Украіна два гады жыве без расейскага газу. Ці зможа Беларусь гэта паўтарыць?

Украінцы дорага плоцяць за ацяпленьне, але газ купляюць у эўрапейскіх пастаўшчыкоў. А Беларусь у гэты час марыць пра газавую формулу «Як у Смаленску, так і ў Менску». Як пражыць без расейскага газу, чытайце ў нашым рэпартажы.

Ужо два гады, як Украіна адмовілася ад паставак газу наўпрост з Расеі. Але залежнасьць ад расейскага газу ліквідаваная толькі дэ-юрэ: «газпромаўскае» блакітнае паліва заходзіць ва Ўкраіну праз эўрапейскіх контрагентаў — Польшчу, Вугоршчыну і Славаччыну. На апошнюю, дарэчы, прыпадае больш як 80 адсоткаў ад аб’ёму імпартаванага ва Ўкраіну прыроднага газу.

Пры гэтым Украіна захоўвае статус найбольшага транзытэра прыроднага газу ў Эўропу. Сёлета аб’ём транзыту расейскага газу (80,8 мільярда кубамэтраў) праз украінскую тэрыторыю стаў рэкордным за апошнія сем гадоў. Але для аднаўленьня паставак газу наўпрост з Расеі ўкраінскія экспэрты пакуль ня бачаць палітычных перадумоў. Тым больш што і пытаньне дывэрсыфікацыі паўстала толькі пасьля анэксіі Расеяй Крыму і збройнага канфлікту на Данбасе.

Кошт адмовы

​У 2016 годзе, праз год пасьля пераходу на рынкавыя цэны пры набыцьці імпартных энэргарэсурсаў, урад Украіны быў вымушаны ўвесьці адзіныя тарыфы для насельніцтва і прамысловых спажыўцоў, нягледзячы на тое, што побытавы сэктар забясьпечваецца газам уласнай здабычы, значна таньнейшым.

У выніку і цана на жыльлёва-камунальныя паслугі павялічылася ў некалькі разоў, што стала асабліва адчувальна ў зімовы пэрыяд, калі грамадзяне мусяць плаціць за ацяпленьне. Пытаньне пра далейшае павышэньне тарыфаў узьнімалася сёлета ўжо неаднойчы.

Дырэктар энэргетычных праграмаў Цэнтру ўсясьветнай эканомікі і міжнародных дачыненьняў Нацыянальнай акадэміі навук Украіны Валянцін Зямлянскі раіць у такіх пытаньнях разьдзяліць эканоміку і палітыку:

«Калі мы кіруемся палітычнай мэтазгоднасьцю, тады мусім за яе плаціць. А ў нас атрымліваецца патавая сытуацыя, калі, з аднаго боку, урад вядзе палітыку, падвышаючы градус напружаньня ва ўзаемаадносінах з Масквой, а з другога кажа: «Не, мы будзем трымаць тарыфы, бо ніхто ня хоча страчваць электаральныя балы». Ніхто ня хоча ведаць праўду наконт таго, што нам давядзецца за гэта заплаціць. А ў канчатковым выніку мы бачым, што на субсыдыі грошай не хапае і пачынаецца штучнае зьмяншэньне колькасьці іх атрымальнікаў. Кампэнсацыі можна даць максымум 20 адсоткам хатніх гаспадарак», — кажа Зямлянскі.

Будучыня — за электронным газавым гандлем

Паводле экспэртаў, дывэрсыфікацыя газавых паставак ва Ўкраіну была б зусім пасьпяховай, калі б блакітнае паліва набывалася праз хабы. Цяперашняя ж формула — звычайны рэвэрс таго ж расейскага газу з эўрапейскіх краінаў.

«Што такое эўрапейскі рынак? Трэці энэргапакет (галіновае заканадаўства Эўрасаюзу, ухваленае ў 2009 годзе, каб абмежаваць манаполію пастаўшчыкоў газу і электрычнасьці, якія блякуюць пастаўкі ад энэргетычных кампаній-канкурэнтаў, бо валодаюць сеткамі дастаўкі да спажыўцоў. — РС) — гэта схема віртуальнага замяшчэньня. Умоўна кажучы, на тэрыторыі застаецца расейскі газ, ён нікуды „ня бегае“, калі ў вас ёсьць кантракт зь любой эўрапейскай кампаніяй. Гэта віртуальны рэвэрс. І па такой схеме працуюць усе эўрапейскія газавыя апэратары і нафтагазавыя пастаўшчыкі».

Такім чынам, фізычна «ганяць» аб’ёмы газу няма патрэбы, проста ён юрыдычна будзе афармляцца як газ эўрапейскай кампаніі. А вось тая схема, якая працуе цяпер ва Ўкраіне, — гэта схема пасярэднікаў.

Газ фізычна прабягае свае 400 мэтраў па славацкай тэрыторыі і вяртаецца ва Ўкраіну, таму што гэта неабходна зрабіць згодна з кантрактам, — тлумачыць Зямлянскі. — Але па вялікім рахунку гэта той жа расейскі газ, закуплены ў эўрапейскіх пасярэднікаў з маржой».

Паводле кіраўніцтва НАК «Нафтагаз Украіны», цяпер газ ва Ўкраіну пастаўляюць каля 15 замежных кампаній.

Такі варыянт паставак газу можа актуалізавацца для Беларусі толькі ў выпадку пераходу на рынкавыя прынцыпы дачыненьняў у гэтай сфэры з Расеяй. «Гэта можна абмяркоўваць у тым выпадку, калі, напрыклад, „Газпром“ выставіць Беларусі цэны, супастаўныя з эўрапейскімі. Цяпер жа, калі не памыляюся, кошт газу для Беларусі вагаецца ў межах 150 даляраў. Вы ўяўляеце, які ўдар будзе па камуналцы? І яшчэ. Тэхнічна рэвэрс магчымы, але каму цяпер належыць той жа „Белтрансгаз“?», — дадаў Валянцін Зямлянскі. (У 2012 годзе Беларусь прадала свае 50% акцый ТАА «Белтрансгаз» расейскаму «Газпрому». Кампанія стала цалкам расейскай і была перайменаваная ў «Газпром Трансгаз Беларусь». — РС)

Зь іншага боку, нагадаў экспэрт, «Газпром» вымушаны карэктаваць сваю экспартную палітыку адпаведна эўрапейскаму заканадаўству. І гэта на карысьць Беларусі.

«Фактычна, «Газпром» вельмі дакладна выконвае патрабаваньні Эўразьвязу, то бок згаданага вышэй Трэцяга энэргапакету. І калі зыходзіць з таго, што інтэграцыя пойдзе, то, у прынцыпе, «Белтрансгаз» будзе працаваць паводле такіх жа рынкавых правілаў, як і ўсе эўрапейскія апэратары», — кажа Зямлянскі. Экспэрт дадае, што пільнай патрэбы ў дывэрсыфікацыі для Беларусі ён ня бачыць.

Дывэрсыфікацыя ёсьць, пакуль ёсьць транзыт

Украінскія экспэрты лічаць рэвэрс расейскага газу «слабым зьвяном» ва ўмовах сталых пагроз «Газпрома» зьменшыць свой транзыт праз украінскую тэрыторыю. Сёлета транзыт рэкордны, але праз два гады завяршаецца тэрмін дзеяньня ўкраінска-расейскага газавага кантракту, падпісанага ў 2009 годзе. І згортваньне транспартаваньня блакітнага паліва праз Украіну аўтаматычна пацягне за сабой зьмяншэньне ягоных аб’ёмаў на тэрыторыі Славаччыны, дзе расейскі газ юрыдычна становіцца «эўрапейскім» і прадаецца Ўкраіне.

Менавіта таму Ўкраіна спрабуе паскорыць інтэграцыю сваёй газатранспартнай сыстэмы ў эўрапейскую сетку, каб павялічыць фізычную прапускную здольнасьць іншых каналаў паставак газу з Эўропы ва Ўкраіну.

Дзеля гэтага ў лістападзе кампанія «Нафтагаз Украіны» падпісала пагадненьне з італьянскай Rothschild S.p.A. аб інвэстыцыйна-банкаўскіх паслугах, згодна зь якім плянуецца вылучыць дзейнасьць па транспартаваньні прыроднага газу з сыстэмы НАК «Нафтагаз Украіны» і далучыць кваліфікаванага партнэра да кіраваньня газатранспартнай сыстэмай Украіны. То бок гаворка ідзе аб продажы долі апэратара ГТС.

«Далучэньне эўрапейскага партнэра падпарадкавана вельмі простай мэце: мы хочам больш зарабляць на транзыце. Мы хочам зноў транзытаваць 110 мільярдаў кубамэтраў і хочам зарабляць 5 мільёнаў даляраў у год. І потым мы будзем самі вызначаць, куды выдаткоўваць гэтыя грошы згодна з заканадаўствам Украіны», — заявіў у інтэрвію аднаму з украінскіх тэлеканалаў старшыня праўленьня НАК «Нафтагаз Украіны» Андрэй Кобалеў.

Пэрспэктыва, але аддаленая ў часе

У той жа час Беларусі на пэрспэктыву ўсё ж варта пільней сачыць за «газавымі плянамі» Ўкраіны. Найбольш патэнцыйныя зь іх — стварэньне на ўкраінскай тэрыторыі Ўсходнеэўрапейскага газавага хаба і будаўніцтва паміж Польшчай і Ўкраінай інтэрканэктара — газаправоду для двухбаковага транспартаваньня газу.

Першы праект зьвязаны з павелічэньнем здабычы ўласнага газу на тэрыторыі Ўкраіны. Паводле навукоўцаў, Украіна мае 276 мільярдаў кубамэтраў пацьверджаных запасаў газу (140 радовішчаў). Але агульны патэнцыял радовішчаў ацэньваецца як утрая большы — 923 мільярды кубічных мэтраў газу. Раней было ўхвалена палітычнае рашэньне аб згортваньні ўласнай здабычы, але летась справа зрушылася. Сёлета ўрад зацьвердзіў канцэпцыю разьвіцьця газаздабыўной галіны. Паводле яе, у 2020 годзе будзе павялічана здабыча газу да 27,6 супраць цяперашняга ўзроўню ў 14,6 мільярда кубічных мэтраў газу.

Паводле віцэ-прэм’ер-міністра Ўкраіны Ўладзімера Кісьціёна, стварэньне газавага хаба — ідэальная пэрспэктыўная мадэль газавага рынку Ўкраіны:

«Гэта, перш за ўсё, 35 мільярдаў кубічных мэтраў у год здабычы ўкраінскага газу, гэта загружанасьць падземных газавых сховішчаў — 30 мільярдаў кубамэтраў у год, загружанасьць украінскай ГТС для забесьпячэньня патрэбаў спажыўцоў у ЭЗ — 150 мільярдаў кубамэтраў у год, экспарт газу для патрэб спажыўцоў Эўразьвязу з уласных рэсурсаў — 5 мільярдаў у год. Мы захаваем свае пазыцыі стратэгічнага транзытэра газу для ЭЗ і адкрыем магчымасьці для экспарту ўласнага газу», — перакананы ўкраінскі віцэ-прэм’ер.

Ці зможа Беларусь трапіць у экспартныя пляны Ўкраіны?

«Тут зноў жа паўстае пытаньне цаны. Але гэта вельмі далёкая пэрспэктыва. Цяперашнія тэмпы росту ўласнай здабычы не пераконваюць, што мы зможам стаць незалежнымі экспартэрамі. Калі падымаць апошнюю трохгадовую гісторыю, кіраўніцтва НАК «Нафтагаз Украіны» заяўляла, што здабыча павялічыцца на 15–20 адсоткаў у 2016 годзе. Але было 0,5% зьніжэньня. Сёлета здабыча вырасла на 1–1,5%. Калі такімі тэмпамі ісьці далей, то наўрад ці гэта атрымаецца», — мяркуе экспэрт Валянцін Зямлянскі.

Праект польска-ўкраінскага інтэрканэктара распрацоўваўся пад пастаўкі паўночнаамэрыканскага і катарскага прыроднага газу ва Ўкраіну і краіны Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы. Але пакуль што і гэты праект замарожаны з прычыны супярэчнасьцяў паміж НАК «Нафтагаз Украіны» і НКРЭ (Нацыянальная камісія, якая ажыцьцяўляе дзяржаўнае рэгуляваньне ў сфэры энэргетыкі і камунальных паслуг).

Пры ўхваленьні рашэньня аб дывэрсыфікацыі газавых паставак трэба ўзважваць усе рызыкі, перакананы Валянцін Зямлянскі.

«Якія рызыкі пры гэтым існуюць? Найперш, павелічэньне коштаў на газ і пераарыентацыя транзыту зь беларускага кірунку. Гэтыя рызыкі трэба ўзважваць і пралічваць «эканоміку» пры прыняцьці такіх рашэньняў. Калі разьлікі пацьвярджаюць, што бюджэт Беларусі вытрымае, то гэтае пытаньне трэба разьвязваць у прававым полі. Калі ж разьлікі паказваюць, што бюджэт прайграе і гэта прывядзе да страт, то ці варта гэта рабіць? Тут павінен працаваць галоўны прынцып — выгадна ці не», — падсумаваў дырэктар энэргетычных праграмаў Цэнтру ўсясьветнай эканомікі і міжнародных адносін Нацыянальнай акадэміі навук Украіны Валянцін Зямлянскі.

«Як у Смаленску, так і ў Менску» — «блакітная» газавая мара беларускага ўраду

«Любыя камэнтары пра тое, што Беларусь можа паўтарыць украінскі досьвед, немагчымыя. Бо беларуская газатранспартная сыстэма не належыць Беларусі», — кажа беларускі эканамічны аглядальнік Тацяна Манёнак. — З 2012 году Беларусь ня мае сваёй газатранспартнай сыстэмы (пасьля продажу Белтрансгазу. — РС), якая цяпер належыць кампаніі Газпрам. А Ўкраіна змагла наладзіць рэвэрсіўныя пастаўкі газу з Эўропы».

Тацяна Манёнак тлумачыць, што Беларусь і так атрымлівае з Расеі газ па адным з самых танных коштаў. Гэта своеасаблівы падарунак краіне за тое, што яна далучылася да Эўразійскага эканамічнага зьвязу.

Раней дэльта паміж эўрапейскімі коштам і коштам для Беларусі была большая. Летась яна катастрафічна зьнізілася — да 30–40 даляраў.

«Сёлета па выніках 9 месяцаў было 146 даляраў за тысячу кубоў. Па прагнозах Газпрама, сярэдні кошт газу для эўрапейскіх спажыўцоў будзе прыкладна 200 даляраў за тысячу кубоў, — кажа экспэрт. — Канечне, раней дэльта паміж эўрапейскімі коштам і коштам для Беларусі была большая. Летась яна катастрафічна зьнізілася — да 30–40 даляраў, бо кошт нафты зьнізіўся».

Тацяна Манёнак нагадвае, што ў наступным годзе Беларусь будзе мець фіксаваную цану на газ: 129 даляраў за тысячу кубоў. А ў 2019 годзе — 127 даляраў.

Аднак беларускія прадпрыемствы атрымліваюць газ па значна вышэйшай цане. Часткова таму, што яны вымушаныя фактычна плаціць за насельніцтва, — кажа Манёнак. Паводле яе, прыватныя спажыўцы цяпер аплачваюць каля 80 адсоткаў кошту электрычнасьці і толькі 17 адсоткаў плацяць за ацяпленьне на прыродным газе.

«Дывэрсыфікацыя была магчымая для Беларусі напрыканцы 2010 году, — кажа экспэрт. — Тады ў нас была канфліктная сытуацыя з РФ. Расея меркавала цалкам перавесьці Беларусь на эўрапейскія кошты».

Манёнак згадвае, што тады беларускія ўлады актыўна шукалі альтэрнатыву. «Тагачасны ўрад Сідорскага абмяркоўваў магчымасьць далучыцца да праекту пабудовы тэрміналу звадкаванага газу ў Літве, — кажа яна. — Магчымасьць, што Беларусь будзе атрымліваць зь Літвы да 8 мільярдаў кубамэтраў газу, абмяркоўвалася ўсур’ёз».

Але стасункі з Расеяй наладзіліся, кошты на газ для Беларусі вярнуліся, і патрэба шукаць альтэрнатыву адпала.

«Беларусь прадала газатранспартную сыстэму Газпрому і ўвайшла ў Эўразійскую прастору, — кажа Манёнак. — Тады Расея зьмяніла для нас формулу цэнаўтварэньня на газ. З 2012 году Беларусь стала атрымліваць прыродны газ на 40% таньней, чым было дагэтуль».

Цяпер, кажа Тацяна Манёнак, беларускія ўлады цалкам захопленыя пошукам пэрспэктыў на адзіным рынку газу ў Эўразійскім эканамічным зьвязе. Беларусь разьлічвае, што там яна будзе мець альтэрнатыву.

Ёсьць меркаваньні, што пры пабудове адзінага рынку газу Беларусь зможа выбіраць, у якога пастаўшчыка купіць таньней.

«У Расеі ёсьць незалежныя кампаніі, якія сёньня здабываюць даволі істотныя аб’ёмы газу. І сабекошт там ніжэйшы, чым у таго ж „Газпрома“, — кажа Манёнак. — Ёсьць меркаваньні, што пры пабудове адзінага рынку газу Беларусь зможа выбіраць, у якога пастаўшчыка купіць таньней».

Але гэтыя спадзевы не стопрацэнтныя, бо пакуль расейскі ўрад заяўляе, што не мяркуе зьмяняць сытуацыю з экспартам прыроднага газу. А паводле расейскага заканадаўства экспартаваць газ мае права толькі кампанія «Газпром» і яе стоадсоткавыя даччыныя прадпрыемствы.

«Паглядзім, чым гэта скончыцца, — кажа Тацяна Манёнак. — Бо мяркуецца стварыць адзіны рынак газу да 2025 году. Беларусь пакуль што таргуецца за тое, каб пасьля 2019 году зблізіцца з расейскімі коштамі на газ і да 2025 году выйсьці на адзіныя кошты».

«Як у Смаленску, так і ў Менску», — гэта блакітная мара беларускага ўраду, — кажа Манёнак. — Ці атрымаецца гэта — пад пытаньнем, але задача пастаўленая».

Але што да спробаў дывэрсыфікаваць цяперашнюю сыстэму атрыманьня газы, эканамічны аналітык Тацяна Манёнак упэўненая, што сёньня «беларускія ўлады ніякім чынам не займаюцца пошукам геаграфічнай альтэрнатывы».

  • Оцени статью: