Скардзіўся на дзедаўшчыну — скончыў у псыхбальніцы. Усё пра салдацкую герархію і паборы ў войску

Старэйшыя салдаты — «дзяды» — проста так зьбіваюць маладых, забіраюць у іх грошы, ежу і новую форму. Андрэй Іваноў (імя зьменена. — РС) адслужыў на пачатку 2010-х у частцы ВДВ. Ён запэўнівае, што ўсё гэта не армейскія байкі. Андрэй расказаў Свабодзе, што бывае з тымі, хто ідзе супраць сыстэмы і спрабуе супраціўляцца «дзядам».

«Дзяды» і «вожыкі» — салдацкая герархія ў Беларусі

Пачынаецца ўсё з так званага «карантыну». Гэта першы месяц, калі праходзіць курс маладога байца. У гэты час цябе ніхто не чапае, ніякага падзелу па катэгорыях паміж салдатамі няма.

Пасьля прысягі салдат раскідваюць па падразьдзяленьнях. І там ужо пачынаецца іншае жыцьцё. У ВДВ быў такі падзел. Тыя, хто служыць першыя паўгода — гэта «сланы», другія паўгода — «вожыкі», апошнія — «дзяды». У нас так называлі. Дзесьці «вожыкаў» называюць «чарпакамі», дзесьці — «фазанамі». Залежыць ад роду войскаў.

Ад дзедаўшчыны больш за ўсіх церпяць «сланы». Штораніцы яны прыбіраюць у казарме — усё чысьцяць, запраўляюць ложкі «пад нітку». «Сланы» апошнімі заходзяць у сталовую. Трэба, каб за кожным сталом быў хаця б адзін «слон», бо ён павінен адносіць талеркі за ўсіх астатніх, калі тыя паядуць.

За што караюць

Атрымаць кару можна за што заўгодна. Напрыклад, дрэнна адмаршыравалі. Тады сяржант кажа: тры дні забараняем курыць. І калі некага заўважаць з цыгарэтай, пасьля адбою прымусяць адціскацца ўсіх. Ці на галаву паставяць. Гэта называлася «станавіцца на кабіну». Вельмі балюча. І так за любую правіну. Таксама плашкамі білі па задніцы. Гэта драўляныя дошчачкі, якімі адбіваюць канты на коўдрах і падушках.

Часам нехта адмаўляўся адціскацца. Дзяды казалі: «Добра, кладзіся на ложак». Таму хлопцу нават давалі шакалядку, а ў гэты час увесь ягоны прызыў, усе 20 чалавек адціскаліся за яго. Так супраць хлопца настройвалі сваіх жа. У войску такі ціск, што цябе ў любым выпадку зьядуць. Там прынцып, што ўсе церпяць за аднаго.

Зь дзядамі трэба ўсім дзяліцца. Ім нельга сказаць «не». Вось далі нам новую форму, і ўсе «добраахвотна-прымусова» аддаём яе дзядам. А яны табе — сваю старую. Ты ня можаш адмовіць.

Або едзем на палігон. Там паложаны сухпаёк на дзень — тры бляшанкі тушонкі і кашы. І вось ты адну бляшанку аддаеш старшыну, адну забіраюць дзяды. У цябе ж застаецца адна бляшанка на суткі.

Некаторыя салдаты таксама прыносілі «дзядам» ежу, калі да іх прыяжджалі сваякі. Але я ім адразу сказаў, што ні халеры ня буду ім насіць. Пару разоў атрымаў ад дзядоў за гэта. Але я лепш раз атрымаю, каб ад мяне адсталі.

Тарыфы ў войску: за што і колькі плацяць салдаты

Грошы з нас пастаянна вытрасалі. Напрыклад, першыя паўгода мы аддавалі ўвесь наш заробак сяржантам. Ты прыходзіш у кабінэт камандзіра роты, расьпісваесься ў ведамасьці, што атрымаў 30 тысяч рублёў. Гэта 10 даляраў на той час. Выходзіш і адразу ўсё аддаеш сяржантам. Ні капейкі сабе. Ад 20 чалавек першага пэрыяду трое «дзядоў» мелі 600 тысяч рублёў кожны месяц, або 200 даляраў.

Былі іншыя паборы. Дакладней — тарыфы. Калі мы прыйшлі ў «карантын», у нас ва ўсіх забралі мабільныя тэлефоны, бо імі нельга карыстацца. Але калі ты хацеў вярнуць тэлефон, трэба было плаціць у месяц 50 тысяч рублёў — каля 20 даляраў. Тады сяржант дазваляе ім карыстацца.

Хочаш пайсьці ў самаволку ўначы і прыйсьці раніцай да пастраеньня — плаці 200 тысяч. За грошы «дзяды» могуць адпусьціць і нават вопратку табе дадуць цывільную.

Яшчэ на палігоне была такая «гульня». Мы жывём у лесе, сьпім у намётах. І трэба, каб зброя была пры табе ўвесь час. Калі ты паклаў зброю кудысьці на тапчан — нары такія, зьбітыя з дошак, — і адышоў больш як на 2 мэтры, значыць, ты яе «згубіў». Падыходзіць «дзед», забірае аўтамат. За згубленую зброю — 150 тысяч. Былі хлопцы, якія па 4–5 разоў «гублялі» аўтамат і пасьля плацілі па 600–700 тысяч «дзядам».

Чаму афіцэры зацікаўленыя ў дзедаўшчыне

Афіцэры, я даю 99,9%, ведаюць пра ўсё гэта. Але яны нічога з гэтым ня робяць. Па-першае, яны разумеюць, што ўсё гэта традыцыя. Па-другое, ім самім гэта выгадна. Яны перадаюць абавязкі сяржантам і самі могуць нічога не рабіць. У іх менш працы выходзіць.

Вось прыклад. Замест таго, каб самому дзяжурыць уначы, афіцэр можа сказаць сяржанту: «Я сёньня ўначы не прыйду. Прасачы, каб быў парадак». І сыходзіць па сваіх справах. А сяржант можа рабіць усё што заўгодна — ён атрымаў уладу ад афіцэра. Каб умацаваць свой аўтарытэт, ён будзе зьдзекавацца з салдат усю ноч.

Некаторыя салдаты не вытрымліваюць ціску, пачынаюць скардзіцца. Але гэта ні да чога не прыводзіць. У нас быў адзін хлопец. Нармальны, ня гопнік, як большасьць. Зь ім можна было паразмаўляць. Але ён быў уразьлівы. Некаторыя пераносяць зьдзекі, а хтосьці не спраўляецца. І вось на яго пачалі ціснуць, і ён паскардзіўся.

Прыехалі бацькі, пачалі разьбірацца. Зампаліт раздаў усім анкеты ананімныя. Трэба было адказаць, ці ёсьць у нас дзедаўшчына, ці бяруць грошы. А напярэдадні нас сабралі «дзяды» і папярэдзілі: калі хто напіша праўду, усе пацярпяць. Ну, і ўсе хлопцы напісалі, што ў частцы няма праблем.

Тады хлопца пачалі яшчэ больш прыціскаць. Падключыўся камітэт салдацкіх маці, у частцы пачаліся праверкі. У выніку ўсё выкруцілі так, што той хлопец, маўляў, сам ва ўсім вінаваты. Ён хацеў скончыць жыцьцё самагубствам. Яго па-ціхаму камісавалі, паставілі так званы дыягназ 7Б — сацыяльная неадаптацыя. Зламалі хлопцу жыцьцё на роўным месцы.

І з гэтым нічога ня зробіш. Як гэта можна выправіць? Рыба гніе з галавы. Трэба зьмяняць мысьленьне афіцэраў. Каб яны былі зацікаўленыя ў парадку. Ведаю, у некаторых частках парадак існуе безь дзедаўшчыны. Але звычайна гэта меншыя часткі, дзе прасьцей за гэтым прасачыць.

  • Оцени статью:
  • Проголосовало: 10
  • Балл: 4.9