Спецыяльнасць: грамадскае кіраванне
Паблік Марозаў

У 1887 годзе тады яшчэ прафесар палітычных навук, будучы прэзідэнт ЗША і адзін з айцоў навукі public administration Вудро Вільсан пісаў: “Трэба, каб палітыкі паменей лезлі ў справы кіраўнікоў. Няхай яны ствараюць законы, але прымяняць іх на практыцы павінны кіраўнікі. Такім чынам, палітыкі будуць вырашаць, што трэба зрабіць, а чыноўнікі хай шукаюць спосабы. Не дэмакрыты і не рэспубліканцы будуць дыктаваць, як будаваць дарогу. Хай гэта вырашае інжынер-практык”.

Кесару кесарава

Вядома ж, Вільсан меў рацыю, калі сцвярджаў, што кожны павінен займацца сваёй справай. Але вопыт апошніх ста год паказвае, што немагчыма да канца правесці рысу паміж палітыкай і кіраваннем, заканадаўцамі і выканаўцамі. Па словах Раяна Готшэла, магістранта праграмы Public Administration (PA), ва універсiтэце Джорджа Вашынгтона адказваць на пытанне “Што такое РА?” можна бясконца, але калі коратка, РА вывучае дзяржаўнае кіраванне і палітыку, а таксама арганізацыі і установы, якія фармулююць і увасабляюць гэтую палітыку. Традыцыйна задачай магістарскіх праграм у РА было падрыхтаваць высокакваліфікаваных дзяржаўных менеджераў, але зараз сфера значна пашыраецца і ўключае падрыхтоўку менеджераў грамадскіх арганізацый, дзяржаўных кансультантаў і нават бізнесменаў, што працуюць па дзяржкантрактах.

У абавязкі “галоўных герояў” РА уваходзіць не толькі праціранне штаноў ва ўтульным цёплым офісе, але і процьма іншых сур’ёзных спраў. Напрыклад, бюджэтнае планаванне (як не вычарпаць усе рэсурсы, пры гэтым не павышаючы падаткі), стратэгічнае планаванне (распрацоўка доўгатэрміновых планаў у улікам усіх магчымых траблаў), кадравы менеджмент (падбор самых кваліфікаваных кадраў) і, натуральна, праца з насельніцтвам (кансультацыі, вырашэнні канкрэтнай праблемы грамадзяніна Іванова) і г.д.

Прыходзьце заўтра

Падзелім колькасць забітых нервовых клетак на гадзіну беганіны па інстанцыях – і атрымаем каэфіцыент бюракратычнай “зарэгуляванасці” краіны. І хаця менавіта такой формулай ніхто яшчэ не карыстаўся, але іншыя прыкметы заўсёды ляжаць на паверхні: калі на кожным кроку трэба плаціць за нейкія міфічныя “кампутарныя паслугі”, стаяць у чэргах за “замежным штампам”, прапіскай ці гадамі рэгістраваць бізнес – значыць, з РА у такой краіне не зусім парадак. Бо менаівта ад РА-чыноўнікаў залежыць, завіснеш ты на цэлы дзень у падатковай ці атправіш дэкларацыю праз інтэрнет.

Большасць еўрапейскіх краін ужо праводзіла РА-рэформы, каб пераарыентаваць працу дзяржменеджэраў і агенцтваў на захаванне “псіхічнага здароўя нацыі”. Адзін з прыкладаў – Партугалія, дзе гэтую кашу заварылі ячшэ ў 1986-м. Дзяржсакратар Партугаліі па мадэрнізацыі дзяржкіравання (ёсць такая прафесія!) Ізабэль Корт-Рэаль кажа: “Мадэрнізацыя ідзе па трох асноўных прынцыпах: паляпшэнне якасці паслуг для людзей, прафесіяналізацыя нашых супрацоўнікаў і пабудова такой сістэмы кіравання, якая падштурхне наперад як працаўніка дзяржсектара, так і бізнес”.

Партугальцы пачалі з перфарміравання розных там сакратарыятаў, камітэтаў і іншых “саветаў”: са “стурктур-балотаў” яны ператварыліся ў канторы з дакладна акрэсленным полем дзейнасці – і паспрабуй толькі схалявіць. Працу з “кліентамі” – простымі грамадзянамі – таксама пачалі з элементарнага: “Па-першае, мы праводзілі медыя-кампаніі па інфармаванні грамадзянаў аб іх правах і гарантыях, якія дае дзяржава. Па-другое, трэба было забяспечыць, каб да “кліента” звярталіся з павагай і на ўсе пытанні знаходзілі адказ. Ну і таксама важна, каб вырашэнне пытання не адкладалася на пасля. Таму ў некаторых агенцтвах мы нават прыбралі абедзенны перапынак, каб людзі не чакалі. Па ўсёй краіне паставілі медыя-абсталяванне – т.зв. інфапункты, куды любы чалавек прыйдзе і атрымае патрэбную даведку. Былі моцна спрошчаны розныя адміністрацыйныя фармальнасці і працэдуры. Кожнае змяненне ў заканадаўстве адразу адлюстроўваецца на білбордах, плакатах і нават на канцэлярскіх таварах. У кожным дзяржофісе мы паставілі спецыяльныя скрыні, куды людзі з задавальненнем кідаюць свае пажаданні ці падзякі. Так, ПАДЗЯКІ! У 1990 годзе мы ўпершыню правялі афіцыйны Дзень дэбюракратызацыі, а ў 1992-м – нацыянальны конкурс “Ідэя і Якасць”, куды прадстаўнікі розных прафесій даслалі нам каля 300 работ з прапановамі – усе нават не пералічыць”.

Кузня кадраў

Магістрант Раян Готшэл (гл.вышэй) кажа, што абраў праграму РА не выпадкова: “Магістр РА – гэта рознабаковы і міждысцыплінарны дыплом. Мне падабаецца гэтая сумесь паліталогіі, дзяржаўнага кіравання,эканомікі і грамадскіх зносінаў. Такі дыплом запатрабаваны не толькі ў дзяржаўным сектары (хаця, мабыць, гэта тое, чым я буду займацца пасля вучобы), але таксама ў грамадскім сектары, у кантрактнай працы і ў стасунках бізнесу і дзяржавы”.

Універ Вашынгтона, дзе вучацца Раян, таксама не пальцам роблены: “Самая прывабная рыса гэтай праграмы ў маім унівірсітэце – прадметы, якія яна прапаноўвае. РА-праграмы ў іншых школах сфакусаваныя выключна на менеджменце, у той час як GWU больш увагі надае палітычным аспектам. Яшчэ ў маёй праграмы моцны міжнародны ўхіл, таму тут даволі шмат замежных студэнтаў”. Наогул, праграмы па РА варта шукаць у школах сацыяльных ці палітычных навук, а таксама на факультэтах менеджменту. Напрыклад, Erasmus University of Rotterdam (Нідэрланды) прапануе праграму, якая адрозніваецца ад астатніх тым, што РА вывучаецца тут у кантэксце еўрапейскіх інтэрграцыйных працэсаў. Яшчэ некалькі універаў з падобнай праграмай: Katholieke Universiteit Leuven (Бельгія), Rijksuniversiteit Leiden (зноў Нідэрланды), Універсітэт адміністрацыйных навук (Deutsche Hochschule fur Verwaltungswissenschaften Speyer, Германія), Універсітэт эканамічных навук (University of Economic Science, Венгрыя), Нацыянальная школа адміністрацыі (Ecole nationale d’administration, Францыя)

Не праблема атрымаць РА-спецыяльнасць дыстанцыйна – такая схема працуе ў шматлікіх універах (у асноўным ЗША). Але ёсць такія праграмы і ў Еўропе. Напрыклад, ва University of London, кі займае 4-е месца ў рэйтынгу еўрапейскіх ВНУ. Праграму можна скончыць за 2-5 год, яна ўключае наступныя курсы: эканамічная палітыка, грамадская палітыка і кіраванне, менеджмент дзяржаўных фінансаў, кадравы менеджмент, менеджмент інфармацыі і інфармацыйных сістэм, мясцовае самакіраванне, стратэгічнае аспекты дзяржаўнага фінансавання, арганізацыйныя змены, аналіз і праекты, прыватызацыя і стасункі паміж дзяржаўным і прыватным сектарам. Каб трапіць у гэтую праграму, абітурыентам патрэбная не толькі добрая ангельская, але і ступень па сацыяльных ці палітычных навуках. Каштуе “поўны магістр” няблага – 7740 фунтаў за ўсю праграму.

Web: Ведай больш

www.naspaa.org – National Association of Schools of Public Affairs and Administration. Акрамя спасылак на адукацыйныя ўстановы ЗША – канкрэтная інфа па тым, дзе зараз працуюць і чым займаюцца выпускнікі РА-універаў.

http://front.csulb.edu/publicadmin – прыклады удалых і не вельмі РА-рашэнняў.

http://europa.eu.int/comm/reform – змены, якія адбыліся ў сістэме РА падчас еўрапейскіх рэформ.

http://knihi.net/index.php?productID=425

  • Оцени статью: