Валер Карбалевіч – пра Лукашэнка і бізнэс: Пакінь надзею, хто сюды ўваходзіць

Чаму функцыя бізнэсу ў Беларусі — гэта абслугоўваньне існага рэжыму.

Сёлета ў студзені, у момант, калі беларуская эканоміка апынулася на самым дне крызісу, Лукашэнка даў загад падрыхтаваць шэраг нарматыўных дакумэнтаў дзеля разьняволеньня бізнэсу, якія маглі б расьсекчы «гордзіеў вузел праблем у малым бізнэсе».

Гаворка ішла пра прэзыдэнцкі дэкрэт «Аб разьвіцьці прадпрымальніцтва і выключэньні залішніх патрабаваньняў, якія прад’яўляюцца да бізнэсу» і яшчэ шэсьць нарматыўных актаў. Была створаная адмысловая працоўная група на чале з намесьнікам кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Валерам Міцкевічам. Лукашэнка даручыў падрыхтаваць дакумэнты на працягу першага кварталу 2017 году. Запомнім гэты тэрмін.

Пачалася праца. Да яе падключыліся бізнэс-асацыяцыі, а таксама незалежныя экспэрты, у прыватнасьці вядомы лібэральны эканаміст Яраслаў Раманчук. Дзяржаўныя мэдыі поўніліся патаснымі паведамленьнямі, што нарэшце дзяржава паварочваецца тварам да прадпрымальніцтва, бачыць у ім драйвэра разьвіцьця эканомікі, здымае ўсе абмежаваньні ў ягонай дзейнасьці, і нарэшце да нас паваляць замежныя інвэстыцыі.

Почему бизнесмен верит в толчок по развитию бизнеса в Беларуси, а экономист – очень сомневается?

Першы званочак прагучаў падчас выступу Аляксандра Лукашэнкі ў Нацыянальным сходзе з пасланьнем 21 красавіка. Галоўны патас пасланьня — ніякай лібэралізацыі, ніякіх рэформаў. Разважаючы пра новы дэкрэт, кіраўнік дзяржавы адзначыў: «Але я баюся, каб мы ў выніку не стварылі нейкую хаатычную абстаноўку, не спарадзілі нейкі броўнаўскі рух і ня страцілі кіраванасьць у эканоміцы. Чытай — у дзяржаве. Вось гэта трэба мець на ўвазе».

Такім чынам, свабода бізнэсу ва ўяўленьні Лукашэнкі — гэта хаатычная абстаноўка, броўнаўскі рух і страта кіраванасьці.

Між тым першы квартал даўно скончыўся. У пасланьні 21 красавіка Лукашэнка запатрабаваў: «Гэтыя дакумэнты бліжэйшым часам павінны паступіць на разгляд прэзыдэнта».

Скончыўся другі квартал, пачаўся трэці. Дакумэнты завісьлі.

Вось нарэшце 8 жніўня ў Лукашэнкі дайшлі рукі да гэтай нелюбімай ім тэмы. Адбылася адпаведная нарада. Прадпрымальнікі разьлічвалі, што кіраўнік дзяржавы падпіша падрыхтаваныя дакумэнты. Але спадзяваньні былі дарэмныя. Лукашэнка прызначыў новы тэрмін гатоўнасьці дакумэнтаў — 1 кастрычніка.

Але нават ня столькі сам факт адцягваньня выхаду гэтых знакавых дакумэнтаў уражвае, колькі камэнтары Лукашэнкі, якія спадарожнічалі гэтаму рашэньню. Здавалася б, пра што павінен быў гаварыць кіраўнік дзяржавы, абмяркоўваючы дакумэнты аб ліквідацыі непатрэбных абмежаваньняў у працы суб’ектаў гаспадараньня? Мусіць, пра тое, якія вялікія пэрспэктывы адкрываюцца перад краінай. Маўляў, якія мы дурні былі, што не зрабілі гэтага раней, вось цяпер эканоміка нарэшце запрацуе, народ зажыве і інш.

Але дарэмна. Лукашэнка ні ў чым не памяняўся, ён застаўся тым самым палітыкам, які называў прадпрымальнікаў «вашывымі блохамі», жульлём, якому месца за кратамі.

Зь ягоных камэнтароў вынікае, што ён разглядае разьнявольваньне бізнэсу як праблему, выклік, пагрозу. Ягоны выступ на нарадзе поўніцца запужваньнямі бізнэсоўцаў: «Ня дай бог пасьля першага кастрычніка, калі гэтыя дакумэнты набудуць моц, хтосьці дзесьці ня так будзе сябе паводзіць — мала ня будзе, я вам гарантую». Вось, аказваецца, што гарантуе гарант Канстытуцыі ў выніку новага дэкрэту. Зусім не свабоду, а наадварот, турму.

Лукашэнка зноў і зноў паўтарае тое, што яго найбольш хвалюе: «Дзяржава не павінна і ня страціць кантроль у эканоміцы... Людзі нам потым гэтага не даруюць». Паводле ягонага разуменьня, прадпрымальнікі павінны «працаваць ня толькі на сябе, але і на карысьць дзяржавы», «каб пасьля прыняцьця рашэньняў (па стымуляваньні дзелавой ініцыятывы. — Заўвага БЕЛТА) дзяржава стала мацнейшай». Зьвяртаючыся да прадстаўнікоў бізнэсу, Лукашэнка з пагрозай заявіў: «Калі вы па-іншаму гэта разумееце, тады ў нас з вамі наўрад ці нешта атрымаецца». Хто б сумняваўся.

То бок Лукашэнка, як і раней, разглядае прадпрымальніцтва не як асноўную і натуральную форму разьвіцьця эканомікі і грамадзтва, не як свабодную творчасьць свабодных людзей, а ўсяго толькі як інструмэнт у руках улады для вырашэньня задач, якая ставіць дзяржава. Функцыя бізнэсу ў Беларусі — гэта абслугоўваньне існага рэжыму. Што бывае з тымі, хто гэтага не разумее, спытайцеся ў Чыжа, Пракапені, Кныровіча і іншых ахвяр беларускай сацыяльнай мадэлі. «Пакінь надзею, хто сюды ўваходзіць», — было напісана над брамай пекла ў «Боскай камэдыі» Дантэ Аліг’еры.

  • Оцени статью:
  • Проголосовало: 3
  • Балл: 5