Ёсць яшчэ порах

Ёсць у Мінску адна жанчына, якая сваім стылем жыцця ствіць у няёмкае становішча чыноўнікаў з іх дэмагогіяй наконт “клопату дзяржавы аб састарэлых”. Людміла Аляксееўна – худзенькая, вельмі пазітыўная і па-еўрапейску актыўная – ужо даволі даўно на пенсіі, але пры гэтым у яе няма часу тупа сядзець на лавачцы каля пад’езда. З дапамогай брытанскай Каралеўскай асацыяцыі па ахове жывёл яна зняла два невялічкія пакойчыкі па вуліцы Гурскага і зрабіла там прытулак для бяздомных катоў і сабак.
Усе там будзем

Усе там будзем

Насельніцтва Зямлі старэе. Сёння сярэдняя працягласць жыцця на планеце складае 64 гады. Чакаецца, што ў 2050 годзе яна павялічыцца да 75. А ў развітых краінах і наогул дасягне 82 гадоў (прынамсі так сцвярджае Ханя Злотнік, дырэктар Аддзела па народанасельніцтве ААН). Адпаведна, павялічваецца попыт на прафесіяналаў у сферы “старэння” – герантолагаў.

Геранталогія – навука аб працэсах старэння. Яна ахоплівае сацыяльныя, псіхалагічныя і біялагічныя аспекты працэсу старэння і спалучае наступныя сферы:

-- вывучэнне фізічных, разумовых і сацыяльных зменаў у працэсе старэння;

-- вывучэнне зменаў у грамадстве ў сувязі з тым, што насельніцтва старэе;

-- прымяненне гэтых ведаў у распрацоўцы дзяржаўных і глабальных стратэгій.

Гэтая сфера даволі новая, а значыць, ёсць яшчэ неаранае поле для інавацый. Еўрапейскія і амерыканскія бізнесмены выводзяць на рынак усё больш тавараў і паслуг, якімі карыстаюцца выключна старыя. А ў інтэрнет-крамах усё часцей з’яўляюцца асобныя старонкі – “тавары для старых”, дзе акрамя медыцынскіх тавараў можна набыць і рэчы штодзённага карыстання: галасавыя будзільнікі, прыборы для хуткага зашпільвання гузікаў, інвалідныя каляскі з падстаўкамі для вудзільна і нават нізкахуткасныя скутэры.

Чорт у рабрыну

Па меры таго як мы сталеем, змяняюцца нашы звычкі, патрэбы і магчымасці. Усё гэта залежыць ад нашага полу, расы, этнічнай праыналежнасці і эканамічнага статусу.

Напрыклад, арыентуючыся на актыўных старых, спецыялісты высвятляюць, што іх цікавіць, і потым складаюць шматлікія праграмы па актыўным адпачынку, валанцёрскай працы, ладзяць тэатральныя гурты, хоры… Старым жа таксама трэба куды-небудзь падзець сваю энергію. Амерыканскі герантолаг доктар Джын Д. Коэн у сваёй кнізе “Час для творчасці: абуджэнне патэнцыялу чалавека ў другой палове жыцця” піша: “Даследаванні паказваюць, што старыя, у якіх ёсць хобі, менш схільныя да стрэсу і ў іх мацнейшая імунная сістэма. Акрамя таго, творчасць дапамагае ім лягчэй пераадольваць страту блізкіх і сяброў, яны больш пазітыўна ставяцца да самога жыцця”.

Усё больш актуальным “хобі” для старых на Захадзе становіцца каханне. Напрыклад, на мностве еўрапейскіх інтэрнэт-сайтаў французы, брытанцы, аўстрыйцы, немцы, швейцарцы і г.д. “за 50” з задавальненнем шукаюць сваё каханне ці проста сяброзства. Без сораму і загонаў яны вывешваюць аб’явы кшталту “Прыйдзі ў мой свет…”

Краіне патрэбныя героі

А тым часам у Беларусі даўно назіраецца дэмаграфічны крызіс. Сёння кожны пяты жыхар краіны – пенсіянер. Калі зірнеш, як жывуць нашы старыя нават у гарадах (пра вёску і казаць неяк няёмка), становіцца зразумела: без герантолагаў тут не абысціся. Патэнцыйных месцаў працы для “спецыялістаў па старэнні” – хоць адбаўляй. За мяжой яны звычайна працуюць у розных кам’юніці-цэнтрах, рэлігійных арганізацыях, шпіталях і дамах састарэлых, у рэгіянальных і мясцовых структурах. Ды і праца герантолага можа быць самай рознай: ад банальнага догляду, медыцынскай дапамогі (напрыклад, хворым на Альцгеймера) і правядзення мерапрыемстваў да кансультацый па сямейных пытаннях, пошуку працы і нават дапамогі ў бізнес-планаванні. Саму не, калі ў тваіх падапечных ёсць яшчэ порах?

Еўратур з бабулькамі

На Захадзе, дзе ад герантолагаў няма адбою, для працы табе спатрэбіцца дыплом магістра. У нас жа пракацяць і менш важкія сертыфікаты, галоўнае – матывацыя. Сама навука шчыльна звязана з псіхалогіяй, сацыялогіяй і эканомікай, таму і вывучаюцца адпаведныя прадметы: псіхалогія старэння, старэнне і камунікацыі, адпачынак для старых, эканамічныя аспекты старэння, сямейная геранталогія, старэнне і дзяржаўная палітыка, фандрайзінг.

Магістарскія праграмы па геранталогіі найбольш распаўсюджаны ў ЗША: ад Institute of Gerontology (Wayne State University, Detroit) і да University of South Florida, ці Michigan State University. Студэнтаў апошняга арыентуюць на практычную дзйнасць: тут пастаянна ладзяцца семінары і заняткі з удзелам старых. На практыцы вывучаюцца розныя праблемы аздараўленчага і сацыяльнага характару. Плюс, вядома ж, “тонкі псіхалагічны момант”: шмат часу адводзіцца на… звычайныя размовы са старымі, іх успаміны пра сям’ю, былую працу і г.д. Карацей, весяляцца як могуць.

Але Еўропа не адстае: пад эгідай Еўракамісіі была створана унікальная праграма EuMaG, паводле якой, калі ты ўжо маеш ступень бакалаўра, здаў TOEFL і ведаеш статыстычны аналіз, то можаш раз’язджаць па ўсёй Еўропе (Брытанія, Ірландыя, Балгарыя, Швецыя, Фінляндыя, Нарвегія, Аўстрыя, Германія, Францыя, Польшча, Чэхія, Славакія, Грэцыя, Нідэрланды, Бельгія) і на працягу двух гадоў атрымліваць свайго магістра. Каштуе гэтае задавальненне ўсяго 1000 еўра.

Увогуле, пры паступленні ў любы універ, акрамя пералічаных вышэй патрабаванняў, камісія паставіць табе тлустую птушку, калі да гэтага ты хоць нейкім бокам сутыкаўся з псіхалогіяй, сацыялогіяй ці медыцынай.

Важна! Ёсць магчымасць вывучаць геранталогію і праз інтэрнэт. Напрыклад, University of Wisconsin прапаноўвае праграму Online Gerontology Certificate. Яна ўключае 7 ступеняў (асновы геранталогіі, псіхалогія старэння, этычныя праблемы старэння, здароўе і фізічныя аспекты старэння, сацыялогія старэння, практыка і дыпломная праца). Доўжыцца праграма 8 тыдняў і цалкам праходзіць у рэжыме онлайн. Практыку (16 тыдняў) студэнт праходзіць у сваёй краіне: гэта 60 гадзін валанцёрскай ці аплачанай працы ва ўстанове, якая займаецца старымі. Ты сам плануеш графік сваіх заняткаў, максімальны час на ўсё 5 год. І каштуе гэтая радасць усяго каля 4500 долараў.

Тым часам простая офлайн-адукацыя, напрыклад, ва University of Waterloo (Канада) каштуе 4100 амерыканскіх долараў у семестр. Гэта пры тым, што стыпуха для замежнікаў можа складаць 1 400 долараў.

WEB: ведай больш

www.eumag.org -- акрамя праграмы EuMaG, тут знойдзеш спасылкі на універы па ўсёй Еўропе і лінкі геранталагічных асацыяцый.

www.trinity.edu/~mkearl/geron.html -- процьма тэарэтычнай інфы пра геранталогію, плюс статыстычныя дадзеныя. Напрыклад, статыстыка па колькасці ўсмешак у свеце і як яны ўплываюць на самадчуванне людзей.

www.iagg.com.br – ародная ассацыяцыя геранталогіі. Публікацыі, даклады, часопісы, кнігі і іншае нудоцце. Затое ў раздзеле Education and training можна выбраць любы рэгіён планеты (хоць Афрыку) і знайсці сабе універ.

 

  • Оцени статью: