Алена Анісім: «Людзі 15 гадоў пераконваюць улады стварыць прыпынак»

З якімі праблемамі людзі прыходзяць да дэпутатаў і як ідзе супраца з чыноўнікамі, распавяла дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім.

—Як бы вы ацанілі працу цягам мінулых месяцаў у адносінах да вашых планаў на перыяд працы ў якасці дэпутата?

—Насамрэч, я не мела вялікіх спадзяванняў на тое, што прайду ў Палату прадстаўнікоў. Таму, калі гэта здарылася, адчувала, што працы будзе вельмі многа ў тым сэнсе, што ў нас накапілася занадта невырашаных праблем.

Акрамя ўсяго іншага, у краіне склалася нядобрая сітуацыя, калі многія пытанні не вырашаюцца на працягу доўгага часу, нават, калі па іх было станоўчае рашэнне. Таму настроенасць на працу апраўдала сябе, але значных вынікаў па вырашэнні пытанняў пакуль не так шмат.

Першы мой клопат, як я заўсёды казала, гэта прасоўванне беларускай мовы ў сферах адукацыі і заканадаўства. Відавочна, што пытанне пашырэння беларускай мовы ў сферы адукацыі аказалася вельмі праблематычным.

Бяда ў тым, што за 25 гадоў ніхто шчыльна не займаўся тым, каб стварыць бесперапынную адукацыю на беларускай мове. Больш за тое, працягваецца скарачэнне беларускамоўных школ, улічваючы закрыццё вясковых школ, якія ў значнай ступені спрыялі беларускамоўнай адукацыі. У выніку мы маем вельмі мала дзяцей, якія займаюцца на беларускай мове.

Маштаб гэтай праблемы не проста закранае інтарэсы грамадзян. Калі маладое пакаленне не будзе выхаваным на традыцыях беларускамоўнасці, не будзе карыстацца беларускай мовай, гэта паставіць пад пагрозу нацыянальную бяспеку.

Как язык влияет на благосостояние

Некаторыя прадстаўнікі ўладных структур гэта разумеюць, але далёка не ўсе. Таму пытанне адукацыі на беларускай мове вельмі складана прабіць, нягледзячы на рост цікавасці да яе ў сферы бізнесу і на тое, што грамадзяне пачынаюць больш пазіцыянаваць сябе як носьбіты беларускай культуры, імкнучыся да сваёй мовы праз розныя курсы.

Чаму запатрабаванасць у мове расце, а колькасць школ скарачаецца?

—Якія з планаў і пытанняў ужо атрымалася прасунуць да вырашэння?

—Вырашаюцца некаторыя пытанні на лакальным узроўні, а праз іншыя складваецца ўражанне таго, што выканаўчая дысцыпліна дастаткова нізкая. Напрыклад, канкрэтнае пытанне арганізацыі прыпынку электрычкі каля вёскі Савані, зручнага для пяці бліжэйшых вёсак. Яшчэ ў 1995 годзе прынялі рашэнне, што прыпынак там патрэбны, людзі самі сабралі грошы, каб паўдзельнічаць ў яго будаўніцтве. Аднак на мясцовым узроўні пытанне завісла, хаця да гэтага рашэнне прымалася ў Адміністрацыі прэзідэнта. У 2008 годзе жыхары зноў узнялі гэтае пытанне – і здавалася, што працэс пайшоў. Але па-за адсутнасцю шчыльнага грамадскага кантролю ўсё зноў спынілася. І вось жыхары на працягу 15 гадоў імкнуцца разабрацца ў гэтай сітуацыі. Такога роду зацягнутыя праблемы, якія можна было б вырашыць на месцы, дыскрыдытуюць уладу і паглыбляюць раскол у грамадстве.

Ёсць шэраг побытавых пытанняў, выкліканых заканадаўчымі праблемамі, якія намагаюся вырашаць. Такіх, як немагчымасць прывезці з-за мяжы бэушны вазок для чалавека з інваліднасцю. Раней гэтым займаліся розныя дабрачынныя арганізацыі. Зараз праз  заканадаўчыя перашкоды зрабіць гэта немагчыма.

Прыём грамадзян і праца са зваротамі часта пераходзяць у пытанні да заканадаўства. І ў гэтай частцы бачна, што дэпутаты зацікаўленыя ў тым, каб палягчаць жыццё людзей праз законапраекты ў той час як многія міністэрствы ідуць па шляху больш жорсткага рэгулявання.

—Ці артымліваецца вырашаць пытанні пенсійнай рэформы і змянення сістэмы заробкаў — такія пункты былі ў вашай прадвыбарчаў праграме?

—Якраз падчас апошняга сумеснага паседжання, 31 траўня, я атрымала адказ Міністэрства працы на пытанне, ці збіраецца яно пераглядаць сістэму аплаты працы супрацоўнікаў дзяржаўных устаноў, якія маюць вышэйшую адукацыю. Не сакрэт, што аклады тых жа выхавацеляў, дактароў, навукоўцаў часта не адпавядаюць здароваму сэнсу. Бо калі чалавек з вышэйшай адукацыяй і скончыўшы аспірантуру ў дзяржаўных установах атрымлівае заробак ніжэйшы за некваліфікаваную працу, то гэта цалкам дыскрыдытуе і сферу адукацыі, і тыя ўстановы, і сістэму аплаты працы.

Па-другое, нізкія заробкі правакуюць ад’езд прафесіяналаў з краіны. Заўважна, што маладыя людзі, адпрацаваўшы пэўны час, бачаць, што тут няма перспектываў росту, і шукаюць магчымасці пераязджаць за мяжу.

Прадстаўнікі міністэрства адказалі, што пэўныя прапановы па гэтаму пытанню знаходзяцца на разглядзе ў кіраўніка дзяржавы. Такім чынам, сістэма аплаты працы будзе пераглядацца.

Да канца гэтага месяца яшчэ ёсць магчымасці задаць пытанні ўраду. Таму зараз шмат працы ў акрузе, каб высветліць, што найперш трывожыць людзей.

—Аб якіх праблемах больш расказваюць людзі пры сустрэчах? І якія з іх вы лічыце найпершаснымі?

—Самае важнае пытанне для людзей – гэта праца і заробкі. Даўно застаецца актуальным пытанне выканаўчай дысцыпліны – калі прынятыя рашэнні ў выніку не выконваюцца. Напрыклад, калі ўлады вырашылі будаваць садочак і ён на самай справе патрэбны, то трэба знаходзіць сродкі і ствараць яго. На жаль, сёння многія чыноўнікі проста адмахваюцца ад гэтага – не хапае механізма выканання прынятых рашэнняў.

Апошнімі днямі людзі, не толькі ў Мінску, але і ў рэгіёнах, абураюцца наконт пераносу пачатку школьных заняткаў з васьмі на дзевяць гадзін раніцы, лічачы такое рашэнне Міністэрства адукацыі неапраўданым і нічым не абгрунтаваным. Бацькі хацелі б мець права вырашаць пытанне з адміністрацыямі школ.

Зараз адчуваецца вялікая праблема кадраў на мясцовым узроўні, у тым ліку для гаспадарак, акцыянерных таварыстваў. Я бачу вырашэнне гэтай праблемы праз запуск механізма прамых выбараў. Напэўна, у такім выпадку знойдуцца людзі, якія могуць прэтэндаваць на тое, каб кіраваць гаспадаркай. Не кажу, што гэта панацэя, але ў некаторых раёнах можна гэты механізм запусціць і паглядзець, які ён дасць вынік.

Пакуль мы не пачнем выбіраць кіраўнікоў гаспадарак, раёнаў і абласцей, мы не зрушымся з месца.

—Ці выкарытоўваюць дэпутаты ўсе магчымасці па вырашэнні актуальных пытанняў?

—Вялікіх магчымасцяў нават у дэпутатаў няма. Але бачна, што ў многіх ёсць жаданне працаваць і дапамагаць выбаршчыкам ў вырашэнні канкрэтных праблем і спрыяць таму, каб беларускае заканадаўства павярнулася да грамадзян больш прывабным бокам. Таму калі пытанні невялікія, часам атрымдтваецца іх вырашаць даволі хутка. Але хацелася б, каб больш працавала мясцовае самакіраванне. Бо нельга мне, іншаму дэпутату ці міністру паварушыць мясцовае самакіраванне, калі не будзе актыўных людзей на месцах. Там жа, дзе яны ёсць, мусіць з імі працаваць і выбудоўваць сістэму ўдзелу ў прыняці рашэнняў, узаемнай адказнасці і грамадскага кантролю за ўладай.

Вырашаць пытанні можна эфектыўна, калі няма канфлікту з органамі ўлады, калі ёсць дыялог, нягледзячы на некаторыя несупадзенні ў поглядах.

  • Оцени статью:
  • Проголосовало: 9
  • Балл: 4.3