Ці стане «шэнген» для беларусаў каштаваць 35 еўра, даведаемся ўжо ў чэрвені

Засталося знайсці паразуменне па асобных «няўзгодненых пазіцыях», заявіў у размове з карэспандэнтам Еўрарадыё начальнік Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Беларусі Аляксей Бягун.

Падпісанне дакументаў з ЕС па ўзаемным спрашчэнні візавага рэжыму знаходзіцца на завяршаючай стадыі. Ужо ў чэрвені Беларусь і Еўрасаюз могуць завяршыць перамовы аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі.

Бягун: «Найперш пытанне «ўпіраецца» ў пагадненне аб рэадмісіі. Мы настойваем на тым, каб падчас пераходнага перыяду, які быў прыменены для ўсіх краін, якія падпісвалі пагадненне аб рэадмісіі з Еўрапейскім саюзам, і мы атрымалі магчымасць трохгадовага мараторыя на прыём грамадзян трэціх краін. ЕС на гэта не пагаджаецца і кажа, што нам трэба прымаць усіх. Чаму? Такі перыяд мараторыя быў у Малдовы, Украіны, у Расіі ― чым Беларусь ад іх адрозніваецца? Грамадзян сваёй краіны мы гатовыя з задавальненнем прымаць назад. Але грамадзян трэціх краін… Тым больш, што нас нельга папракнуць у тым, што Беларусь з’яўляецца такой краінай сыходу патэнцыйных мігрантаў. А тым больш, што ёсць катэгорыя асоб, якія трапляюць на тэрыторыю нашай краіны без віз, а потым апынаюцца на тэрыторыі Еўрасаюза ў статусе ўцекача. І ў выніку гэта катэгорыя асоб таксама павінна вяртацца ў Беларусь!»

Спачатку наша краіна павінна стварыць адпаведную інфраструктуру, выпрацаваць механізмы працы з такой катэгорыяй асоб, як грамадзяне трэціх краін, а потым ужо з гэтай катэгорыяй працаваць, кажа Бягун. Але Еўрапейскі саюз, дадае ён, пакуль «не вядзецца» на гэта.

Толькі непаразуменнямі з пагадненнем аб рэадмісіі справа не абмяжоўваецца. Вядома, што еўрачыноўнікі патрабавалі ад беларускіх калег вырабу біяметрычных дыпламатычных пашпартоў. Нашы чамусьці не хочуць гэтага рабіць. Не тлумачачы прычыны нашага нежадання, Аляксей Бягун даводзіць ― чаму і тут патрабаванні ЕС беспадстаўныя.

Бягун: «Там не такі ўжо прынцыповы момант, і я думаю, што ў гэтым пытанні абодва бакі пойдуць насустрач. Гэта пытанне МЗС, але я лічу, што і гэта ― невялікія такія догмы. Ні разу прадстаўнікі Еўрасаюза не абвінавацілі Беларусь у тым, што на тэрыторыі ЕС быў выяўлены грамадзянін з падробленым беларускім дыпламатычным пашпартам. Дыпламатычны пашпарт, як і агульнаграмадзянскі наш пашпарт, адпавядае ўсім міжнародным стандартам. Так, ён пакуль не біяметрычны. Але ён адпавядае ўсім стандартам і выдаецца вузкай катэгорыі асоб. І ўлік бланкаў дыппашпартоў таксама наладжаны».

У канцы чэрвеня ў Мінску чакаюць вялікую дэлегацыю Еўрапейскага саюза. Падчас перамоў, кажа Бягун, беларускі бок спадзяецца дасягнуць станоўчага выніку і падпісаць нарэшце адпаведную дамову з ЕС. Дамову, якая зменшыць кошт шэнгенскіх віз з 60 да 35 еўра.

Бягун: «Пагадненнем прадугледжваецца, што віза для аднаго і другога боку будзе каштаваць 35 еўра. Я думаю, што ў гэтым годзе мы, можа быць, завершым гэтыя перамовы».

Дзейнічаць абодва пагадненні ў такім выпадку, кажа Бягун, пачнуць ужо з наступнага, 2018 года.

Ці сапраўды да «шэнгена па 35» засталося зусім недалёка, цікаўлюся ў айчынным знешнепалітычным ведамстве. Але… там адмаўляюцца ад любых каментарыяў на гэты конт. Магчыма, проста таму, што дыпламатыя любіць цішыню?

“Упэўненасці на 100 адсоткаў у тым, што ўсё будзе так, як кажа спадар Бягун, у мяне, канешне, няма, ― кажа палітолаг, кіраўнік “Ліберальнага клуба” Яўген Прэйгерман. ― Але не далей як два тыдні таму міністр МЗС Уладзімір Макей казаў, што ў перамовах ёсць прагрэс, і ён таксама чакае некаторых паляпшэнняў. А калі да гэтага і Бягун робіць такія заявы, то ёсць падставы для такіх высноў. Што праўда, з еўрапейскага боку я не чуў такога кшталту заяў. Але цалкам не выключаю таго, што прагрэс у перамовах сапраўды можа адбыцца”.

Што да нежадання МЗС каментаваць тое, на якой стадыі знаходзяцца перамовы па спрашчэнні візавага рэжыму, то Прэйгерман нагадвае пра нашы спадзяванні завяршыць перамовы яшчэ ў 2015 годзе. Тады рабілася шмат аптымістычных заяў, якія не спраўдзіліся.

  • Оцени статью: