Па справе аб смерці салдата ў Печах затрыманыя два афіцэры. Хто яны?

Па справе аб смерці салдата тэрміновай службы Аляксандра Коржыча ў навучальным цэнтры ў Печах затрыманыя два афіцэры. Пра гэта 17 кастрычніка паведамляе Следчы камітэт.

Паводле дадзеных следства, камандзір роты, старшы лейтэнант 1994 года нараджэння, і яго намеснік, капітан 1989 года нараджэння, дакладна ведаючы, што прапаршчык з роты, у якой служыў Аляксандр Коржыч, карыстаецца яго банкаўскай карткай, наўмысна бяздзейнічалі з мэтай стварэння бачнасці дабрабыту ў падраздзяленні перад вышэйшым камандаваннем. Афіцэры не жадалі прымаць меры па падтрыманні ўнутранага парадку з мэтай мінімізацыі сваёй службовай нагрузкі.

Акрамя таго, з 26 верасня Аляксандр Коржыч ў адпаведнасці з загадам камандзіра вайсковай часткі лічыўся прыбылым з медыцынскай роты. Аднак з таго часу да моманту, калі салдата знайшлі павешаным у падвале медсанчасткі, пра яго месцазнаходжанне нічога не было вядома. А 23-гадовы камандзір роты, па інфармацыі СК, наогул не цікавіўся месцам знаходжання радавога.

"Пры гэтым, у адпаведнасці з арт. 131 Статута ўнутранай службы Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, камандзір роты быў абавязаны, у тым ліку, весці ўлік асабістага складу роты і падтрымліваць вайсковую дысцыпліну. У адпаведнасці ж з арт. 133 Статута, намеснік камандзіра роты па ідэалагічнай працы быў абавязаны прымаць эфектыўныя меры па папярэджанні правапарушэнняў, а таксама адказваў за маральна-псіхалагічны стан асабовага складу", — адзначаецца ў паведамленні Следчага камітэта.

Дадзеныя факты сталі падставай для распачынання галоўным следчым упраўленнем Следчага камітэта крымінальных спраў у дачыненні да афіцэраў па ч. 3 арт. 455 (Бяздзейнасць улады, што пацягнула цяжкія наступствы) Крымінальнага кодэкса Беларусі, якія далучаныя да асноўнай справы аб здарэнні ў Печах.

Да падазраваных ужытая мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту.

"Ёсць імкненне годна прайсці адну за адной службовыя прыступкі"

Еўрарадыё ўдалося высветліць, хто быў камандзірам роты, у якой служыў і загінуў Аляксандр Коржыч. Яго завуць Павел Сукавенка, ён нарадзіўся 18 сакавіка 1994 года.

"Спрабую свае сілы ў такой адказнай справе, як навучанне і выхаванне будучых наводчыкаў прылады танка. Здаецца, усё атрымліваецца. Ва ўсякім выпадку, нараканняў з боку камандзіраў і начальнікаў не было, — распавядаў Павел (тады яшчэ лейтэнант) практычна дзень у дзень два гады таму карэспандэнту "Белорусской военной газеты". — Што тычыцца далейшай перспектывы, ёсць імкненне годна прайсці адну за адной службовыя прыступкі для таго, каб потым паступіць на камандна-штабны факультэт акадэміі і дарасці да вялікіх зорак на пагонах. Чаму б і не!.."

Пагоны старшага лейтэнанта Павел Сукавенка атрымаў зусім нядаўна — 27 чэрвеня 2017 года. У гэты час Аляксандр Коржыч ужо служыў у частцы №43064, у якой Сукавенка камандаваў 3-й ротай.

16 кастрычніка старшы лейтэнант выдаліў сваю старонку "Укантакце". Апошняе, што ён зрабіў на ёй — перапосціў са старонкі жонкі сваё фота з подпісам "Я кахаю цябе!".

  • Оцени статью:
  • Проголосовало: 2
  • Балл: 4