Прыгажуні ля Лукашэнкі: як рыхтуюць эскорт для ўлады

Чаму у службе пратаколу кіраўніка Беларусі працуюць пераважна маладыя, прыгожыя і высокія дзяўчаты? Калі на публічных захадах побач зь кіраўніком краіны і яго найбліжэйшымі паплечнікамі заўсёды знаходзяцца маладыя прыгажуні, якую рэакцыю гэта выклікае ў беларускім грамадзтве? І ці магчымая такая практыка ў заходніх краінах?

На спаборніцтвах Кубку фэдэрацыі ў Менску. Фота: Радыё Свабода

Абмяркоўваюць былая кандыдатка на прэзыдэнта, сустаршыня кампаніі «Гавары праўду» Тацяна Караткевіч, заснавальніца і кіраўніца праекту «Гендэрны маршрут» Ірына Саламаціна і магістарка сацыяльна-пэдагагічных навук Маргарыта Тарайкевіч з Бэльгіі.

Тарайкевіч: Гэта хутчэй паказвае, што ён не жанчынаненавісьнік

Ганна Соўсь: Ужо шмат гадоў падчас розных самітаў з удзелам постсавецкіх лідэраў, на афіцыйных прадпрыемства з удзелам кіраўніка Беларусі, на трыбунах спартовых стадыёнаў і нават часе жніва з удзелам высокіх чыноўнікаў можна назіраць элегантных, прыблізна аднаго росту і целаскладу, прыгожа апранутых і прычэсаных маладых жанчын. Аляксандар Лукашэнка калісьці казаў у інтэрвію Ксеніі Сабчак: «Я ніколі ні на адным мерапрыемстве не сяджу з намыленай пысай сярод чыноўнікаў. Гэта мой прынцып. Заўсёды дзяўчаткі. З аднаго боку — сын маленькі, з другога — дзяўчо.....Адна брунэтка, адна бляндынка, працуюць са мной два гады. Два гады асыстуе мне, узнагароджаньні, кветкі, іншае». Кіраўнік Беларусі патлумачыў у інтэрвію, што размова ідзе пра службу дзелавога пратаколу. Як вы бы ахарактарызавалі такі падыход да падбору супрацоўніц службы пратаколу?

​Маргарыта Тарайкевіч: Гэты падыход адпавядае эстэтычным стандартам, створаным у многім глябальнай індустрыяй моды. Ёсьць вялікія фэмінісцкія пытаньні да гэтых стандартаў, таму што ў кіраўніцтве вялікіх кампаній пераважалі мужчыны. Таму тут, канешне, пытаньне стандартызацыі. Але ва ўсім астатнім, з іншага боку, гэта характарызуе, калі казаць нават пра Лукашэнку, што гэта хутчэй паказвае, што пры іншых яго недахопах ён не жанчынаненавісьнік.

Караткевіч: Гэта такая паказуха — паказаць, што мяне падтрымліваюць маладыя і прыгожыя

Ганна Соўсь: Тацяна, вы прэтэндавалі на найвышэйшую пасаду ў беларускай дзяржаве — прэзыдэнта. Ваша кампанія была добра прадуманая, ваш імідж таксама. Як вы глядзіце на імідж службы пратаколу, які створаны цяпер?

Тацяна Караткевіч: Я лічу, што такая служба для суправаджэньня ўнутры краіны не патрэбная. Мне падаецца, што побач з палітыкам павінныя быць яго партнэры, яго калегі, у першую чаргу тыя людзі, зь якімі камунікуе. А ўсё, што зьвязанае з «упрыгожваньнем», мне падаецца проста залішняй тратай у тым ліку бюджэтных грошай. Палітык павінен зьяўляцца на публіцы з камандай. А гэта такая паказуха — паказаць, што мяне падтрымліваюць маладыя і прыгожыя, зь іншага боку, мы не хаваем таго, што ў нас такі падыход, што наша Беларусь адрозьніваецца тым, што ў нас ёсьць прыгожыя дзяўчаты. Гэта праўда, але нельга імі «гандляваць»! А калі мы бачым такія карцінкі, адразу ўзьнікаюць такія асацыяцыі. Што тычыцца службы ВІП-пратаколу, там павінныя быць людзі, якія выконваюць прафэсійныя функцыі — ці гэта абслугоўваньне, ці арганізацыя сустрэчы, ці праца з мэдыя. У першую чаргу павінен быць прафэсіяналізм. І ніякай дыскрымінацыі ў розных кірунках

Саламаціна: Дзяўчаты, якія перамагаюць у конкурсах прыгажосьці, натуральна трапляюць вось у такія службы

​Ірына Саламаціна: Калі мы кажам пра нейкія стандартныя пратаколы нейкіх палітычных пасяджэньняў, па-першае, яны ў розных краінах вельмі розныя. Вяртаючыся да першапачатковага пытаньня, вы сказалі, што жанчыны стандартызаваныя. Калі мы сёньня зойдзем на сайт АНТ, то мы пабачым, што там ідзе рэкляма конкурсу, які называецца «Міс Беларусь 2018». Нацыянальны набытак». Уласна кажучы, гэта конкурс праводзіцца Міністэрствам культуры, Нацыянальнай школай прыгажосьці і тэлеканалам АНТ. Гісторыя гэтага конкурсу даволі багатая, ён праводзіцца з 1998 году, зараз у 11-ы раз. І там як раз пазначана, якія дзяўчаты могуць удзельнічаць у гэтым конкурсе, пазначаны і ўзрост, і рост, і што яна не павінна быць у шлюбе, што яна не павінна мець дзяцей. Дзяўчаты, якія перамагаюць у гэтым конкурсе, і ня толькі ў гэтым, натуральна трапляюць у такія службы, пра якія гаворка. Можа быць таму яны так дастаткова стандартызавана выглядаюць.

Трэба разумець, адкуль у нас конкурс гэты ўзяўся. У газэце «Советская Белоруссия» у 2004 годзе быў надрукаваны артыкул «Несвободные телом по обе стороны подиума». І так якраз-такі даецца афіцыйнае тлумачэньне, для чаго нам патрэбныя конкурсы прыгажосьці, і чаму ў гэтых конкурсаў дзяржаўны статус. І Генадзь Давыдзька тлумачыць, што гэта знак асобага стаўленьня краіны як да культуры наогул, так і да жаночай прыгажосьці ў прыватнасьці. Ёсьць такая цытата, што «это так прекрасно, что красота возведена в ранг государственной политики». Ці напрыклад яшчэ такая фраза ёсьць: «Мы сделаем всё возможное, чтобы выбрать такую девушку, которая станет звездой в мире». Мы таксама ведаем, што ў нас конкурсы прыгажосьці праводзяцца ня толькі на ўзроўні «Міс Беларусь» і «Міс Менск», а ёсьць і стандартызаваныя конкурсы, якія праводзяцца ў ВНУ.

«Дзяржава праяўляе клопат пра прыгожых жанчын, адбіраючы іх самастойна, і нібыта абараняючы іх ад гандлю людзьмі»

Конкурсы прыгажосьці даюць пэўныя дывідэнды ў тым ліку і жанчынам. Іншае пытаньне, хто гэтыя стандарты задае, хто вызначае, што напрыклад рост 174 см зьяўляецца стандартам прыгажосьці дзяўчыны з юрфаку, якая пачынае ўдзельнічаць у конкурсе, напрыклад, «Міс Менск», і трапляе ў лік ляўрэатак. Чаму ёй не працягваць далей юрыдычную кар’еру, а ісьці ў службы, суправаджаць, напрыклад, прэзыдэнта — гэта ўжо іншыя пытаньні.

Яшчэ тут трэба зьвярнуць увагу на такі цікавы момант, чаму дзяржава «прыглядае» за конкурсамі прыгажосьці. Яны апраўдваюцца зьнешняй пагрозай продажу беларускіх прыгажунь у сэксуальнае рабства. У нас ёсьць падпісаныя прэзыдэнтам пляны па рэгуляваньні пытаньня гэтай глябальнай бяды, калі людзі трапляюць на рынак. Гэта таксама цікава, як непасрэдна дзяржава праяўляе клопат пра прыгожых жанчын, адбіраючы іх самастойна, і нібыта абараняючы іх ад той бяды, якая пагражае сёньня жанчынам у ХІХ стагодзьдзі — быць скрадзенай і камусьці прададзенай.

Тарайкевіч: У жоўтай прэсе гэта абазначаецца ледзь ня як інтымныя паслугі. Я ведаю, што гэта міт

Ганна Соўсь: Нядаўна шырока абмяркоўваліся фота зь апошняга саміту АДКБ, на якіх было шмат фота маладых жанчын, якія працуюць у службе пратаколу. Пра гэта вялася дыскусія і ў суполцы ў Фэйсбуку «Толькі жанчыны». І вы, Маргарыта, пісалі пра тое, што крыху ведаеце, як падбіраюць дзяўчын у гэтую службу, і што гэтая служба вельмі закрытая, што нібыта дзяўчаты і іх сям’і даюць пэўныя абяцаньні аб неразгалошваньні дэталяў і ўмоваў працы.

Маргарыта Тарайкевіч: Мая знаёмая працавала ў гэтай службе ў свае студэнцкія гады. Пры чым я даволі выпадкова пра гэта дазналася, але паколькі гэта мая добрая знаёмая, то я ведаю некаторыя дэталі. Туды выбіраюць дзяўчат паводле зьнешнасьці, але ня толькі — паводле інтэлектуальных здольнасьцяў і веданьня іншаземных моваў. Ім выпрацоўваюць стыль, даюць парады, каб не выглядаць вульгарна. Яны павінныя прымаць высокіх гасьцей, падтрымліваць размову. На жаль, у некаторай жоўтай прэсе гэта абазначаецца ледзьве не як інтымныя паслугі. Я ведаю, што гэта міт. Калі высокім гасьцям і аказваюцца нейкія інтымныя паслугі, ніхто ня ведае, ні мая знаёмая, ні тым больш я, гэтым напэўна займаюцца іншыя службы, калі ўвогуле гэта існуе. То бок функцыяй дзяўчат зьяўляецца менавіта сустрэча высокіх гасьцей і стварэньне прыгожай і прыемнай атмасфэры на прыёмах.

Караткевіч: Патрэбы ў такім эскорце я ня бачу

Ганна Соўсь: Адну з супрацоўніц гэтай службы мы запрашалі на інтэрвію, але беспасьпяхова. Пэўная закрытасьць гэтай працы параджае розныя домыслы, і часам некарэктныя камэнтары ў сацсэтках, кшталту хто каму якіх жанчын прапаноўвае. Тацяна, якое вашае ўражаньне, як ставяцца ў беларускім грамадзтве да такой працы? Калі б дзяўчына пагадзілася б публічна расказаць пра сваю працу ў пратаколе, з чым бы яна сутыкнулася?

Тацяна Караткевіч: Вядома, шмат чутак і плётак на гэты конт, але калі мы кажам пра дзелавую атмасфэру, палітычнае мерапрыемства, я ня бачу сэнсу ў такіх службах, таму што там павінныя сустракацца людзі і знаёміцца адзін з адным, казаць пра палітыку, што было на павестцы, дзяліцца сваімі ўражаньнямі. Калі гэта ўжо прыём па-за афіцыйнымі захадамі, там павінны прысутнічаць дадаткова людзі, якіх гэта тычыцца. Гэта можа быць культурная прэзэнтацыя, штосьці яшчэ. Але патрэбы ў такім эскорце я ня бачу. Калі б гэта было больш адкрыта, то першая рэакцыя пра тое, што гэтыя дзяўчаты аказваюць нейкія іншыя паслугі, канешне, сышла б у нябыт. Але пакуль гэта будзе закрытая структура, дагэтуль будуць існаваць гэтыя плёткі, што дзяўчаты робяць штосьці яшчэ, акрамя падтрымкі размовы і падтрымкі іміджу Беларусі як краіны з прыгажунямі.

Саламаціна: Калі гаворым пра палітычныя саміты, не зусім зразумела, чаму менавіта дзяўчына мае выконваць функцыю абслугі

Ганна Соўсь: Ірына, як вы лічыце, ці можна лічыць такую працу прэстыжнай і пэрспэктыўнай?

Ірына Саламаціна: Калі мы кажам пра прэстыж, мы павінныя абапірацца на нейкія крытэры. Нават тую цытату, якую вы агучылі, брунэткі-бляндзінкі — што мы ведаем пра гэтых дзяўчын? Мы ведаем, што ў іх толькі ёсьць нейкая канвэнцыянальная зьнешнасьць, што іх выбрала ўлада. І зноў жа. Выбіраюць іх не проста так. Калі ўзгадаем скандальны конкурс 2013-га году. У пераможцы ня толькі забралі прыз. Але і старшыня грамадзкага савету па маральнасьці Мікалай Чаргінец тут жа абвінаваціў арганізатараў конкурсу «Міс Менск 2013» у тым, што яны «падставілі кіраўніцтва горада» і «скампрамэтавалі наш лад жыцьця», паколькі своечасова не пацікавіліся «родам заняткаў і ладам жыцьця ўдзельніц», бо аказалася, што дзяўчына ў клюбах танцавала эратычныя танцы go-go.

Атрымліваецца, што такія дзяўчаты, адстойваючы годнасьць Беларусі, ня толькі павінныя адпавядаць пэўным крытэрам прыгажосьці, быць сэксапільнымі, яны яшчэ павінныя адпавядаць крытэрам, пра якія мы нічога ня ведаем. Мы ня ведаем, колькі моваў ведаюць гэтыя дзяўчаты і г.д. І безумоўна, сярэднестатыстычныя людзі, якія цікавяцца гэтымі конкурсамі, бачаць нейкі сэксуальны аб’ект, які потым пачынаюць выкарыстоўваць. І калі мы гаворым пра палітычныя саміты, то не зусім зразумела, чаму менавіта дзяўчына павінная выконваць функцыю абслугі.

Калі гэта індустрыя моды, зразумела, якія гэтыя дзяўчаты атрымліваюць дывідэнды — яны робяцца абліччам вядомых брэндавых кампаній, пачынаюць на гэтым зарабляць эканамічны капітал. Што зарабляюць нашы дзяўчаты, абслугоўваючы палітычныя саміты, не зусім зразумела. Колькі яны зарабляюць, як у іх складаецца далей кар’ера, колькі яны могуць удзельнічаць у гэтых палітычных гульнях?..

Яшчэ раз хачу згадаць гэты артыкул «Советской Белоруссии», бо ён цікавы тым, што там добра жанчынам тлумачаць, чаму ім варта ўдзельнічаць у гэтым конкурсе прыгажосьці. Гэтая выразная арганізацыя конкурсаў прыгажосьці — своеасаблівы зрэз дзяржаўнай палітыкі ў адносінах да жанчыны. Я літаральна цытую: «Сутнасьць, што мілыя дамы могуць сябе рэалізаваць у нашай краіне». Але гэта зноў жа гучыць сьмешна, таму што ёсьць пэўныя крытэры, якія менавіта дамы могуць рэалізаваць сябе ў краіне. І яшчэ ёсьць такая зьвязка, што ў далейшым гэтыя жанчыны могуць нават трапіць у дэпутаты. Таму што ёсьць намер у прэзыдэнта ўвесьці ў парлямэнт 30-40% жанчын. І ў гэтым сэнсе цікава, якую непасрэдна палітыку, «натуральнай прыгажосьці» і ролі мужчыны пры гэтым, бо менавіта ўлада ў асобе мужчын адбірае правільных жанчын з адпаведнай зьнешнасьцю для гэтага палітычнага эскорту. Гэта вельмі дваістая штука.

Тарайкевіч: Калі жанчына выглядае недастаткова дагледжана, яе назавуць страшнай тоўстай фэміністкай, калі яна адпавядае мадэльным стандартам прыгажосьці, яе будуць падазраваць у прастытуяванасьці

Ганна Соўсь: Ірына раней казала, што ў розных краінах існуе розная практыка дзелавога пратаколу. Ці магчымая такая практыка пратаколу ў заходніх краінах, напрыклад, у Бэльгіі, Маргарыта?

Маргарыта Тарайкевіч: На жаль, я ня ведаю. Я паспрабавала знайсьці інфармацыю пра гэта, можа ня так шукала праз гугл, але я не знайшла нейкай зводкі пра тое, як такія службы працуюць у іншых краінах. Я хачу дадаць, што тая рэакцыя, якая вакол дзяўчат узьнікла ў беларускіх мэдыях, у камэнтарах да артыкулаў, мае два бакі. З аднаго боку на дзяўчын, якія «упрыгожваюць сабою» статусныя мерапрыемствы, пераносіцца стаўленьне людзей да беларускага рэжыму — тут само сабой зразумела. Але ёсьць і іншы, жанчынаненавісьніцкі момант, такія падвойныя стандарты... Калі жанчына выглядае недастаткова дагледжана, яе назавуць страшнай тоўстай фэміністкай, якую ніхто не захоча. Але калі яна адпавядае цалкам мадэльным стандартам прыгажосьці, яе будуць падазраваць у прастытуяванасьці. Ніякіх доказаў абсалютна няма, што з гэтым служба пратаколу была зьвязаная. Таму тут проста народныя фантазіі. Але пры гэтым калі і ўздымаць нейкія маральныя пытаньні, то гэта могуць быць толькі пытаньні ўвогуле супрацы з рэжымам. Але амаль кожны з нас, добрая палова з нас, можа ўспомніць моманты, калі мы працавалі ў дзяржаўных установах, і вельмі мала які беларус можа пахваліцца, што ніколі не супрацоўнічаў з гэтым крывым рэжымам.

Караткевіч: Я ня бачыла на Захадзе чыноўніка, якога суправаджаюць прыгажуні

Ганна Соўсь: Тацяна, падчас выбарчай кампаніі і пасьля яе вы былі зь візытамі з актывістамі вашай кампаніі ў розных краінах, мелі сустрэчы на вельмі высокім узроўні. Ці можаце параўнаць, як працуюць службы пратаколу ў розных краінах? Які ваш досьвед? Калі вас як кандыдатку на прэзыдэнта суправаджалі, хто гэта быў?

Тацяна Караткевіч: Калі я сама ўдзельнічаю, то мяне могуць суправаджаць мае калегі. А калі гэтае мерапрыемства арганізаванае фармальна, там прысутнічаюць людзі, каго гэта тычыцца: удзельнікі ці арганізатары. Гэта заўсёды сканцэнтраваная паводле сэнсу і мэтаў падзея. Калі гэта ўжо па-за фарматамі, то туды дапускаюцца, напрыклад, студэнты-міжнароднікі, нейкія асыстэнты, памочнікі дэпутатаў, намесьнікі чыноўнікаў, якія проста ня мелі магчымасьці далучыцца на афіцыйным захадзе, могуць удзельнічаць у службе пратаколу. Каб я бачыла чыноўніка, якога суправаджаюць прыгажуні, такога, канешне, не было. Усё заўсёды функцыянальна павінна быць. Гэта публічная сфэра, гэта палітыка, таму мае сэнс, асабліва ў нашых умовах, канцэнтравацца на гэтым. Але мы жывем у такім грамадзтве. Яно з аднаго боку такое кансэрватыўнае, ёсьць пэўныя традыцыі, якія ідуць з савецкіх часоў, нават вобразы савецкіх рэспублік былі прадстаўленыя як дзяўчаты-прыгажуні. Мне здаецца, мы гэтым працягваем такую традыцыю.

Ну а грамадзтва, што: прыгожая-непрыгожая, далі сваю адзнаку і забыліся пра гэта. На мой погляд, у гэтым няма ніякага сэнсу. У нас ёсьць іншыя магчымасьці, каб паказаць, якія ў нас клясныя маладыя людзі, і хлопцы, і дзяўчаты, каб ганарыцца іх посьпехамі ў навучаньні ці іншых сфэрах. Таму вось пра гэта сёньня варта казаць і паказваць. А служба пратаколу — лічу, што гэта проста лішняе.

Саламаціна: На гэтым відэа наагул няма ніводнай жанчыны. Стаяць толькі мужчыны, іх шмат

Ганна Соўсь: Ірына Саламаціна ўжыла на сваёй старонцы ў Фэйсбуку вельмі трапны выраз «Гендэр і ўлада» да відэа з саміту АДКБ у Менску і некаторых пратакольных момантаў.

Магчыма, сапраўды, такія ўяўленьні пра пратакол, пра годнае атачэньне для палітыка, з большага ўласьцівыя 60-70-гадовым постсавецкім кіраўнікам-мужчынам. Як бы выглядалі супрацоўнікі службы пратаколу ў кіраўнікоў іншага пакаленьня, у грамадзтве, дзе прымаюць рашэньні і лідэры-жанчыны?

Ірына Саламаціна: Па-першае, я пад гэтым відэа працытавала назву кнігі Рэйнал Конэл, якая напісала яе яшчэ ў 70-я гады, якая зьяўляецца бэстсэлерам. Кніга называецца «Гендэр і ўлада, грамадзтва, асоба і гэндэрная палітыка». Вельмі добра гэтае відэа пацьвярджае канцэпт Конэл, якая апісвае, што такое гегемонная маскуліннасьць на ўзроўні прыняцьця рашэньняў. Мы з вамі ўсю праграму кажам пра ўдзел дзяўчын паміж гэтымі мужчынамі, але на гэтым відэа наогул няма ніводнай жанчыны.

Стаяць толькі мужчыны, іх шмат, яны стаяць пад сьцягамі, ходзяць па чырвоных дыванах, адзін аднаго вітаюць, і там сярод іх няма ніводнай жанчыны — так працуе палітычны бамонд, асабліва ў постсавецкіх краінах, якія ў цэлым неадчувальныя да гендэрнай павесткі. Калі вяртацца да таго, як гэта грамадзтва непасрэдна ў нас успрымае, я напрыклад ня думаю, што ў жанчыны павінна быць нармалізаваная прыгажосьць, калі яна хоча ісьці ў дэпутаты ці прымаць удзел у палітыцы. У Беларусі ў нас ёсьць толькі мадэль, дзе дзяўчына перамагла ў конкурсе прыгажосьці і толькі пасьля гэтага трапляе ў палітычны бамонд. Гэта як раз пацьвярджае канцэпт Конэл, што жанчыны калі туды і трапляюць, то ім адведзеная роля абслугі, гэта не суб’ект-суб’ектныя адносіны. У нас ня толькі палітыкі, але і дзяржслужачыя напярэдадні конкурсаў прыгажосьці ці пасьля кажуць пра тое, што гэтая прыгажуня ў свае гады потым зробіць сабе палітычную кар’еру. Мне здаецца, што гэта гучыць вельмі дзіўна.

Мне хацелася б, каб у 2017 годзе ў СМІ існавала мадэль, якая ўсё-такі казала б пра тое, што жанчыны таксама могуць быць суб’ектамі палітыкі, могуць пісаць свае палітычныя праграмы, могуць быць наогул прафэсіяналамі ў сваёй справе, паўнавартаснымі грамадзянкамі краіны, якія могуць наогул палітыку ў краіне памяняць, а не заўсёды дэфіляваць на нейкай канвэнцыянальнай зьнешнасьці, якая ў прынцыпе ад конкурсу да конкурсу мяняецца.

Тарайкевіч: Ёсьць пэўная жаночая рэпрэзэнтаванасьць — як усім вядомыя Пяткевіч і Ярмошына, так і вялікая колькасьць у дэмакратычнай апазыцыі — Карач, Кавалькова, Хоміч

Маргарыта Тарайкевіч: Вядома, хацелася б, каб жаночая сытуацыя ў беларускай палітыцы была лепшай, але адзначу, што ўсё ж ёсьць некаторыя жаночая рэпрэзэнтаванасьць як усім вядомыя і Натальля Пяткевіч, і Лідзія Ярмошына са сваім баршчом, так і вялікая колькасьць у беларускай дэмакратычнай апазыцыі — Вольга Карач, Вольга Кавалькова, Марына Хоміч і г.д. З аднаго боку мне ня вельмі прыемна, што жанчынам, каб трапіць у нейкую сфэру, трэба адпавядаць нейкім крытэрам прыгажосьці, і тым больш непрыемна, калі яны ня могуць адыгрываць вышэйшых роляў, калі яны менш рэпрэзэнтаваныя там, дзе болей улады. Але тое, што ёсьць, такая рэпрэзэнтацыя лепш, чым адсутнасьць рэпрэзэнтацыі. Таму лепш хай будзе хоць нейкая жаночая прысутнасьць, чым поўная адсутнасьць. Калі вяртацца да абслугоўваньня статусных мерапрыемстваў, хацелася б, каб разьвіваліся ў нас больш разнастайныя ўяўленьні пра жаночую прыгажосьць, але як станоўчы момант я адзначаю, што дзяўчаты, часта студэнткі, могуць такім чынам зарабіць нядрэнныя для іх узросту грошы ўласна сумленнай працай.

​Караткевіч: Дадатковых супрацоўнікаў у якасьці ўпрыгожаньняў ня трэба

Ганна Соўсь: Тацяна, калі б вашы амбіцыі былі рэалізаваныя на свабодных выбарах і вы маглі б рэальна прымаць рашэньні ў дзяржаве, як бы вы рэфармавалі службу пратаколу?

Тацяна Караткевіч: Калі мы казалі пра перамогу, то казалі пра рэформу выканаўчай веткі ўлады, і казалі пра тое, што трэба пераходзіць да парлямэнцкай рэспублікі. Адной з ідэй было скараціць і адміністрацыю прэзыдэнта, зьвесьці яе да аддзелу па працы са зваротамі грамадзян. Якія тут могуць быць службы пратаколаў? Гэта залішняе. Калі мы кажам пра парлямэнт ці міністэрства замежных спраў і іншае, у іх ёсьць усе магчымасьці, каб арганізоўваць дыялёгі, канфэрэнцыі, саміты, дзякуючы тым людзям, якія працуюць там. І дадатковых супрацоўнікаў у якасьці ўпрыгожаньняў там ня трэба. Асабліва, калі ў нас сёньня ёсьць больш важныя праблемы, зьвязаныя, напрыклад, з эканомікай, сацыяльнай сфэрай.

З удзелам мяне і «Гавары праўду» у прэзыдэнцкай кампаніі зьмяілася таксама і стаўленьне грамадзтва да таго, ці можа жанчына займаць вышэйшую пасаду ў краіне. 40% беларусаў сказалі, што ім усё роўна, будзе гэта жанчына ці мужчына, і я лічу, што гэта дасягненьне. Ёсьць шмат прафэсійных жанчын, трэба каб іх прэзэнтацыя была больш яркай.

Саламаціна: Наш дзяржапарат зусім нічога не разумее пра гендэрную палітыку

Ганна Соўсь: Ірына, калі б вам прапанавалі стаць на кароткі час іміджмэйкерам кіраўніка Беларусі, якую б вы параду па іміджу яму далі?

Ірына Саламаціна: Мне здаецца, наогул ня трэба зьвязваць з сёньняшнім лідэрам. Трэба разумець, што сёньняшні лідэр — гэта сыстэмная праблема. І калі на сёньня адміністрацыя прэзыдэнта рэалізуе пяты плян па гендэрнай роўнасьці і пры гэтым гендэрную палітыку завязваюць на нейкіх стандартызаваных нормах прыгажосьці, то гэта значыць, што наогул наш дзяржапарат зусім нічога не разумее пра гендэрную палітыку. Якія тут парады можна даць? Вучыце матчастку, якая ў вас ужо саміх прапісаная.

Тарайкевіч: Хто суправаджаў Мэркель?

Маргарыта Тарайкевіч: Мне цікавы адказ на пытаньне, калі сустракалі такога высокага госьця, як Ангела Меркель, яе абходжвалі таксама дзяўчаты ці маладыя хлопцы?

Ірына Саламаціна: Мэркель сама ўжо сустракала палітычны бамонд, ёсьць відэаролік, можна паглядзець, як яна сустракае палітычных лідэраў. Гэты ролік таксама абмяркоўваўся ў сацыяльных сетках. У залежнасьці ад нейкіх нормаў, як розныя палітыкі камунікуюць між сабой, яна камусьці руку працягвала, з некім абдымалася, з некім цалавалася. І гэта нашмат цікавей, чым тое, што адбываецца ў нас, калі маладыя прыгожыя дзяўчаты абслугоўваюць палітычны бамонд.

Маргарыта Тарайкевіч: Калі яна прыяжджала ў Беларусь наконт Менскіх пагадненьняў...

Ірына Саламаціна: Яна, вядома, не выключэньне, яе таксама, як астатніх мужчын, сустрэла дзяўчына ў нацыянальным строі і падаравала ёй кветкі. Але цікава, што Мэркель ня ведала, што рабіць з гэтым букетам.

  • Оцени статью:
  • Проголосовало: 2
  • Балл: 1