Спецыяльнасць: візуальная антрапалогія
Песні і танцы народаў свету

Калі ў 1913 годзе вядомы антраполаг Роберт Флаэрці чарговы раз выпраўляўся ў экспедыцыю на поўнач Канады, яму прапанавалі ўзяць з сабой кінакамеру. Падчас вандроўкі Роберт направа і налева здымаў жыццё эскімосаў-інуітаў, якіх ён тады вывучаў. На жаль, па дарозе дадому Флаэрці крыху лахануўся: кінуў недапаленую цыгарэту не ў сметніцу, а ў скрынку з негатывамі. Таму першу. Антрапалагічную кіношку ніхто так і не пабачыў.

Забі яго гарпуном

Менавіта тады ў галаве антраполага і нарадзілася ідэя зрабіць цэлы фільм пра тубыльцаў – прычым фільм для шырокіх мас, а не толькі для навукоўцаў. Гэтак у 1922 годзк пабачыла свет поўнаметражная дакументальная стужка Nanook of the North, якая распавядала пра жыццё эскімоскай сям’і з трох чалавек: як яны палявалі, што елі, як будавалі іглу… Пазней антраполага будуць крытыкаваць за пастановачныя здымкі: Флаэрці прапускаў усе дробязі, якія сведчылі пра “цывілізаванасць” эскімосаў. Даходзіла да таго, што ён прасіў Нанука забіць маржа не з вінтоўкі, як той даўно прызвычаіўся, а гарпуном, што быццам бы сведчыла пра “некранутасць” эскімоскай культуры. Альбо яшчэ адзін пастановачны эпізод: усе трое ліхаманкава будуюць жытло, бо, спазніўшыся, могуць памерці ад холаду… На такія выпады Роберт заўсёды адказваў, што кіношнікі часам скажаюць дэталі, каб данесці сапраўдны дух.

Але што б ні казалі крытыкі, Нанук і яго сям’я сталі героямі першага сапраўднага этнаграфічнага фільма.

Былі ў Балі?

Візуальная антрапалогія – адгалінаванне соцыякультурнай антрапалогіі, якое пачало развівацца ў эпоху фатаграфіі. Крыху пазней далучыўся кінематограф, а ў сярэдзіне 90-х – і новыя медыя.

З 1890-х, калі фотатэхналогіі ўжо дазвалялі здымаць не толькі ў студыі, шматлікія антраполагі пачалі “шчоўкаць” тых, каго яны вывучалі. Напачатку здымкі выкарыстоўваліся толькі для таго, каб лягчэй узгадаць падзеі. Але паціху фоткі пачалі выступаць ілюстрацыямі да публікацый і матэрыялам для выстаў. Фота дапамагала т.зв “этнаграфіі захавання”: навукоўцы фіксавалі для нашчадкаў лад жыцця плямёнаў і народаў, якія былі на мяжы знікнення.

У сярэдзіне мінулага стагоддзя антраполагі ўжо напоўніцу юзалі фота- і кінакамеру. Напрыклад, Гартэнзія Паўдэрмэйкер “нашчоўкала” тысячы негатываў, калі вывучала жыццё афраамерыканцаў у сельскай мясцовасці, а Грэгары Бэйтсан і аргарэт Міт у 1952 годзе выпусцілі кароткаметражку пра балівійскія абрады і культы – “Trance and Dance in Bali». Гэтыя работы даказвалі, што візуальная антрапалогія стновіцца самастойнай навукай, і ёю трэба займацца прафесійна. Таму ў 1958 годзе быў заснаваны Цэнтр вывучэння фільмавытворчасці на базе Гарвардскага музея археалогіі і этнаграфіі. Там жа, дарэчы, упершыню пачалі прапаноўваць і сучасную праграму media anthropology.

З вылеціць орлік

Фармальна ніякага стылю “антрапалагічнага фота” няма. Часта здымкі мала чым адрозніваюцца ад тых, што робяць турысты. Толькі вось не любы турыст дабярэцца туды, куды занясе антраполага. Мінскі фатограф Андрэй Лянкевіч у 2005-м зладзіў цэлы праект, прысвечаны курдскаму народу Езіды, які качуе па тэрыторыі Арменіі. “Я жыў з імі па два, тры, чатыры дні, у гарах, у палатках, я ішоў з імі, ехаў з імі. Яны навучылі мяне прастаце. Гарачая вада ці дзве пары абутку – гэта ўжо раскоша”. Свой праект Андрэ рыхтаваў у спартанскіх умовах: начаваў у палатцы, дзе спала вялікая колькасць людзей і ўсю ноч плакала немаўля. Ужываў простыя прадукты: хлеб, сыр, гародніну, гарэлку “як элемент абеззаражвання. Заклад таго, што страўнік неяк успрыме ежу і, самае галоўнае, як прадукт высокакаларыйны, бо гэтыя людзі сапраўды шмат працуюць”. Пасля таго, як фота былі надрукавагы ў онлайн-часопісе асацыяцыі World Press Photo, Андрэю пачалі пісаць этнічныя Езіды з усяго свету: “Адзін амерыканскі мастак хоча нават пісаць з маіх фота карціны”.

Like They do on the discovery channel

Але часцей візуальныя антраполагі займаюцца ўсё ж этнаграфічнымі фільмамі. Пакуль яшчэ ніхто не дадумаўся, як абазваць гэты жанр, таму самая распаўсюджаная назва – дакументальнае кіно пра “экзатычныя” народы. А некаторыя даследчыкі ўвогуле кажуць, што ўсе фільмы – этнаграфічныя, бо так ці інакш адлюстроўваюць звычкі, культуру і менталітэт нацыі.

Прыклады этнаграфічнай кінавытворчасці мы па 10 разоў на дзень бачым на TV. Не толькі на якім-небудзь Discovery (канал, дарэчы, выдае на іх да 30% свайго бюджэту) – пры жаданні можна ціха пабалдзець хаця б і ад нашых “Падарожжаў дылетанта”.

… Яшчэ ў 20-я этнаграфічныя фільмы ўпершыню пачалі круціцца ў вялікіх кінатэатрах, і Галівуд дагэтуль бачыць у іх крыніцу прыбыткаў. Этнаграфічнае кіно ўплывае і на поп-фільмы. Адным з самых скандальных прыкладаў лічыцца стужка Джэймі Юза 2Відаць, Багі звар’яцелі”, 1980. У 1й апавядаецца пра афрыканца-бушмена з пустыні Калахары, племя якога не ведае іншых народаў і культур. Адзінай сувяззю з цывілізацыяй для іх з’яўляецца пустая пляшка з-пад кока-колы, якую выкінулі з аэраплана. Галоўны герой Джы – ягоную ролю сыграў намбіец – аднойчы бачыць белых людзей і прымае іх за багоў. Гэты факт выклікаў абурэнне гледачоў і абвінавачванні ў расізме. А ў некаторых традыцыйна рэлігійных краінах – напрыклад, у Трынідад-і-Табага – стужка наогул была забаронена.

Больш экспрэсіі

Візуальная антрапалогія – даволі папулярная спецыяльнасць, але часцей за ўсё яе вывучаюць у рамках соцыякультурнай антрапалогіі. І звычайна гэта магістарскія праграмы. Знайсці іх можна на факультэтах сацыяльных навук ці антрапалогіі. А вось непасрэдна запіс “візуальны антраполаг” у дыпломе могуць атрымаць, напрыклад, студэнты University of Manchester. Там іх вучаць не толькі антрапалагічнай тэорыі, але і кінематаграфічнай практыцы. Дысцыплінам, якія там чытаюцца, пазайздросціў бы любы студэнт мінскага “кулька”: антрапалагічнае кіно, антрапалагічны падыход у выкарыстанні візуальных вобразаў, індустрыя культуры, кінавытворчасць і нацыянальная культура, экспрэсіўны падыход у вывучэнні мастацтва, семіялогія і структуралізм, міф і тэатр, традыцыі вуснай і пісьмовай мовы, масавая культура, асновы візуальнай камунікацыі, антрапалогія СМІ…

Манчэстэрскі універ лічыцца адным з самых прэстыжных у Брытаніі: не кожная ВНУ можа пахваліцца 24-м месцам у еўрапейскім рэйтынгу і дваццаццю нобелеўскімі лаўрэатамі. Але каб стаць адным з іх, студэнты штогод плацяць па 10 750 фунтаў.

Канкурэнцыю Манчэстэру складае хіба што Goldsmith’s University of London -- самы лепшы універ Англіі па якасці выкладання мастацтваў і культуралагічных дысцыплін. Але каб “упісацца” ў Голдсміт, патрэбнае не толькі веданне англійскай мовы, але і навыкі працы з фоцікам і відэакамерай, аб чым павінен сведчыць дыплом ці партфоліё. І толькі потым, прайшоўшы інтэрв’ю і знайшоўшы 8745 фунтаў, можна стаць проста Кустурыцам.

WEB: ведай больш

www.aaanet.org/resinet.htm -- старонка лінкаў ад Амерыканскай антрапалагічнай асацыяцыі: артыкулы, кіно, адукацыя, асацыяцыі… Тут жа даведаешся пра ўсе малыя народнасці, якія яшчэ засталіся на Зямлі – з гісторыяй і фоткамі.

www.societyforvisualanthropology.org – Таварыства візуальная антрапалогіі. Неблагі спіс лінкаў на універы, дзе выкладаецца візуальная антрапалогія.

www.iwf.de/easa/organ/organ.htm -- спасылкі на еўрапейскія арганізацыі і асацыяцыі ВА (Брытанія, Францыя, Германія, Нідэрланды, Скандынавія, Венгрыя, Румынія). Зайдзі па спасылцы на сайт The Vega Science Trust і ацані, якую этнаграфічную дакументалку робяць брытанцы для TV.

http://astro.temple.edu/~ruby/ruby/cultanthro.html -- і для высакалобых – гісторыя самой візуальная антрапалогіі: прынцыпы, школы і “свяцілы”.

http://knihi.net/index.php?productID=425

  • Оцени статью: