Як маленькім беларусам з дзяцінства тлумачаць, хто «самы галоўны ў нашай дзяржаве»

«Салідарнасць» пагартала дзіцячую «Азбуку сімвалаў краіны» – уражанні супярэчлівыя.

Выдадзеная выдавецтвам «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» кніга «Мая Радзіма — Беларусь. Азбука сімвалаў краіны для дзяцей» пакідае супярэчлівыя ўражанні.

З аднаго боку, сярод хрэстаматыйных буслоў, БелАЗаў і цымбалаў знайшлося месца колішняй сталіцы ВКЛ Навагрудку, Ефрасінні Полацкай, Скарыне і У нескладоваму (у звязку з літарай «Ў» узгадалі аднаіменную мастацкую галерэю ў Мінску і музычны гурт).

З іншага боку, азбука для дзетак не пазбегла ідэалагічных шаблонаў. Так, на літару «ч» маленькіх чытачоў чакае слова «чысціня». А далей ідзе тлумачэнне: «Калі ў замежных турыстаў пытаюцца, за што ім падабаецца Беларусь, яны амаль заўсёды адзначаюць чысціню беларускіх вуліц і гарадоў. Не многія краіны могуць ганарыцца тым, што яны такія акуратныя і дагледжаныя, як Беларусь».

Літара «э» прыводзіць нас да Беларускай АЭС. Маленькім беларусам тут не расказваюць пра Чарнобыль, а проста абяцаюць: як станцыю запусцяць, то электраэнергіі будзе столькі, што мы пачнём дзяліцца ёй з суседзямі.

Аўтары азбукі не бачаць нічога кепскага ў тым, каб расказаць дзецям дашкольнага ўросту пра тое, чаму суседзі называюць нас «бульбашамі».

Бусел, аказваецца, амаль такі ж мірны, працавіты і рахманы як і беларус.

А цяпер літара «п». Так, вы не памыліліся, сімвалам краіны на гэтую літару на думку аўтараў азбукі з’яўляецца прэзідэнт — «галоўная асоба ў нашай дзяржаве».

Якім мусяць уяўляць прэзідэнта Беларусі нашыя дзеці? Паводле азбукі — так: «Разам са сваімі памочнікамі — міністрамі і дэпутатамі — ён прымае новыя законы, сочыць за парадкам у краіне, турбуецца за дабрабыт кожнага беларуса, прадстаўляе Беларусь за мяжой. У 1994 годзе быў выбранны першы Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка».

Завяршае вобраз фота на суседняй старонцы над словам «Радзіма». На здымку размешчана выява маста праз Дняпро, што злучае Александрыю і Копысь. Як кажуць, без каментароў.

  • Оцени статью:
  • Проголосовало: 4
  • Балл: 4.3