Джын Саакашвілі выпушчаны з бутэлькі

Цікавасьць байнэту да ўкраінскіх прыгодаў Міхэіла Саакашвілі тлумачыцца ня толькі нестандартнасьцю сытуацыі, у якой апынуўся ўвесь украінскі палітыкум. Гэта проста туга, а можа, настальгія па адсутнасьці палітычнага жыцьця ў самой Беларусі.

Сапраўды, як адзначалі экспэрты, разважаць пра вяртаньне Саакашвілі ва Ўкраіну з гледзішча закону — справа безнадзейная. Хаця б з той прычыны, што абодва бакі канфрантацыі даўно выйшлі за межы прававога поля. Таму тут цікавы менавіта палітычны аспэкт, пра што і піша ў сваім блогу Юры Дракахруст.

Гісторыя супрацьстаяньня Парашэнка — Саакашвілі шматгранная, шматузроўневая і дае пацьверджаньне многіх палітычных аксіём. Напрыклад, такой, што сяброўства ў палітыцы не бывае.

Але хачу зьвярнуць увагу толькі на адзін аспэкт. Як абазнаныя палітыкі зь вялікім палітычным досьведам робяць элемэнтарныя памылкі, ня могуць пралічваць, як цяпер бачыцца, відавочных наступстваў уласных рашэньняў.

Я цяпер якраз не пра Саакашвілі, а пра Пятра Парашэнку. Пра ягонае рашэньне пазбавіць свайго былога сябра і паплечніка, а потым крытыка і праціўніка ўкраінскага грамадзянства. Зноў, жа, падкрэсьліваю, не пра прававы, а палітычны бок справы.

Калі Міхэіл Саакашвілі быў прызначаны губэрнатарам Адэскай вобласьці, то вакол гэтай падзеі было шмат інфармацыйнага шуму. Сам палітык даволі прафэсійна арганізаваў піяр, дэманстраваў кожны крок сваёй дзейнасьці, шмат апавядаў пра ўсеагульную карупцыю. Усе скандалы ішлі яму на карысьць, ягоны рэйтынг значна вырас, у лютым 2016 году 50% украінцаў пазытыўна ставіліся да яго. Гэта быў пік ягонай папулярнасьці. Калі б у той момант адбыліся выбары ў Вярхоўную Раду, то фракцыя Саакашвілі магла б аказацца даволі вялікай, ён меў пэўныя шанцы стаць прэм’ерам.

Аднак выбараў не было, а справы ў адэскага губэрнатара ішлі ня тое каб правальна, але разрыў паміж вялізнымі абяцаньнямі, чаканьнямі і рэальнасьцю аказаўся глыбокім і ўсім відавочным. Можна, вядома, разважаць, што яму не далі, што немагчыма ў адной асобнай вобласьці перамагчы сыстэму і пабудаваць «горад Сонца». Але з гледзішча абывацеля, ці электарату, гэта, як той казаў, расказы для бедных. Украінскія палітолягі, якія ўважліва сачылі за дзейнасьцю Саакашвілі, адзначаюць, што пасада губэрнатара вобласьці зьяўляецца ня толькі і ня столькі палітычнай, колькі адміністрацыйнай. Тут трэба прадэманстраваць якасьці добрага кіраўніка, адміністратара, мэнэджэра. А якраз з гэтым у Міхаіла, паводле назіральнікаў, ня ўсё выдатна.

Як бы тое ні было, але Саакашвілі сышоў з пасады губэрнатара Адэскай вобласьці зусім не пераможцам. І хоць ён ня здаўся, працягваў актыўную палітычную дзейнасьць, езьдзіў па рэгіёнах і ствараў сваю палітычную структуру («Рух новых сілаў») на глебе барацьбы з карупцыяй, ягоны вобраз палымянага барацьбіта з алігархамі пацьмянеў. Рэйтынг палітыка (пазытыўнае стаўленьне) упаў да 18% у чэрвені 2017 году. Ён апынуўся ў шэрагу іншых украінскіх палітыкаў, пра якіх украінцы кажуць: балбатуны.

Якраз у момант магчымага захаду палітычнай кар’еры Саакашвілі, яму «на дапамогу» прыйшоў Парашэнка, пазбавіўшы яго ўкраінскага грамадзянства.

І вось тут, якраз у момант магчымага захаду палітычнай кар’еры Саакашвілі, яму «на дапамогу» прыйшоў Парашэнка, пазбавіўшы яго ўкраінскага грамадзянства. І цяпер мы бачым, чым гэта абярнулася. Апынуўшыся ва Ўкраіне, Саакашвілі становіцца цэнтральнай фігурай палітычнага жыцьця. Вакол яго пачалі яднацца іншыя апазыцыйныя палітыкі.

Увесь гэты скандал мне нагадвае адзін эпізод з позьняй савецкай гісторыі. Калі адзін з паплечнікаў Міхаіла Гарбачова Барыс Ельцын, прызначаны першым сакратаром Маскоўскага гаркаму КПСС, стаў хутка набіраць папулярнасьць. Зрабіўшы стаўку на папулізм, Ельцын пачаў хадзіць па сталіцы, езьдзіць грамадзкім транспартам, заходзіць у крамы, наводзіць элемэнтарны парадак. Гарбачоў, спужаўшыся канкурэнцыі, зьняў яго з гэтай пасады, вывеў з складу кандыдатаў у чальцы палітбюро ЦК, прызначыў намесьнікам старшыні Дзяржбуду. Пры гэтым сказаў знакамітую фразу: «Я табе больш ня дам займацца палітыкай». Чым закончылася, усім вядома. Гарбачоў уласнымі рукамі стварыў Ельцыну вобраз гнанага за праўду народнага змагара з партыйнай намэнклятурай.

Ці выпусьціў цяпер Парашэнка джына Саакашвілі з бутэлькі? Думаю, неўзабаве ўбачым.

  • Оцени статью:
  • Проголосовало: 5
  • Балл: 4.2