Стагодзьдзе Машэрава: народны герой ці выканаўца волі Крамля

13 лютага спаўняецца 100 гадоў зь дня нараджэньня Пятра Машэрава. Кім быў Машэраў для Беларусі — беларускім героем ці выканаўцам волі Крамля? Абмяркоўваюць Сяргей Навумчык, Юры Дракахруст, Віталь Цыганкоў і вядучая Ганна Соўсь.

Ганна Соўсь: 13 лютага спаўняецца 100 гадоў зь дня нараджэньня кіраўніка кампартыі Беларусі ў 1965-1980 гадах Пятра Машэрава. На гэтай пасадзе ў БССР зьмянілася шмат людзей: Панамарэнка, Патолічаў, Мазураў, пасьля Машэрава — Кісялёў, Сьлюнькоў, Сакалоў, Малафееў. Так выглядае, што ніхто зь іх асабліва не затрымаўся ў народнай памяці. А чаму толькі Машэраў застаўся? Астатніх жа таксама камуністычная прапаганда апявала, партрэты на дэманстрацыях насілі.

Сяргей Навумчык: Сапраўды тут можна казаць пра фэномэн. Ёсьць тры відавочныя рэчы. Першае, гэта зорка Героя Савецкага Саюзу за партызанскія дзейнасьць, абсалютна заслужаная. Другое, ён быў, як лічыцца, удалым кіраўніком. І трэцяе, яго трагічная гібель, што таксама паўплывала. Трагедыя адбылася ў 1980 годзе, але да гэтага ў яго было тое, што засталося ў памяці людзей.

Зорка Героя была ў Лабанка, у іншых кіраўнікоў Беларусі, удалым кіраўніком быў Ціхан Якаўлевіч Кісялёў, які 20 гадоў узначальваў Савет міністраў і тую сацыялістычную "эканоміку" ведаў ня горш за Машэрава. Чаму Машэраў? Я гутарыў зь некаторымі з тых, хто быў ня проста блізка каля яго, але хто быў таксама кіраўніком рэспублікі. Гэта былыя сакратары ЦК Кузьмін і Аксёнаў. Я думаю, прычына палягае ў тым, што яны яму выстаўлялі як недахоп. Ацэньваючы яго высока, яны гаварылі, што тым ня менш ён «заігрываў з народам».

Дык вось, тут я б паставіў акцэнт на «з народам». Першаму сакратару ЦК, як увогуле, сакратару абкаму ці райкаму, не было ніякай патрэбы «заігрываць» з народам, бо яны ўвогуле ніяк не залежылі ад народа, іх кар'ера цалкам залежыла ад начальства, у выпадку з Машэравым - ад Генэральнага сакратара ЦК КПСС. Але пры гэтым Машэраў ішоў да людзей, і людзі гэта адзначалі.

​У гэтым сэнсе, ён у нейкай ступені быў палітыкам заходняга тыпу. Калі былі б сапраўдныя выбары тады, ён меў бы вялікія шанцы на перамогу не таму, што так сказала Масква ці ЦК, а таму, што ён быў гатовым палітычным лідэрам з пэўнай абаяльнасьцю. Канечне, ён быў артыст, але артыстызм для палітыка — таксама важная рэч. І безумоўна, на сёньняшняе стаўленьне да Машэрава істотна паўплывала яго трагічная гібель, і да гэтага часу, як лічаць многія, кропкі не пастаўленыя ў гэтай гісторыі.

Ганна Соўсь: У інтэрвію амэрыканскаму дасьледніку Грыгорыю Ёфэ Аляксандар Лукашэнка некалькі гадоў таму наступным чынам адказаў на пытаньне пра цяперашні стан беларускай мовы: «Усе пытаньні — да Машэрава. Гэта ня я, разумееце? Не я. Я атрымаў такую краіну, дзе на рускай мове, а часам на нейкай трасянцы больш размаўлялі, чым на беларускай мове». А чаму ўсе пытаньні менавіта да Машэрава? Наколькі слушны гэты закід?

​Віталь Цыганкоў: Гэта ў стылі Лукашэнкі такая трошкі непрыстойная адмазка, ківок у бок. Гэта не Машэраў, а Лукашэнка спыніў беларусізацыю ў 1995 годзе, калі 70-80% школьнікаў хадзілі ў беларускамоўныя школы. Гэта пасьля рэфэрэндуму, празь які Лукашэнка адмяніў дзяржаўнасьць толькі беларускай мовы і ўвёў дзяржаўнасьць дзьвюх моваў, пачалося паступовае зьнішчэньне беларускай мовы ў сыстэме адукацыі, у сыстэме СМІ.

Што тычыцца Машэрава, то тут ёсьць свая рацыя, што менавіта падчас кіраваньня Машэрава гэтыя 15 гадоў адбылося тое, што мы называем русыфікацыяй грамадзкага жыцьця ў Беларусі — русыфікацыя адукацыі, русыфікацыя ўсіх астатніх сфэраў жыцьця. І гэта, безумоўна, можна зьвязваць з Машэравым. Па-ранейшаму сярод гісторыкаў ідуць спрэчкі, ці гэта быў аб’ектыўны працэс, які адбываўся ва ўсім савецкім Саюзе, але, безумоўна, Машэраў тут быў першым вучнем. Іншыя кіраўнікі альбо партыйныя эліты ў іншых рэспубліках СССР супраціўляліся гэтаму працэсу, калі ён і меў нейкае месца, як абʼектыўны працэс большай цэнтралізацыі, русыфікацыі, то ў Беларусі яму не супраціўляліся і ішлі насустрач.

Думаю, што на гэта ўплывала і тое, што пры ўсіх сваіх станоўчых якасьцях, пры ўсім сваім іміджы Машэраў усё ж быў, як мне падаецца, дастаткова прававерным камуністам. Больш ідэйным, больш ідэалістычным камуністам, чым іншыя цынічныя партыйныя работнікі. І ён, магчыма, верыў у тое, што ідзе зьліцьцё моваў, што ўсе сальюцца ў адзін савецкі народ. Ён ніяк не супраціўляўся русыфікацыі і яна ішла хутчэй, чым гэтага, можа, хацела Масква.

А зь іншага боку ўсе народныя пісьменьнікі, усе волаты беларускай літаратуры таго часу маюць свае даволі прыязныя і прыемныя ўспаміны пра тое, як Машэраў сустракаўся зь імі, як ён клапаціўся пра іх у матэрыяльным сэнсе, дапамагаў, абараняў нават. Такі дуалізм. З аднаго боку беларуская мова зьмяншалася ва ўсіх сфэрах жыцьця, з другога боку ён усяляк падтрымліваў нацыянальную літаратуру і культуру, так, як ён гэта разумеў.

Ганна Соўсь: Юры, а ў чым яшчэ можна папракнуць Машэрава і што закідаюць яму, акрамя мовы? Што робіць яго вобраз не такім ужо і прывабным? Тое, што ён быў цынічным камуністам?

Юры Дракахруст: Найперш, зразумела так. Ён у нечым мог адхіляцца ад генэральнай лініі, але ў цэлым ён, безумоўна, быў правадніком лініі, якая вызначалася зусім ня ім. Прычым нават у дробязных рэчах. Пра гэта распавядаюць людзі, якія тады служылі ў апараце і пры Машэраве і нават пазьней ледзь не да перабудовы, што з Масквы дыктаваўся ледзь ня кожны крок. І ён рабіў паўкрокі, чвэрцькрокі ад той савецкай сыстэмы, прадстаўніком якой ён быў.

Калі казаць пра буйныя праекты, якія пры ім былі, гэта, зразумела, мэліярацыя. Такі савецкі падыход: «Теки вода к Кубань-реке, куда велят большевики». Куды «повелят», туды і пайшло. І гэта быў мацнейшы ўдар па экалёгіі, па Палесьсю, гэта адгукалася вельмі доўга. Калі казаць казаць пра Машэрава як пра героя, то ён герой хутчэй беларускага гораду, а не вёскі. Вялікі беларускі горад паўстаў менавіта пры Машэраве.

Ганна Соўсь: І беларускі горад пры ім таксама разбуралі, калі казаць пра Нямігу.

Юры Дракахруст: Так. Але эпоха заняпаду беларускай вёскі — гэта эпоха Машэрава таксама.

Пры ім Беларусь аграрная стала Беларусьсю ўрбанізаванай.

Сяргей Навумчык: Хачу зрабіць адну рэмарку пра цынічнага камуніста. Я бы крыху зьмясьціў акцэнты. Я думаю, што ён быў шчырым камуністам. Магчыма, шчырым камуністам быць горш, чым цынічным. Але тут розьніца была ў чалавечым пляне. Ён сапраўды верыў, як мне падаецца, у гэтыя ідэалы, і не цынічна. Цынічнымі камуністамі былі тыя лідэры кампартый рэспублік Сярэдняй Азіі, у якіх знаходзілі дзясяткі мільёнаў рублёў у залатых зьлітках. Машэраў як раз такім ня быў. Безумоўна, мы ня можам здымаць зь яго палітычнай адказнасьці за русыфікацыю і за мэліярацыю, але калі быць абʼектыўна гістарычна дакладным, то не з Машэрава пачалася русыфікацыя. Яна пачалася пры Мазураве. І мэліярацыя пачалася не з Машэрава, яна пачалася з 1950-х гадоў. Калі мы гаворым пра горад, то і гэта можна паставіць Машэраву ў заслугу. Пры ім Беларусь аграрная стала Беларусьсю ўрбанізаванай. Тут таксама ня ўсё адназначна, але гэта быў выхад на прынцыпова іншы ўзровень.

  • Оцени статью:
  • Проголосовало: 13
  • Балл: 3.8