Мельянцоў супраць Юрконіса: Чаму Літва лічыць Беларускую АЭС пагрозай нацыянальнай бясьпецы?

Што адказвае Менск на папрокі і абвінавачваньні Вільні? Ці можа быць арбітар у гэтай спрэчцы?

Гэтыя пытаньні ў Праскім акцэнце абмяркоўваюць экспэрт літоўскага Інстытуту міжнародных дачыненьняў і палітычных навук Віціс Юрконіс і старэйшы аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Дзяніс Мельянцоў.

Дракахруст: Парлямэнт Літвы 15 чэрвеня прыняў закон, які сьцьвярджае, што атамная электрастанцыя, якая будуецца ў Астравецкім раёне Беларусі, уяўляе пагрозу нацыянальнай бясьпецы Літоўскай Рэспублікі, яе навакольнаму асяродзьдзю і грамадзкаму здароўю.

Сойм Літвы нядаўна прыняў закон, якім прадугледжвае абмежаваньне імпарту электраэнэргіі зь Беларусі і Расеі. Астравецкую АЭС будуе расейская карпарацыя «Росатом» усяго за 50 кілямэтраў ад Вільні.

У чым палягае афіцыйная літоўская пазыцыя стасоўна БелАЭС? Гэта пагроза, бо будоўля і будучая праца станцыі парушае дакладна вызначаныя міжнародныя абавязаньні Беларусі, ці бо гэта наносіць шкоду інтарэсам, выгадам Літвы?

АЭС яшчэ больш прывязвае Беларусь да расейскай энэргетыкі

Юрконіс: Я думаю, што і тое, і другое. Гэта парушае міжнародныя стандарты. Вось паглядзіце справаздачу камітэту канвэнцыі Эспоо, у іх спытайце. Было нядаўна добрае інтэрвію Арцёма Шрайбмана зь міністрам аховы прыроды Літвы, ён таксама выказаў шмат заўвагаў наконт таго, што парушаецца і як парушаецца.

У першую чаргу гэта яшчэ больш прывязвае Беларусь да расейскай энэргетыкі. Ну і ўжо быў шэраг аварыяў падчас будоўлі, і гэта таксама ставіць шмат пытаньняў. І трэба ставіць іх у першую чаргу перад беларусамі, а не перад літоўцамі.

Але зразумела, што ў нас фон для дыскусіяў нашмат свабаднейшы, чым у Беларусі. Таму я думаю, што і тое, і другое.​

Дракахруст: Я акурат ня надта заўважаю дыскусіі ў Літве па гэтым пытаньні. Бачу даволі маналітную пазыцыю. Я ня чую іншых галасоў. А яны ёсьць?

Пазыцыя практычна аднагалосная: гэта ёсьць пагрозай бясьпецы Літвы і ўсяго рэгіёну

Юрконіс: Не, гэта толькі пытаньне розных аргумэнтаў. Ёсьць цяперашняя ўлада, якая ў прынцыпе супраць атамных станцыяў. Яны былі супраць атамных станцыяў і ў Літве, і адпаведна яны супраць атамнай станцыі ў Беларусі, у Астраўцы. Былі таксама супраць атамнай станцыі ў Калінінградзе. А, напрыклад, мінулая ўлада, кансэрватары, глядзяць на гэта з гледзішча энэргетычнай бясьпекі і зыходзяць з таго факту, што гэта праект Крамля і яшчэ адзін інструмэнт узьдзеяньня.

То бок дыскусіі вядуцца ў такіх рамках. Вядома, пазыцыя практычна аднагалосная, што гэта ёсьць пагрозай бясьпецы Літвы і ўсяго рэгіёну, і таму Сойм так прагаласаваў.

Дракахруст: У Беларусі і сярод насельніцтва, і сярод палітычных сілаў ёсьць розныя меркаваньні наконт пабудовы АЭС. Пры гэтым рамкі дыскусіі шырэйшыя, чым у Літве.

Юрконіс: У хлопцаў, якія ў 2011–2012 гадах у Астраўцы былі супраць пабудовы АЭС, і аварыі былі, і машыны ламаліся.

Дракахруст: Я сказаў, што ў Беларусі рамкі дыскусіі шырэйшыя. Ёсьць меркаваньні, што станцыя непатрэбная, ёсьць меркаваньні, што патрэбная. Дзяніс, калі казаць пра афіцыйны Менск — што ён адказвае на абвінавачваньні, прэтэнзіі, крытыку Вільні і ў сэнсе юрыдычных дакораў – што Беларусь парушае міжнародныя дамовы, і ў сэнсе палітычных меркаваньняў?

У МАГАТЭ, як самага галоўнага рэгулятара бясьпекі атамных электрастанцыяў, прэтэнзіяў да Беларусі няма

Мельянцоў: Тут палітыка зразумелая, яна шмат разоў ужо агучвалася на розных узроўнях і профільным міністэрствам, і міністэрствам замежных справаў. Яна палягае на тым, што Беларусь выконвае літару міжнародных абавязкаў, і ў першую чаргу спасылаецца на місіі МАГАТЭ, таму што ў МАГАТЭ, як самага галоўнага рэгулятара бясьпекі атамных электрастанцыяў, прэтэнзіяў да Беларусі няма.

У 2008 годзе ад МАГАТЭ было дзьве місіі ацэнкі бясьпекі пляцоўкі, і тады гэтая арганізацыя нічога ня мела супраць пабудовы Беларусьсю АЭС. І ўжо пасьля гэтага, у 2013 годзе, была атрыманая ліцэнзія на будоўлю АЭС. Напачатку сёлетняга чэрвеня быў апублікаваны чарговы даклад місіі МАГАТЭ, якая праводзіла ацэнку зьнешніх рызыкаў пляцоўкі АЭС.

Ён таксама вельмі пазытыўны для Беларусі, і ўвесь час беларускія ўлады зьвяртаюць на гэта ўвагу.

Плюс яшчэ ёсьць такі важны аспэкт, які Менск таксама афіцыйна падкрэсьлівае: беларускі бок увесь час спрабаваў нейкім чынам камунікаваць і дыскутаваць наконт гэтай праблемы са сваімі літоўскімі партнэрамі, высылаў дакумэнты ацэнкі выбару пляцоўкі, праводзіў, ініцыяваў разнастайныя абмеркаваньні. Беларускі бок крыху папракае літоўскі тым, што Вільня не ідзе на перамовы і ўсяляк спрабуе сарваць гэтую камунікацыю. Акурат у інтэрвію парталу TUT.BY, на якое спасылаўся Віціс, міністар аховы прыроды Літвы адкрытым тэкстам прызнаў, што літоўскі бок перашкаджаў і фактычна сарваў паездку дыпляматаў, акрэдытаваных у Літве, у Астравец, прызначыўшы дзеля гэтага сваё мерапрыемства ў Вільні.

І гэтым літоўскі міністар нават ганарыцца, кажучы, што яны ня мусяць спрыяць таму, каб Беларусь выказвала сваю пазыцыю. Вельмі дзіўны такі падыход, які вельмі моцна раздражняе беларускі бок. І, натуральна, у такой атмасфэры вельмі цяжка знаходзіць нейкае паразуменьне.

Дракахруст: Ніводная краіна ня мае манаполіі на трактоўку міжнароднага права. А хто можа быць найвышэйшым арбітрам у спрэчцы паміж Беларусьсю і Літвой наконт АЭС? Ці ён у гэтым канфлікце непатрэбны ці немагчымы? Вы спаслаліся на МАГАТЭ, а Віціс прыгадаў канвэнцыю Эспоо, яна, паводле яго, крытычна ацэньвае БелАЭС. Дык а судзьдзі хто?

Мельянцоў: Тут трэба казаць пра некалькі важных міжнародных рэгулятараў, якія ўплываюць на пабудову атамных электрастанцыяў. Так, сапраўды, гэта канвэнцыя Эспоо, пра якую сказаў Віціс, і ў прынцыпе яе мандат — спрыяць ацэнцы магчымых наступстваў для экалёгіі, у тым ліку ў выніку пабудовы атамных электрастанцыяў. А вось бясьпека АЭС ды іх пляцовак падпадаюць пад мандат МАГАТЭ, і яна, як арганізацыя ў межах ААН, зьяўляецца важным рэгулятарам у справе пабудовы АЭС.

І тут я ізноў хачу спаслацца на даклад МАГАТЭ аб ацэнках, апублікаваны літаральна пару тыдняў таму. І там якраз насуперак таму, што казаў літоўскі міністар ў інтэрвію TUT.BY, мы чытаем: «Мандат гэтай місіі – вызначыць, ці адпавядае выбраная пляцоўка ўсім крытэрам бясьпекі для пляцовак для АЭС». А вось яшчэ цытата: «Беларусьсю былі зробленыя ўсе адпаведныя крокі для адэкватнага захаваньня ўсіх аспэктаў бясьпекі пляцоўкі і атамнай электрастанцыі ад вонкавых пагрозаў».

То бок вось факты, якія маем. І ў гэтым дакладзе спасылка ідзе на стандарт, які акурат рэгулюе ацэнку пляцоўкі і выбар пляцоўкі для АЭС. Вось жа пакуль што, калі казаць пра лідэраў міжнародных рэглямэнтаў, то няма да чаго дачапіцца ў беларускай пазыцыі.

Дракахруст: Віціс, а як вы лічыце, ці можа тут быць нейкі арбітар? Асабліва ва ўмовах, калі нават розныя міжнародныя інстытуцыі кажуць рознае. А хто судзьдзя?

МАГАТЭ у гэтым працэсе не выглядае нэўтральным гульцом

Юрконіс: Па-першае, калі мы гаворым пра пляцоўку, трэба сказаць, што яна была няўзгодненая. Пачалі ўзгадняць толькі постфактум, хаця будоўля ўжо пачалася ў 2008–2009 гадох, што ў прынцыпе паказвае, што ніякага нармальнага працэсу не было. І тут гаварыць пра добрасуседзкія дачыненьні неяк не выпадае.

Яшчэ адзін аргумэнт – што гэта праект Крамля. Менск гэтага як бы і не адмаўляе, хаця і кажа пра нейкую быццам бы энэргетычную незалежнасьць. Але ўсе ж гэта разумеюць. Як дзейнічае «Росатом» ня толькі ў Беларусі, ня толькі на Балканах, але і ў краінах Эўразьвязу – мы ведаем, якімі спосабамі.

Ведаем таксама, якія слабыя месцы ў эўрапейскіх палітыкаў ёсьць на гэты конт.

Асноўным пытаньнем для беларускага народу павінна быць наступнае: а хто будзе закрываць гэтую станцыю? За якія грошы? І мне некаторыя беларусы казалі: усё зразумела — Эўразьвяз будзе закрываць. І вось тут пытаньне тым жа самым немцам, якія даюць найбольш грошай у бюджэт Эўразьвязу, ці гатовыя яны да таго, што Крэмль будзе будаваць, Беларусь будзе спажываць, прадаваць энэргію, а закрываць потым будзе ЭЗ.

Вяртаючыся да пытаньня арбітражу, я думаю, што ўсе міжнародныя інстытуты, пагадненьні збалянсаваныя для дэмакратычных дзяржаваў. І таму структурам АБСЭ, ААН, таму ж МАГАТЭ вельмі складана апэраваць у рамках, калі ёсьць недадэмакратычны працэс, калі няма падзелу ўлады, калі можна маніпуляваць пунктамі пагадненьняў, падбіраць трактоўкі, факталёгію, часам нават падкупляць.

А так жа бывае. Напрыклад, Азэрбайджан практыкуе «ікорную» дыпляматыю, і ёсьць канкрэтныя эўрапарлямэнтары, якія адстойваюць пазыцыю Баку.

Гэтак жа і ў працэсе ацэнкі БелАЭС адмаўляць такой магчымасьці мы ня можам. Так што самае лепшае, што магло б быць, гэта рашэньне на двухбаковым узроўні. Але мы зноў бачым шмат адгаворак, прысылаюцца нейкія дакумэнты, перакладзеныя ў Google Translate — гэта выглядае несурʼёзна. Магчыма, у гэтай спрэчцы абедзьве дзяржавы гатовыя пайсьці на нейкі арбітраж. Але МАГАТЭ у гэтым працэсе не выглядае нэўтральным гульцом, бо яны ў прынцыпе за атамную, ядзерную энергетыку, і яны ў нейкай ступені зьяўляюцца лябістамі гэтага.​

Дракахруст: Дзяніс, што вы можаце запярэчыць? Я зьвярнуў увагу, што Віціс выклаў фактычна палітычную пазыцыю, сэнс якой – нам не падабаецца, што ў Беларусі такі кепскі саюзьнік, Расея, дый сама Беларусь ня надта добрая ў сэнсе дэмакратыі. Як вы ацэньваеце гэтыя аргумэнты?

Гэта факт, што атамная электрастанцыя будуецца, і з гэтым трэба неяк жыць і Літве, і Беларусі

Мельянцоў: Па-першае, тут сапраўды трэба выбраць, у якім аспэкце мы разглядаем гэтае пытаньне. Калі зь міжнародна-праўнага гледзішча, то тут ёсьць агульнапрызнаны рэгулятар, добры ён ці дрэнны — гэта ААНаўская структура МАГАТЭ, у якую ўваходзіць мноства краінаў. А тое, што Віціс кажа пра магчымы подкуп чыноўнікаў... Па-першае, трэба з фактамі да гэтага падыходзіць. Па-другое, у сыстэме ААН ёсьць дакладчык аб Беларусі, вельмі крытычны, і гэтая ААНаўская бюракратычная структура не перашкаджае яму быць крытычным да Беларусі.

Таму я ўпэўнены, што калі б сапраўды былі нейкія падставы крытыкаваць пабудову беларускай атамнай электрастанцыі хаця б за нешта, то гэтая структура таксама выкарыстала б такую магчымасьць для крытыкі. Пакуль не выпадае казаць пра тое, што нешта было такое знойдзенае, фактаў мы ня маем. Таму калі Літва апэлюе да міжнародна-праўнай нормы, то трэба прызнаць, што на гэтым узроўні ўсё добра.

Іншае ўсё палягае ў палітычнай сфэры. Калі мы разглядаем праблему як двухбаковую — Вільня-Менск — або ў трыкутніку Расея-Беларусь-Літва, вельмі адкрыта прасочваюцца фобіі некаторых літоўскіх міністраў. Калі Літве не падабаецца, што Беларусь будуе атамную электрастанцыю і што яна расейская, і пры гэтым Літва ня здолела пабудаваць у сябе АЭС, то думаю, што мае рацыю прэсавы сакратар МЗС Беларусі Дзьмітры Мірончык, які сказаў, што для літоўцаў кожны варыянт беларускай АЭС будзе кепскі.

Міністар аховы прыроды Літвы сказаў, што патрабаваньне Літвы — гэта поўнае спыненьне будоўлі атамнай электрастанцыі. Натуральна, што хутчэй за ўсё гэтага ня будзе. І гэта факт, што атамная электрастанцыя будуецца, і з гэтым трэба неяк жыць і Літве, і Беларусі.

І другое. Можна псаваць адносіны і біцца галавой аб гэты мур, а можна на экспэртным узроўні дамаўляцца, каб унікнуць магчымых хібаў пры пабудове атамнай электрастанцыі. Таму скажу можа крыху парадаксальную рэч — гэтая літоўская пазыцыя вельмі добра спрыяе падвышэньню бясьпецы беларускага рэактара. Таму я думаю, што тут трэба проста вяртацца да экспэртнага абмеркаваньня і спрабаваць працаваць з тым, што ўжо ёсьць.

Дракахруст: Віціс, у мяне пытаньне да адной вашай тэзы. Беларусь — дзяржава аўтарытарная, Літва — дэмакратычная. Але ці ў кожнай спрэчцы, у кожным канфлікце рацыя вызначаецца палітычным ладам бакоў канфлікту? Калі дэмакратычная краіна спрачаецца з аўтарытарнай, ці дэмакратычная заўсёды мае рацыю?

Юрконіс: Такая канструкцыя пытаньня гучыць крыху дзіўнавата. Вядома, дэмакратычная краіна таксама хібіць і робіць памылкі. Але ёсьць мэханізм, розныя ведамствы, якія паміж сабой канкуруюць, ёсьць незалежныя СМІ, якія пра гэта пішуць, ёсьць актыўная грамадзянская супольнасьць, якія таксама могуць уплываць на працэс.

У такой краіне, як Беларусь, Лукашэнка абыходзіцца са сваімі грамадзянамі як з анучай, ён не глядзіць на тое, чаго насельніцтва насамрэч хоча. У нас быў рэфэрэндум (кансультацыйны), і народ вырашыў, ці будаваць у нас АЭС. У Беларусі народ нічога не вырашаў, вырашала «вярхушка».

Зараз мы можам шмат гаварыць пра тэхнічныя пытаньні, але факт застаецца фактам — аварыі ўжо былі на гэтай пляцоўцы, на гэтай будоўлі, і гэтага не адмаўляюць. Хацелі неяк публічнасьці ўнікнуць, але гэта адбылося і гэта факт.

Што гэта кажа пра саму будоўлю, пра захады бясьпекі? Вы можаце прыводзіць меркаваньні дзясяткаў экспэртаў, але гэты факт ужо немагчыма адмовіць — аварыі былі, хаця і хацелі гэта схаваць. Пытаньне: калі аварыі будуць яшчэ больш сур’ёзныя, калі яны будуць і тады, калі станцыя запрацуе, ці будзе нехта гэта асьвятляць, ці будзе, як у Чарнобылі? Хто возьме на сябе адказнасьць? Адказнасьці ў аўтарытарных дзяржавах рэжым не нясе, бо народ нічога не вырашае.

Вось для літоўскіх палітыкаў, калі нехта прымае рашэньне, гэта мае наступствы. І таму яны і вырашылі не будаваць АЭС у Вісагінасе, бо ёсьць нейкая адказнасьць. Зь іншага боку, мы былі гатовы ахвяраваць сваёй энэргетычнай незалежнасьцю, бо ў нас стаяла атамная станцыя ў Ігналіне, і яе закрыцьцё было ўмовай ўступу ў Эўразьвяз. Мы сказалі: «Окей, мы гэта зробім». Хаця гэта было стратна.

А беларускія ўлады на страты ісьці ня хочуць, яны заўсёды хочуць мець халяву: Крэмль будзе будаваць, а пасьля будуць прасіць каго-небудзь, каб закрылі. І тут няма ніякай адказнасьці ні перад сваімі людзьмі, ні перад суседзямі.

Дракахруст: Закон Літвы наконт БелАЭС, прыняты на гэтым тыдні, утрымлівае вельмі «цяжкую» фармулёўку — «пагроза нацыянальнай бясьпецы». Так здаецца, што звычайна гэтая формула ўжываецца наконт ваеннай пагрозы. Адказ на пагрозу такога ўзроўню, спосаб яе прадухіленьня, як правіла, прадугледжвае яшчэ адну формулу — «за ўсякую цану». Што гатовая зрабіць Літва для прадухіленьня гэтай пагрозы?

Юрконіс: Тое, што гэта ёсьць пагрозай, і ня толькі для Літвы, але і для рэгіёну, і для самых беларусаў, — гэта факт. Калі глядзець на геапалітычны аспэкт, то гэта праект Крамля, што таксама факт, які не адмаўляецца. Менск прыкідваецца, што ён не саюзьнік Крамля. Пры гэтым экспэртная супольнасьць кажа, што няма нічога страшнага ў тым, што гэта крамлёўскі праект, але мы незалежная дзяржава, якая зробіць усё магчымае, каб Крамля ў Беларусі стала менш.

Вяртаючыся да пытаньня, што Літва можа зрабіць. Яна робіць адпаведнае заканадаўства ўнутры краіны, якое выражае палітычную волю, што вы будуеце гэтую электрастанцыю за крамлёўскія грошы, але мы ня будзем прымаць ад вас энэргію, ня будзем дазваляць транзыту гэтай энэргіі.

Ёсьць вагары эканамічнага ўзьдзеяньня, ёсьць пытаньне ўзаемадзеяньня з партнэрамі ў Эўразьвязе, кансультацыі такога кшталту вядуцца.

Дракахруст: Чаму партнэры Літвы ў Эўразьвязе прынамсі публічна не выступаюць так рэзка супраць БелАЭС? Яны недастаткова ацэньваюць пагрозу з боку Крамля ці нешта іншае?

Юрконіс: Ёсьць шэрагі прычынаў. Адно, як наш міністар сказаў у інтэрвію TUT.BY, што Астравецкую атамную электрастанцыю фізычна не відаць з Брусэлю ці з Варшавы, а зь Вільні відаць.

Другі пункт: некаторыя ўрады ў Эўразьвязе жывуць ружовымі ілюзіямі наконт таго, што Беларусь быццам ізноў абрала кірунак у Эўропу. Некаторыя ня вывучылі ўрок 2009–2010 гадоў. А іншыя, імаверна, маюць нейкія свае інтарэсы.

Калі глядзець, якія краіны падтрымліваюць Расею ў некаторых пытаньнях, яны таксама ня будуць мець прэтэнзіяў наконт праекту БелАЭС. Так што ёсьць як ёсьць — розныя краіны з рознымі поглядамі, Эўразьвяз — гэта сапраўды форум дзясяткаў краінаў. А наша справа — пераканаць і выказаць наш пункт гледжаньня.

Дракахруст: Дзяніс, рэзкасьць крытыкі праекту БелАЭС з боку Літвы відавочна ўзмацняецца. І гэта ня толькі словы, але і справы. І якога адказу можна чакаць ад афіцыйнага Менску? Прапановы кампрамісу, прапановы арбітражу, пошуку саюзьнікаў, непахіснасьці?

Мельянцоў: Па-першае, трэба памятаць, што літоўскі бок патрабуе закрыць гэтую пляцоўку з пачатку ўсёй працэдуры пабудовы АЭС. Кампрамісу ў гэтым быць ня можа. Кампраміс тут можа быць у тым, што літоўскія экспэрты будуць больш падключаныя да двухбаковага і шматбаковага фармату ацэнкі таго, як электрастанцыя будзе будавацца, а таксама ў ацэнцы магчымых наступстваў для навакольнага асяродзьдзя, ў скрынінгу і маніторынгу таго, як гэтая электрастанцыя будзе працаваць.

Трэба разумець, што гэта ўжо канстанта — электрастанцыя будзе пабудаваная незалежна ад таго, ці будзе Літва набываць электраэнэргію. Калі ня будзе набываць, то іншыя краіны будуць. Таксама ёсьць праграма электрыфікацыі ўнутры краіны, электрамабілі, анансаваныя на ўрадавым ўзроўні. Таксама можна прыгадаць перавод ТЭЦ на ацяпленьне электрычнасьцю.

Беларусь можа спажыць гэтую электрычнасьць сама, пагатоў іншыя краіны ЭЗ, іншыя суседзі Беларусі, такія, як Латвія, не далучыліся да такіх жорсткіх высноваў наконт беларускай АЭС. Іхны інтарэс вельмі зразумелы — гэта гандаль, транзыт беларускіх тавараў праз латвійскія порты. Я думаю, што тут проста трэба нейкім чынам гэтыя палітычныя і вельмі эмацыйныя дыскусіі прыцішваць, калі сапраўды літоўскі бок хоча паўплываць на гэтую сытуацыю.

Дракахруст: Віціс, ці афіцыйная Вільня гатовая пайсьці на тое, каб літоўскія экспэрты прысутнічалі на станцыі? Гэта, з аднаго боку, добра для Літвы, яны могуць фіксаваць парушэньні, раіць, як можна палепшыць будаўніцтва.

Зь іншага боку, гэта разбурае прынцып цяперашняга літоўскага падыходу — мы патрабуем, каб вы зачынілі гэтую кепскую станцыю. Нам адтуль няма чаго экспартаваць, мы ўжо ведаем, што яна кепская. Дык які варыянт Літва абярэ?

Усе рызыкі пралічаныя, мы ў свой час перажылі блякаду Расеі

Юрконіс: Я ўсё ж думаю, што ўсё паказвае на другі варыянт. Многія, асабліва беларуская экспэртная супольнасьць (і гэта зразумела, бо ў іх таксама ёсьць свае інтарэсы) хочуць паказаць Літву як ірацыянальную, эмацыйную і г.д. Але гэтага няма. Усе рызыкі пралічаныя, мы ў свой час перажылі блякаду Расеі.

Цяпер нейкі дыялёг зь Менскам вядзецца. Калі станцыя ўсё ж запрацуе, тады Літва будзе зацікаўленая ў тым, каб гэты праект быў як мага больш празрыстым і бясьпечным.

Але ў дадзены момант мы зыходзім з той пазыцыі, што такой атамнай станцыі не павінна быць, што гэта пагроза рэгіёну Літвы і Беларусі, пагроза навакольнаму асяродзьдзю, энэрганезалежнасьці, геапалітычная пагроза.

Здаралася ў гісторыі, што станцыю будавалі, а потым скасоўвалі будаўніцтва. Ці пасьля будовы станцыя не працавала. Так што Літва цяпер робіць усё магчымае, каб гэты рэактар не запусьціўся.

  • Оцени статью: