«Трэба, каб ня людзі баяліся ўрадаў, а ўрады — сваіх грамадзян». Парады ад гуру падрыўных інавацыяў

«Зьменшыце цану няўдачы для прадпрымальніцтва... Трэба забыцца пра ідэю, што можна атрымаць адукацыю раз у жыцьці», — такія парады дае кіраўнік шэрагу тэхналягічных кампаніяў і былы віцэ-прэзыдэнт каліфарнійскага дасьледчага цэнтру Ўнівэрсытэт сынгулярнасьці Дэйвід Робэртс.

Дэйвід Робэртс. Фото: Радыё Свабода

Дэйвід Робэртс лічыцца адным з галоўных экспэртаў у гэтак званых «падрыўных інавацыях», якія ствараюць новыя рынкі і выцясьняюць старыя тэхналёгіі і прадукцыю. Падчас міжнароднай канфэрэнцыі ў пытаньнях бясьпекі GLOBSEC 2017 у Браціславе Робэртс адказаў на пытаньні карэспандэнта Радыё Свабода.

Штучны інтэлект як новая электрычнасьць

Дзякуючы апошнім дасягненьням у «глыбінным навучаньні», штучны інтэлект моцна зьмяніўся некалькі гадоў таму. Раней мы навучалі штучны інтэлект з дапамогай экспэртаў, якія спрабавалі перадаць яму свае веды. Але цяпер мы даем сыстэме дадзеныя і вынікі, і яна за некалькі сэкундаў навучаецца. А гэта значыць, што штучны інтэлект у нейкім сэнсе робіцца падобным да электрычнасьці.

100 гадоў таму мы маглі, напрыклад, узяць малаток, дадаць да яго электрычнасьць і атрымаць адбойны малаток. Фактычна мы прыстасоўвалі электрычнасьць да ўсяго. І цяпер прыйшоў час, калі мы будзем рабіць тое самае са штучным інтэлектам. Цяжка ўявіць нешта, чаго нельга было б палепшыць, зрабіўшы яго троху разумнейшым. А гэта значыць, што мы будзем далучаць штучны інтэлект да ўсяго.

Будучыня, непадобная да «Тэрмінатара»

Я ня веру, што штучны інтэлект выйдзе з-пад чалавечага кантролю. З будучага сьвету, дзе мы шчасьліва суіснуем, не атрымаецца надта цікавы фільм. Гэты фільм будзе даволі нудным. Той штучны інтэлект, зь якім мы маем справу, будзе моцна адрозьнівацца ад дыстопіяў у фільмах. Ён будзе паўсюль, а не ў адным гіганцкім супэркампутарным пакоі. Мы зьліваемся з тэхналёгіяй.

Я называю штучны інтэлект «чужым, іншасьветным» (alien), бо ён вельмі адрозьніваецца ад нашага. І насамрэч мы хочам, каб ён адрозьніваўся. Мы ня хочам, каб аўтаномны аўтамабіль быў занадта разумным і пасылаў у дарозе тэкставыя паведамленьні сябрам ці перажываў пасьля ранішняй спрэчкі зь нейкім іншым аўтамабілем. Мы хочам ад яго нечалавечай канцэнтрацыі на самой паездцы. Google робіць пошук у інтэрнэце зь нечалавечым інтэлектам. Ніводная група людзей ня здолела б зрабіць такога.

Людзям ужо хутка забароняць кіраваць аўтамабілямі

Аўтаномныя аўтамабілі падрываюць рынак машынаў, якімі кіруюць людзі. Тут гэта ключавы момант — гаворка не пра інавацыі, а пра падрыў. Зьяўленьне аўтамабіляў падарвала перавозкі на конях — мы не атрымалі нейкую зьмяшаную сыстэму. Нейкі кароткі час будавалі дарогі, дзе была паласа для машынаў і паласа для коней, бо людзі думалі, што заўсёды будзе і тое, і другое. Але ў выніку застануцца толькі аўтаномныя машыны.

Калі мы атрымаем машыну, зь якой імавернасьць аварыі памяншаецца ў 5,000 разоў, зьмены адбудуцца настолькі ж хутка, як з пасамі і падушкамі бясьпекі. І прыйдзе момант, калі чалавеку забароняць кіраваць аўтамабілем, акрамя як на нейкіх гоначных трасах, ці як цяпер зь яздой на конях.

Калі казаць пра электрамабілі, дык доўгі час яны былі занадта дарагімі. Але гэта ўжо зьмянілася, і мы бачым электрамабілі за 35 тысяч даляраў. І калі ёсьць магчымасьць пабудаваць аўтаномны электрамабіль за 35 тысяч даляраў, дык гэта зьмена такой самай велічыні, як зьяўленьне шклянога мабільнага тэлефона. У выніку ў сьвеце застануцца толькі некалькі вытворцаў аўтамабіляў, якія будуць карыстацца попытам.

Я жыву ў каліфарнійскім горадзе Маўнтын-Вію і штодня бачу аўтаномныя машыны. Звычайна яны належаць Google — там сьпераду сядзіць падлетак, але толькі таму, што так трэба паводле закону. У Сан-Францыска ўжо сёньня можна карыстацца аўтаномнымі машынамі Uber. Там будзе сядзець чалавек, але аўтаномную ўжо можна замовіць. Гэта легальна ўжо ў некалькіх штатах.

Цяжка прадказваць хуткасьць укараненьня нейкай тэхналёгіі — з тэлефонам гэта адбывалася 70 гадоў, але з інтэрнэтам толькі 15 гадоў, а з мабільнымі тэлефонамі каля 10 гадоў. Мы бачым, што тэмп паскараецца. Я магу сказаць вось што — калі гэта пачнецца, дык адбудзецца сапраўды хутка. Пытаньне толькі ў тым, калі яно пачнецца, і я б сказаў, што ўжо цягам 5 гадоў.

Ніводная індустрыя ня мае гарантыяў выжываньня

Мне здаецца, што не засталося сфэры, якая застрахаваная ад падрыву. Ва Ўнівэрсытэце сынгулярнасьці ёсьць праграмы для топ-мэнэджэраў. На гэтыя праграмы кожныя два месяцы прыяжджае 100 чалавек, зь якімі тыдзень працуюць нашы найлепшыя выкладчыкі. Часта мы прапануем ім назваць індустрыі, якія ня будуць падарваныя. І адзіны адказ, які яны даюць, — кансультацыі пра падрыўныя тэхналёгіі.

Гэта сьмешна, бо я ведаю шмат людзей, якія займаюцца такім кансультаваньнем, і гэтыя людзі хвалююцца, што іх уласная галіна будзе падарваная. Ніхто не застрахаваны ад падрыву ў наступныя 20 гадоў.

Ня будзе беднасьці, але вырасьце няроўнасьць

Сёньня мы набліжаемся да трох мільярдаў людзей, якія маюць доступ да інтэрнэту. Гэта значыць, што больш за палову сьвету яшчэ па-за інтэрнэтам. Калі атрымаецца ўдвая павялічыць доступ да інтэрнэту, гэта будзе мець агромністае значэньне. За апошнія два дзесяцігодзьдзі мы атрымалі дзьве сапраўды рэвалюцыйныя рэчы — інтэрнэт і смартфоны. У наступныя 20 гадоў рэчаў такога маштабу будзе ня дзьве, але пяць, дзесяць ці дваццаць. І гэта будзе зусім іншы сьвет.

Добрая навіна ў тым, што нават для тых, хто жыве ў беднасьці, усё памяняецца, калі яны атрымаюць смартфон. Фактычна за наступныя 25 гадоў мы зможам пазбавіцца беднасьці на нашай плянэце ўпершыню ў чалавечай гісторыі. У новай сыстэме можна будзе атрымаць доступ да грошай, нават калі ў вас няма крэдыту і магчымасьці адкрыць банкаўскі рахунак.

Дзякуючы штучнаму інтэлекту, кожны зможа атрымаць доступ да лепшай мэдычнай дыягностыкі, чым мы з вамі маем цяпер. Кампутар Watson праводзіць дыягностыку раку лёгкіх на раньняй стадыі ў 90 працэнтах выпадкаў, тым часам як як дыплямаваныя дактары могуць гэта зрабіць толькі ў 50 працэнтах выпадкаў. У хуткім часе Watson зможа гэта рабіць для ўсіх хваробаў. І ў будучыні ваяр з племені масаяў у Афрыцы са смартфонам будзе мець доступ да лепшай мэдычнай дыягностыкі, чым большасьць людзей у найбагацейшых краінах сёньня.

Кепская навіна ў тым, што мы пабачым нават большыя падзелы. Будуць людзі з такім доступам да тэхналёгіяў, які яшчэ больш пашырыць іх адрыў ад астатніх. Але агулам, на маю думку, гэта ўсё адно будзе лепшая карціна, чым сёньня.

Як «навіны страху» падзяляюць сьвет

Я ня думаю, што тэхналёгіі палепшаць чалавечую прыроду. Некаторыя рэчы могуць нават пагоршыцца. Раней выдаўцы газэт пераважна мелі шырокую аўдыторыю, і даводзілася быць памяркоўнымі ў тых артыкулах, што там публікаваліся. Бо калі б там зьявіўся, напрыклад, крайне правы ці крайне левы артыкул, дык гэта пакрыўдзіла б палову аўдыторыі і тыя людзі перасталі б чытаць газэту.

Але сёньня можна хоць цэлы дзень слухаць крайне правыя навіны — у інтэрнэце, па радыё і нават ужо троху па тэлебачаньні. У выніку людзі ўсё больш радыкалізуюцца. І гэта выклік, да якога мы наўрад ці гатовыя, бо мы не да канца разумеем структуру таго, як людзі атрымоўваюць навіны.

Іншая праблема — навіны, які грунтуюцца на страху. Мэдыі ствараюць усё больш такіх навінаў, бо яны добра прадаюцца і, адпаведна, прадаюць больш рэклямы. І ў выніку мы атрымоўваем сьвет, у якім застаюцца толькі навіны такога кшталту.

Але гэта не сапраўдны сьвет. У нашым сьвеце поўна надзвычайных прарываў і прагрэсу, якія папросту не трапляюць у навіны. І ня трапяць, пакуль навіны працуюць так, што іх прадаюць на падставе страху.

Што рабіць невялікім краінам

Раней, калі вы хацелі ўдзельнічаць у тэхналягічным разьвіцьці, вам трэба было трапіць у адпаведныя фізычныя сеткі — напрыклад, быць у Крэмніевай даліне. Трэба было, каб людзі фізычна знаходзіліся ў адным памяшканьні, але цяпер гэта ўжо ня так. Такія рэчы як гэйміфікацыя, краўдфандынг і краўдсорсінг будуць даступныя людзям па ўсім сьвеце ў той самай ступені, як і людзям у Крэмніевай даліне. Гэта значыць, што любая кампанія і любая краіна будзе здольная далучыцца да нечага. Можна будзе нарадзіць ідэі, атрымаць пад іх фінансаваньне і нешта стварыць.

Але тут ключавы момант — трэба, каб юрыдычная сыстэма не карала занадта жорстка за няўдачу. Цана правалу мае быць дастаткова нізкай, каб людзі маглі рызыкаваць.

Калі б у мяне спыталіся, якую адну рэч я б прапанаваў зрабіць урадам і палітыкам у Эўропе, каб гарантаваць фінансавую пасьпяховасьць і задаволенасьць жыцьцём для сваіх грамадзян на наступныя 20 гадоў, я б сказаў: «Зьменшыце цану няўдачы для прадпрымальніцтва».

У ЗША мы пра гэта асабліва не размаўляем, бо гэта схаваны фактар посьпеху. Стыў Джобс кінуў вучобу, каб пачаць Apple. Біл Гейтс кінуў вучобу. Марк Цукербэрг кінуў вучобу. Лары Элісан з Oracle кінуў вучобу. І яны заснавалі свае кампаніі, бо цана правалу была вельмі нізкай. Калі б не атрымалася, гэта не было б канцом сьвету.

Наколькі памятаю, у Гішпаніі ці Італіі супраць вас пачнуць крымінальную справу ў выпадку банкруцтва, і вы да канца жыцьця ня зможаце атрымаць крэдыту. У гэтых краінах на прадпрымальнікаў глядзяць так, як у ЗША на гандляроў старымі машынамі. На гэта глядзяць як на вельмі «сьлізкі» занятак, і ніхто ня хоча рабіцца прадпрымальнікам. У Славаччыне, Харватыі ці Чэхіі шмат выдатных навукоўцаў і інжынэраў, але вельмі мала хто зь іх гатовы пайсьці на рызыку, каб заснаваць камэрцыйную кампанію.

Новыя тэхналёгіі не павялічваюць беспрацоўе

Гэта памылка, калі кажуць, што тэхналёгіі забіраюць працоўныя месцы. Тэхналёгіі мяняюць працоўныя месцы і ствараюць новыя. Можна паглядзець на рост працоўных месцаў у Нямеччыне ці ЗША, якія безумоўна сярод пасьпяховых прыкладаў укараненьня аўтаматызацыі. У ЗША за апошнія 84 месяцы не было ніводнага месяца, калі б зьмяншалася колькасьць працоўных месцаў — адбываўся толькі рост.

150 гадоў таму людзі займаліся сельскай гаспадаркай і баяліся, што машыны забяруць у іх працу. Так і адбылося. Цяпер фэрмэрамі засталіся два працэнты насельніцтва. Але гэта ня значыць, што мы ўсе сталі беспрацоўнымі.

У ЗША цяпер самы распаўсюджаны занятак — кіроўца грузавіка. Але як думаеце, ці доўга гэта будзе працягвацца? Ужо на падыходзе аўтаномныя грузавікі. У Нямеччыне яны ўжо на дарогах. Праз 20 гадоў гэта ўжо ня будзе самая распаўсюджаная прафэсія, бо ніхто ня будзе плаціць кіроўцу, калі грузавік можа ехаць сам.

Давядзецца вучыцца ўсё жыцьцё

Трэба забыцца пра ідэю, што можна атрымаць адукацыю раз у жыцьці і потым усё жыцьцё працаваць на адным месцы. Гэты час прайшоў. Нам трэба працягваць вучыцца. Але працоўных месцаў будзе дастаткова — больш, чым мы зможам запоўніць.

Павінна быць сыстэма, калі чалавек, страціўшы працу ў 50-55 гадоў, зможа навучыцца нечаму новаму. Бо тэхналёгіі дазваляюць спрашчаць складаныя рэчы. Напрыклад, адразу пасьля выбараў у ЗША я быў у Даніі і сеў там у таксоўку Uber. Кіроўца быў у захапленьні ад перамогі Трампа. Я спытаўся ў яго чаму, і той адказаў: «Бо я расеец, і цяпер я змагу прыехаць у ЗША». Я адказаў, што наўрад ці ўсё атрымаецца менавіта так. Але я таксама спытаўся, колькі часу ён ужо жыве ў Даніі. Высьветлілася, што ён там тыдзень і працуе на Uber пяты дзень. Пры гэтым ён зусім ня ведае ані гораду, ані слова па-дацку.

Мяне гэта моцна ўразіла, бо я зразумеў, што гэты чалавек прыехаў у Данію і праз два дні атрымаў працоўнае месца, таму што штучны інтэлект можа рабіць складаную частку ягонай працы. Гэта ясны прыклад таго, як штучны інтэлект стварае працоўныя месцы.

100 гадоў таму не было разуменьня, што такое кіроўца грузавіка. 25 гадоў таму не было такога панятку як інтэрнэт-праграміст. Будуць зьяўляцца прафэсіі пра існаваньне якіх мы пакуль нават ня ведаем.

Машыны як канкурэнты і памочнікі

Мне здаецца, мы даволі пасьпяхова пабудавалі складаныя сыстэмы з шматузроўневай бясьпекай. Калі нейкі ўзровень не спрацоўвае, спрацоўвае іншы, а людзі атрымоўваюць паведамленьне наконт памылкі. Праблема будзе хутчэй не ў зламысным штучным інтэлекце, але ў зламысных людзях, якія атрымаюць пад свой кантроль добрыя сыстэмы штучнага інтэлекту.

Мы яшчэ доўга ня зможам зьмяніць чалавечую прыроду. Самі мы толькі трохі разумнейшыя за малпаў, але часам мы пра гэта забываемся. Мы не мяняемся прынамсі 50 тысяч гадоў. Проста мы атрымоўваем новыя тэхналёгіі, і адна зь іх дапамагае палепшыць нашае мысьленьне.

Калі ўпершыню зьявіліся аўтамабілі, мы падумалі: «Ага, машына рухаецца хутчэй за мяне». У гэтым быў нейкі элемэнт спаборніцтва і нават нейкі страх. Але мы робім аўтамабілі, каб яны нам служылі. Нам падабаецца, што яны хутчэйшыя за нас. Падводныя лодкі плаваюць хутчэй за нас, але мы ня лічым, што ў нас спаборніцтва з падводнымі лодкамі. Цяпер нам трэба прызвычаіцца да ідэі, што ёсьць рэчы, якія мысьляць шмат у чым лепш за нас.

Змагацца з урадамі і карпарацыямі за прыватнае жыцьцё

Зь недатыкальнасьцю прыватнага жыцьця скончана. Але гэта ня значыць, што мы павінны здавацца. Трэба ўвесь час за яе змагацца, і ня толькі ў тэхналягічным сэнсе. Нам трэба змагацца за тое, каб ня людзі баяліся сваіх урадаў, а ўрады баяліся сваіх грамадзян.

Так, мы жывем у сьвеце, дзе аўтаномныя машыны будуць сканаваць і бачыць усё, а інтэрнэт адсочвае і запісвае ўсё, што мы робім. Але мы павінны працягваць ціснуць на нашыя ўрады. Бо нават калі інфармацыя зьбіраецца, трэба, каб яе выкарыстоўвалі адпаведным чынам і каб гэта вызначалі незалежныя суды.

Гэта тычыцца ня толькі ўрадаў, але і карпарацый. На жаль, яны па-ранейшаму працуюць найперш на прыбытак і робяць тое, што найбольш спрыяе гэтаму прыбытку. Таму сьвету трэба рэгуляваньне, але яно мае быць разумным.

На жаль, большасьць людзей, якія кіруюць нашымі ўрадамі, ня вельмі добра адукаваныя ў сфэры тэхналёгіяў. У ЗША каля 600 чалавек у Кангрэсе, зь якіх, можа, дзясятак маюць інжынэрную ці навуковую адукацыю. Нам трэба іх адукоўваць, каб яны маглі прымаць добрыя рашэньні.

***

Дэйвід Робэртс лічыцца адным з галоўных экспэртаў у гэтак званых «падрыўных інавацыях», якія ствараюць новыя рынкі і выцясьняюць старыя тэхналёгіі і прадукцыю. Ён быў віцэ-прэзыдэнтам каліфарнійскага дасьледчага цэнтру Ўнівэрсытэт сынгулярнасьці і два тэрміны ўзначальваў там праграму пасьлядыплёмнага навучаньня.

Робэртс атрымаў ступень бакаляўра ў Масачусэцкім тэхналягічным інстытуце, дзе спэцыялізаваўся ў штучным інтэлекце і біякампутарнай інжынэрыі, а таксама ступень магістра бізнэс-адміністраваньня ў Гарвардзкім унівэрсытэце. Ён узначальвае кампанію HaloDrop, якая займаецца абслугоўваньнем дронаў, кампанію 1QBit, якая першая ў сьвеце занялася праграмным забесьпячэньнем для квантавых кампутараў, а таксама зьяўляецца дарадцам кампаніі Made-In Space, якая першая ў сьвеце вырабіла аб’ект на касьмічнай станцыі на 3D-прынтэры.

  • Оцени статью:
  • Проголосовало: 2
  • Балл: 5