Кандыдатка на старшыню БНФ: «Я не Мядзьведзеў, я іду на два тэрміны»

Вольга Дамаскіна расказвае, як мяркуе ўзьняць імідж партыi, тлумачыць, чаму яе нельга параўноўваць зь Мядзьведзевым пры Пуціну, і адказвае на «традыцыйнае» пытаньне, ці фэміністка яна.

— Госьця сёньняшняга эфіру — кіраўніца інфармацыйна-культурнага цэнтру «ІніцыАрт» у Наваполацку Вольга Дамаскіна, магчымая будучая лідэрка БНФ. Вядома, што ў кіраўніцтва партыі ёсьць згода і кансэнсус менавіта вас вылучыць на пасаду старшыні БНФ. Зьезд будзе 30 верасьня. Як гэта адбывалася? Ц гэта была ваша ініцыятыва, ці вам калегі па партыі паведамілі і прапанавалі стаць старшынёй БНФ?

— Такога «паведамленьня» не было. Ісьці на старшыню БНФ — гэта выключна маё ўласнае рашэньне. Канечне, я як сябра партыі паведаміла пра гэта кіраўніцтву, і спадзяюся, што Аляксей Янукевіч падтрымае мяне.

— Зь якой праграмай вы ідзяце на сваё абраньне? У вас будуць новыя рэвалюцыйныя ідэі, ці вы лічыце, што галоўнае — гэта пераемнасьць курсу?

— Партыя БНФ — гэта жывы арганізм, і ён патрабуе пэўнай карэкцыі. І гэта, безумоўна, адбудзецца. Найперш трэба падвысіць прафэсійны і інтэлектуальны ўзровень партыі. БНФ павінна ўзьняць свой імідж, галоўнае — гэта праца з моладзьдзю. Увогуле, я лічу, што апазыцыі трэба вярнуць сабе моладзь і зрабіць апазыцыю для моладзі цікавай.

— Гэта прыгожыя словы. Але як гэта зрабіць? Хіба ёсьць сёньня аб’ектыўныя абставіны ў беларускім грамадзтве, каб моладзь цікавілася апазыцыйнай палітыкай?

— Напэўна, гэта найперш адукацыйныя мерапрыемствы для моладзі. Працаваць з грамадзтвам, расказваць, чым добрая партыя БНФ. Падтрымліваць яркую моладзь у рэгіёнах — гэта будзе маёй галоўнай праграмай.

— Як вы ацэніце палітычную спадчыну Аляксея Янукевіча за гэтыя гады, што ён кіраваў БНФ?

— Пра кожнага кіраўніка БНФ можна сказаць пра ягоны ўклад у разьвіцьцё партыі. Былі і хібы, і добрыя моманты. Усё гэта база, якая пяройдзе і далей.

— Давайце больш канкрэтна. Калісьці Аляксей казаў у сваіх інтэрвію, што БНФ павінен вырасьці ў масавую партыю, стаць лідэрам сярод апазыцыйных сілаў. Наўрад ці можна канстатаваць, што гэта адбылося. Гэта сур’ёзны мінус? Ці будзеце вы ў сваім выступе на зьезьдзе крытыкаваць папярэдняе кіраўніцтва?

— Сёньня я ня буду пра гэта казаць. Калі я буду старшынёй, тады і будзем вырашаць такія пытаньні па ходу паступленьня.

— Цяперашні старшыня БНФ Аляксей Янукевіч паводле Статуту партыі ня можа балятавацца на трэці тэрмін, таму партыі спатрэбіўся новы кіраўнік. Але ці не адчуваеце вы сябе гэткім Дзьмітрыем Мядзьведзевым, які пабыў на пасадзе прэзыдэнта Расеі 4 гады, а потым зноў саступіў гэтае месца Пуціну?

— Канечне, не. Я спадзяюся, што калі мае калегі мяне падтрымаюць на зьезьдзе, мы будзем працаваць, і гэта ня будзе як пераходны этап, як вы казалі пра Мядзьведзева.

— То бок вы прыходзіце «ўсур’ёз і надоўга»?

— Так, на два тэрміны.

— Што вы думаеце пра правацэнтрысцкую кааліцыю? БНФ туды не ўваходзіць, але існуе думка, што паводле палітычных прынцыпаў якраз БНФ там самае месца. Вы, сярод іншага, і актывістка руху «За свабоду». Як вы лічыце, ці трэба БНФ уваходзіць у гэтую кааліцыю?

— Гэта было калегіяльнае супольнае рашэньне. І, я лічу, яно было правільным.

— То бок БНФ настолькі моцны і папулярны, што можа быць асобнай самастойнай палітычнай сілай?

— Мы гатовыя супрацоўнічаць з тымі, хто падзяляе нашы інтарэсы. Я лічу, што па нейкіх пытаньнях мы можам уваходзіць у кааліцыі — але толькі тады, калі гэта супадае з нашымі інтарэсамі.

— Вы жывяце ў Наваполацку. Вы ж у выпадку абраньня лідэрам БНФ не зьбіраецеся пераяжджаць у Менск?

— Не.

— Як вы мяркуеце адтуль кіраваць партыяй?

— Полацак заўсёды быў калыскай беларускай дзяржаўнасьці. Чаму б не зрабіць яго сталіцай беларускага палітычнага жыцьця?

Гэта жарт, вядома. Але калі сур’ёзна — я не лічу, што ў гэтым ёсьць праблема. Цяпер дастаткова сродкаў камунікацыі, каб апэратыўна вырашаць нейкія пытаньні. З Наваполацку ў Менск можна даехаць за тры гадзіны.

Я разумею, што пасада старшыні патрабуе больш бываць тут, у Менску. Але я не лічу гэта для сябе праблемай, гэта ня зьменіць кардынальна маё жыцьцё.

— Ведаеце, часам, каб зачапіць шмат пластоў і раскрыць суразмоўцу, ня трэба прыдумляць нейкае складанае мудрагелістае пытаньне. Дастаткова проста спытаць — «ці лічыце вы сябе фэміністкай»?

— Перш за ўсё ў мужчынах і жанчынах я бачу асобу, для мяне няма розьніцы па палавой прыкмеце. Цяжка канкрэтна сказаць, фэміністка я ці не. Тут ужо можна далей праводзіць аналёгіі, бо ёсьць фэміністкі радыкальныя, лібэральныя, вельмі шмат розных.

Мы, і мужчыны і жанчыны — гэта асобы, якія маюць права на сваю думку, свае погляды, і гэтае права павінна паважацца грамадзтвам. Ня важна, мужчына ты ці жанчына. Няма такіх праблемаў, якія можна назваць толькі жаночымі ці толькі мужчынскімі...

— Ну, гэта значыць, што вы не фэміністка. Бо яны лічаць, што ёсьць асобныя жаночыя праблемы і што жанчыны менавіта як жанчыны дыскрымінуюцца грамадзтвам...

— Мы з мужчынамі ня ворагі. Мы партнэры, мы можам дамаўляцца і будзем дамаўляцца і разам рабіць добрую справу. Галоўнае — што ў нас у галаве, якія ідэі.

— Як, па-вашаму, вашае магчымае абраньне можа паўплываць на беларускі і міжнародны імідж БНФ? Бо гістарычна многія ўспрымаюць БНФ як даволі кансэрватыўную палітычную сілу.

— Толькі станоўча паўплывае. Мы мяняемся. Я не лічу, што можа быць нейкая праблема ў тым, што жанчына стала старшынёй БНФ.

— Я якраз бачу тут толькі пазытыўны ўплыў. Абраньне жанчыны на пасаду старшыні БНФ — гэта станоўчы і нават мудры крок.

— Будзем спадзявацца, зьезд гэта вырашыць.

— Пасьля таго як у вузкіх колах стала вядомая інфармацыя, што вы будзеце вылучацца — якую рэакцыю вы атрымалі? Ці былі і нэгатыўныя водгукі?

— Нэгатыўных не было. Наадварот, мяне падтрымалі і сябры, і калегі, і сям’я. Без падтрымкі сям’і я б не наважылася ісьці гэтым шляхам.

— Як вы бачыце на сёньня галоўную задачу апазыцыйных сілаў? Ідзе дыскусія наконт рэвалюцыйнага і эвалюцыйнага падыходу. Ці лічыце вы, што трэба ісьці на выбары, ці трэба быць у жорсткай апазыцыі да любых дзеяньняў улады?

— Тое, што варта ісьці на выбары — гэта адназначна. Зараз пачынаецца складаны і цікавы пэрыяд — выбары мясцовыя, парлямэнцкія, прэзыдэнцкія. Магчыма, будуць нейкія новыя моманты і кампаніі, якія мы якраз абкатаем на гэтых мясцовых выбарах.

Ці супрацоўнічаць з уладай? Здаецца, пытаньне ў тым, ці гатовая сама ўлада супрацоўнічаць з апазыцыяй. Мы можам прапаноўваць ім свае паслугі і дапамогу — але на самой справе яны не гатовыя.

— Пару словаў пра ваш палітычны характар. Ці вы чалавек жорсткай, аўтарытарнай волі? Ці вы больш схільныя да кампрамісаў, кансэнсусу?

— Цяжка сябе хваліць, але я чалавек, які не прымае рашэньні, грукаючы кулаком у стол. Я буду ўзважваць, выслухоўваць усе думкі. Я ўмею слухаць, чуць, што кажуць іншыя людзі. Але напэўна, калі патрэбна, я магу і жорстка прыняць нейкае рашэньне.

  • Оцени статью:
  • Проголосовало: 2
  • Балл: 4