Дэмакратыі.

— Як людзі ў вёсцы паставіліся да вашага пераабраньня?

— Цудоўна, во адбіваюся ад тэлефанаваньняў, усе віншуюць. Хаця, папраўдзе, я і не сумняваўся, што ў сельсавет буду абраны. Бо я ж ведаю, што тут большасьць людзей за мяне. А як жа ўлады падмануць іх, калі кожнага потым можам апытаць, і скаргі скласьці, і запатрабаваць адкліканьня сфальсыфікаванага дэпутата... Мэханізмаў шмат, таму і пабаяліся нешта рабіць. Дый мае сябры былі і ў камісіі, і ў назіраньні. Я ж усім дзякую за давер, што чарговы раз мне аказалі. Не чыноўнікам дзякую, а людзям, вяскоўцам.

— Ці адчувалі вы нейкія перашкоды ў часе выбараў?

— Канечне, ужо адразу на пачатковым этапе выбарчай кампаніі я гэта адчуў, калі мне зьмянілі межы акругі, адабралі дзьве вуліцы з моладзьдзю і далі ўзамен адну. Я разумеў, што пачынаецца кулюарная валтузьня. Потым укід быў у райгазэце — аблівалі брудам. Потым падкінулі мне канкурэнта, хоць астатнія ішлі безальтэрнатыўна. Рабілі ўсё, каб напаскудзіць.

— Што для вас значыць дэпутацкі мандат? Ён неяк вам дапамагае?

— Натуральна! Будзем далей вырашаць праблемы выбарцаў, бо іх мора. А на дэпутацкія запыты ўсё ж актыўней рэагуюць. У нас жа выбарцы не ідуць да тых «прызначаных» дэпутатаў-чыноўнікаў, якія нічога не вырашалі і вырашаць ня будуць. Яны ідуць да мяне, таму што я не зьбіраюся быць «зручным» для нейкіх чыноўнікаў. І ніводзін чалавек зь нейкай просьбай ня будзе адкінуты ўбок.

— Падзяліцеся, якія пляны маеце надалей як дэпутат?

— Першае пытаньне — гэта вясковыя дарогі. Напрыканцы 2017 году мы з выбарцамі чарговы раз патрабавалі, каб іх добраўпарадкавалі, нам адказалі, што на 2018 год рамонт дарог уключаны ў плян. Будзем кантраляваць, каб гэты плян быў выкананы.

Другое вельмі вострае пытаньне — праблема зь якасьцю пітной вады ў Кабаках. Гэтую праблему мы ўжо раней уздымалі, ладзілі збор подпісаў, сходы. У выніку нават дзейны дэпутат Палаты прадстаўнікоў уключаў у сваю праграму будаўніцтва станцыі абезжалезваньня. Паабяцаў, што ў 2020 годзе будзе пабудаваная гэтая станцыя, але да таго часу і яго тэрмін дэпутацтва сыходзіць.

Таму будзем дабівацца вырашэньня гэтай праблемы, бо так не выпадае. Мы плацім як за чыстую ваду, а атрымліваем тэхнічную.

Таму маўчаць ня будзем, бо нічога ня зрушыцца. Я сваю задачу бачу як пасярэдніка паміж выбарцамі і выканаўчай уладай. Калі выбарцы маюць нейкія праблемы, то менавіта я павінен першым патрабаваць ад выканаўчай улады выкананьня просьбаў грамадзян. А «прызначаныя» дэпутаты і пальцам за людзей не варухнуць, яны толькі і азіраюцца на выканкам.

  • Оцени статью: