Расея прапануе Беларусі больш выгадныя тарыфы на транзыт нафтапрадуктаў праз свае парты. У чым падвох?

Міністэрства энэргетыкі Расеі зробіць Беларусі шэраг прапановаў наконт транспартаваньня нафтапрадуктаў праз чыгунку і парты, перадае ТАСС заяву намесьніка міністра энэргетыкі Расеі Кірыла Маладцова.

Расея, паводле Маладцова, можа зацікавіць Беларусь больш выгаднымі тарыфамі на транспарт нафтапрадуктаў расейскай чыгункай і праз расейскія парты, каб «ня гналі» нафтапрадукты праз краіны Балтыі.

Раней Уладзімір Пуцін даручаў абавязаць беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы выкарыстоўваць расейскія парты для транспартаваньня нафтапрадуктаў з расейскай нафты. Чаму цяпер гаворка вядзецца не пра прымусовы характар такога транспартаваньня, а пра магчымыя зьніжкі, не ўдакладняецца.

Кіраўніцтва Беларускай нафтавай кампаніі раней заяўляла, што тарыфы на перавозку нафтапрадуктаў у напрамку партоў іншых краінаў ніжэйшыя за расейскія нават з улікам зьніжкі, прапанаванай на чыгунку (але не на парты). Адзначаліся і «цяжкасьці» асноўных расейскіх тэрміналаў у прыманьні беларускіх грузаў, «асабліва ў зімовы пэрыяд» (калі ля шэрагу расейскіх партоў вада пакрываецца лёдам, пра што нагадваў прэм’ер-міністар Літвы).

За беларускія грузы ў сваіх партах з Расеяй канкуруюць Літва і Латвія, прычым міністар замежных спраў Літвы нават заяўляў, што Латвія адмаўляецца байкатаваць куплю электраэнэргіі зь БелАЭС з прычыны зацікаўленасьці ў праходзе грузаў зь Беларусі праз свой марскі порт у Вэнтсьпілсе, а не празь літоўскі ў Клайпедзе.

Але, як кажа экспэрт у нафтагазавай галіне Тацяна Манёнак, з прычыны зьніжэньня цэнаў на нафту Беларусь наагул вырашыла «менш экспартаваць праз парты і больш прадаваць нафтапрадуктаў на сумежных рынках, каб зьнізіць выдаткі на лягістыку».

  • Оцени статью:
  • Проголосовало: 1
  • Балл: 4