Ярмошына: Выбары лепш праводзіць тады, калі студэнты нікуды не з’язджаюць

Чаму Цэнтрвыбаркам прапануе правесці мясцовыя выбары 18 лютага 2018 года, Еўрарадыё тлумачыць старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына.

Фота Змітра Лукашука

Еўрарадыё: Цэнтрвыбаркам прапаноўвае правесці выбары ў мясцовыя саветы 18 лютага 2018 года — чаму менавіта гэты дзень абраны?

Лідзія Ярмошына: Таму што 18 лютага — апошні магчымы дзень правядзення гэтай выбарчай кампаніі. 23 сакавіка завяршаецца тэрмін паўнамоцтваў мясцовых саветаў, а выбары праводзяцца не пазней чым за 30 дзён да заканчэння гэтага тэрміна. Вось і атрымліваецца, што гэта апошняя магчымая нядзеля. Пазней праводзіць выбары нельга. А праводзіць іх раней не вельмі зручна, бо студзень — сесійны месяц у студэнтаў, і шмат што з іх адсутнічае па месцы вучобы і, адпаведна, рэгістрацыі. Падобная праблема і з першай паловай лютага: ва ўсіх ВНУ канікулы. Па месцы жыхарства бацькоў студэнтаў у спісы не ўнясуць, а па месцы часовай рэгістрацыі яны будуць адсутнічаць. Таму я і лічу, што найбольш мэтазгодна праводзіць выбары менавіта 18 лютага.

Еўрарадыё: І ўсё ж зіма не найлепшы час — людзі неахвотна ідуць галасаваць…

Лідзія Ярмошына: Калі так глядзець, то нам трэба пераносіць іх на лістапад, а выбарчую кампанію пачынаць увогуле ў жніўні 2017 года. Калі народ у нас яшчэ ў адпачынку. І ўвогуле гэта вельмі вялы сезон. Таму тут любая сітуацыя не вельмі спрыяе выбарам. Я думаю, што праводзіць іх у лютым — самы аптымальны варыянт у параўнанні з іншымі варыянтамі. Што зробіш — не пашанцавала. Калі ж спыняемся на даце 18 лютага, то аб’яўленыя выбары будуць не пазней за 18 лістапада.

Еўрарадыё: Неаднаразова абмяркоўвалася магчымасць правядзення адначасова з выбарамі рэферэндуму…

Лідзія Ярмошына: Пакуль нічога на гэты конт не магу вам сказаць. Больш за тое — нават гэтая дата на найвышэйшым узроўні яшчэ не абмяркоўвалася. Яшчэ зарана. Восенню, калі я пайду да кіраўніка дзяржавы яе ўзгадняць, можа, у нас і з’явяцца нейкія навіны. Але пакуль іх няма.

Еўрарадыё: Атрымліваецца, што нічога пакуль немагчыма сказаць і пра тое, каб перайсці на змешаную сістэму правядзення выбараў — па партыйных спісах?

Лідзія Ярмошына: Гэтая тэма не абмяркоўваецца ўвогуле. Калі толькі на ўзроўні партый. Нават у прапановах па ўдасканальванні выбарчага заканадаўства, якія мы падрыхтавалі, гэтая тэма не закранаецца ўвогуле. Міжнародныя арганізацыі нам таксама такіх прапаноў не выказваюць. Выбарчая сістэма — гэта ўнутраная справа самой краіны.

Еўрарадыё: З чаго раблю выснову, што выбары 2020 года па змешанай сістэме дакладна не пройдуць?

Лідзія Ярмошына: Чаму? Мы можам да таго часу ўнесці неабходныя змены — да 2020 года яшчэ вельмі шмат часу. Змяніцца можа вельмі шмат. У плане выбараў…

  • Оцени статью:
  • Проголосовало: 3
  • Балл: 2.7