Што паказаў эксперымент па фінансаванні школ?

Новы механізм нарматыўнага фінансавання ўстаноў адукацыі карэнным чынам змяняе мысленне іх кіраўнікоў. Разам з тым вельмі важна, каб эксперымент у адукацыйнай галіне не зацягнуўся на няпэўны тэрмін, паколькі ўдасканаленне фінансавай сістэмы было і застаецца для адукацыйнай сферы надзвычай актуальным пытаннем. Педагогі чакаюць рэальнага змянення падыходаў у аплаце іх працы...

Да такіх высноў прыйшлі ўдзельнікі пасяджэння Прэзідыума ЦК Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі. Удзел у дыскусіі ўзялі намеснік міністра адукацыі Сяргей Руды і начальнік упраўлення сацыяльна-эканамічнага развіцця Міністэрства адукацыі Ірына Бебех.

У цэнтры ўвагі аказаліся вынікі рэалізацыі пілотнага праекта па апрабацыі нарматыўнага фінансавання ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, які праводзіцца ў галіне ўжо трэці год. У рамках эксперымента аб'ёмы фінансавання, што накіроўваюцца на навучанне і выхаванне, «прывязваюцца» да колькасці навучэнцаў, гэта значыць, што чым больш вучняў ва ўстанове адукацыі, тым большы аб'ём фінансавання яна атрымае. Сёння механізм нарматыўнага фінансавання рэалізаваны ў краінах Еўропы, у многіх краінах на постсавецкай прасторы, у тым ліку ў Расійскай Федэрацыі, краінах Балтыі, Грузіі і Арменіі.

Аб'ём бюджэтных сродкаў, прадугледжаных на рэалізацыю пілотнага праекта, разлічваецца на падставе сярэднегадавых паказчыкаў колькасці навучэнцаў розных катэгорый (па ступенях навучання, колькасці дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, колькасці вучняў, якія наведваюць групы падоўжанага дня), базавага нарматыву бюджэтнай забяспечанасці выдаткаў на аднаго навучэнца і карэктуючых каэфіцыентаў. Меркавалася, што падушавое фінансаванне забяспечыць больш рацыянальнае і празрыстае выкарыстанне бюджэтных сродкаў — гэта не толькі палепшыць матэрыяльна-тэхнічнае суправаджэнне адукацыйнага працэсу, але і адаб'ецца на заробках педагогаў. Ці спраўдзіліся чаканні?

Правілы «гульні»

Нагадаем, што ў 2015 годзе ў эксперыменце ўдзельнічалі 34 установы агульнай сярэдняй адукацыі. У 2016 годзе — ужо 188. Сёлета ў ім задзейнічаны Брэст, Віцебск, Баранавічы, Наваполацк, Жодзіна, Гродна, Скідаль, Фаніпаль, Магілёў і Магілёўская вобласць, Бераставіцкі, Лідскі, Салігорскі раёны, Савецкі і Цэнтральны раёны Гомеля і Першамайскі раён сталіцы — усяго 642 установы адукацыі. Таксама распачалася работа па апрабацыі нарматыўнага фінансавання ўстаноў дашкольнай адукацыі ў Магілёве (98 устаноў).

Базавы нарматыў на 2017 год для вучняў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, размешчаных у гарадской мясцовасці, быў вызначаны ў памеры 1284,66 рубля на год; у сельскай мясцовасці — у памеры 2862,16 рубля на год. Для параўнання: у 2016 годзе гэтыя лічбы складалі 1292,98 рубля і 2805,06 рубля адпаведна.

— У рамках праекта кіраўнікам устаноў адукацыі дадзена права самастойна фарміраваць у межах выдзеленых сродкаў штатны расклад, аптымізаваць штатную колькасць, а вызваленыя сродкі накіроўваць на стымуляванне сваіх работнікаў і ўстанаўленне павышальных каэфіцыентаў да тарыфных ставак (акладу) работніка, — растлумачыла загадчыца аддзела сацыяльна-эканамічнай работы ЦК Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Валянціна Герасімовіч. — Педагагічным работнікам устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, якія ўдзельнічаюць у пілотным праекце, па рашэнні гарадскіх, раённых і выканаўчых камітэтаў і мясцовых адміністрацый раёнаў у гарадах, прадугледжана ўстанаўленне галіновых павышэнняў тарыфных ставак (акладаў). На дадзенае павышэнне накіроўваюцца сродкі ў памеры да 10% ад планавага фонду заработнай платы работнікаў установы агульнай сярэдняй адукацыі ў межах базавага нарматыву бюджэтнай забяспечанасці расходаў.

Галіновыя павышэнні тарыфных ставак (акладаў) устанаўліваюцца педагагічным работнікам у працэнтах ад тарыфнай стаўкі першага разраду ў наступных памерах: да 50 працэнтаў – за выкладанне прадметаў на павышаным узроўні, да 150 працэнтаў — за сістэмную работу па арганізацыі харчавання, аздараўлення навучэнцаў, удзел у рэгіянальных, рэспубліканскіх грамадска-значных мерапрыемствах, забеспячэнне абароны правоў і законных інтарэсаў дзяцей у сацыяльна неўладкаваных сем'ях, рэалізацыю дадатковых выхаваўчых мерапрыемстваў, за суправаджэнне навучэнцаў пры падвозе вучняў ва ўстановы адукацыі ў сельскай мясцовасці,  да 200 працэнтаў — за працу з адоранымі навучэнцам, сістэмны ўдзел у дзейнасці ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі па навукова-метадычнаму забеспячэнню агульнай сярэдняй адукацыі.

Вынікі маніторынгу

Яшчэ да старту эксперымента, каб падрыхтавацца да работы ў новых умовах, пры ЦК галіновага прафсаюза была створана рабочая група па вывучэнні ўдасканалення механізма фінансавання ўстаноў адукацыі. Яе члены выязджалі ў Расійскую Федэрацыю, у прыватнасці, вывучалі досвед работы калег з Масквы, Маскоўскай, Бранскай і Смаленскай абласцей. Адсочваецца эксперымент і сёння. Валянціна Герасімовіч агучыла вынікі маніторынгу ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі горада Жодзіна і Першамайскага раёна сталіцы.

Жодзіна далучылася да эксперымента ў студзені 2016 года. Нарматыўным фінансаваннем тут ахоплены ўсе 9 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі: дзве гімназіі і сем агульнаадукацыйных школ. Галіновыя выплаты педработнікам ажыццяўляюцца толькі ў дзвюх установах: з красавіка 2016 года — у сярэдняй школе №8 і са студзеня 2017 года — у сярэдняй школе №9.

— У гэтых установах заработная плата павялічылася ў сярэднім на 52 рублі, яе сярэдні памер складае 670,1 рубля, — паведаміла Валянціна Герасімовіч. — Ва ўсіх іншых установах агульнай сярэдняй адукацыі заработная плата налічваецца таксама, як і ва ўстановах, не ўключаных у эксперымент. Памер сярэднямесячнай заработнай платы ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі горада Жодзіна складае 618,1 рубля.

У Першамайскім раёне сталіцы эксперыментам ахоплены 28 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, у тым ліку 5 гімназій, 20 сярэдніх школ, адно кадэцкае вучылішча, адзін вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад — пачатковая школа, адна пачатковая школа. Галіновыя выплаты са студзеня 2016 года былі ўстаноўлены ў чатырох установах (гімназіях №2, 11, 18, 38) і з кастрычніка 2016 года — яшчэ ў чатырох (СШ №61, 84, 94, 191). Сярэдняя заработная плата педагогаў за студзень — снежань 2016 года склала ў Першамайскім раёне сталіцы 678,18 рубля, а па ўстановах, дзе былі ўстаноўлены галіновыя павышэнні, — 694,28 рубля.

Плюсы і мінусы

На якія акалічнасці сёння звяртаюць увагу эканамісты? Для прыкладу, у Мінску ў Першамайскім раёне работнікам, якія знаходзяцца на кантрактнай форме найму, ажыццяўляецца павышэнне тарыфных ставак у памеры да 50%. Але ў базавым нарматыве павышэнне па кантракце вызначана толькі ў памеры 16%, таксама ва ўстаноўленым нарматыве не ўлічаны і штомесячныя даплаты педагагічным работнікам, якія ажыццяўляюцца ў адпаведнасці з рашэннем Мінгарсавета. Дадзеныя выплаты ажыццяўляюцца за кошт дадатковага фінансавання са сродкаў мясцовага бюджэту.

У базавы нарматыў не ўключаны і выдаткі на ўтрыманне класаў эстэтычнай накіраванасці. І ў Мінску, і ў Жодзіне прыйшлося ўкладвацца ў даведзены нарматыў за кошт павелічэння напаўняльнасці ў класах. Так, у Жодзіне сярэдняя напаўняльнасць у класах павялічылася з 20 да 24 чалавек, у Першамайскім раёне — да 24,9 навучэнца. Таксама летась у Першамайскім раёне на 23% скарацілася колькасць гадзін эстэтычнай накіраванасці.

Упраўленнем адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Першамайскага раёна горада Мінска праведзены аналіз фінансавання па нарматыўных артыкулах. Устаноўлена, што 97,7% ад агульнага фінансавання займаюць заработная плата з налічэннямі і трансферты і толькі 2,3% накіроўваюцца на астатнія артыкулы выдаткаў.

Ва ўстановах адукацыі Жодзіна ў 2016 годзе ўдзельная вага заработнай платы з налічэннямі склала 98 працэнтаў ад агульнага фінансавання.

Эксперымент па апрабацыі нарматыўнага фінансавання паказаў: у лепшым становішчы знаходзяцца ўстановы з больш высокай напаўняльнасцю навучэнцаў. А вось малакамплектным школам больш складана ўкладвацца ў выдзелены аб'ём асігнаванняў, абмежаваны нарматывам.

Да станоўчых бакоў эксперымента і прадстаўнікі прафсаюза, і прадстаўнікі Міністэрства адукацыі адносяць фінансавую свабоду кіраўнікоў устаноў адукацыі: пілотны праект прымусіў іх лічыць грашовыя сродкі і даводзіць лічбы па выдатках на дзяцей да ведама бацькоў. У кіраўніка маецца магчымасць дыферэнцыяцыі заработнай платы педагогаў у залежнасці ад якасці і эфектыўнасці іх працы. Павышаецца матэрыяльная зацікаўленасць настаўнікаў у выкананні дадатковых відаў работ, а таксама зацікаўленасць устаноў адукацыі ў выніках сваёй дзейнасці. У мэтах эканоміі пралічваецца ўсё — карэктуюцца нават маршруты падвозу дзяцей у школы.

Вучоба для дырэктара

Цікава, што ў некаторых рэгіёнах і ўстановах выдаткі на матэрыяльна-тэхнічную базу выраслі даволі істотна.

— Эксперымент пераадрасоўвае ўсе пытанні да дырэктара ўстановы адукацыі ці начальніка аддзела (упраўлення) адукацыі, — падкрэслівае намеснік міністра Сяргей Руды. — Чаму колькасць сродкаў, што выдзяляюцца на развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы, недзе вырасла ўдвая? Гэтыя ж сродкі можна было накіраваць і на заработную плату настаўнікам... Калі адбываецца эканомія сродкаў, толькі кіраўнік вырашае, куды іх накіраваць: на заробкі, на гадзіны эстэтычнага выхавання ці, напрыклад, на замену ў будынку вокнаў. Увогуле, як сведчаць нашы назіранні, дрэнна пра эксперымент выказваюцца пераважна тыя, хто ў ім яшчэ не ўдзельнічае. А ўдзельнікі праекта вучацца гаспадарыць у новых умовах. Мы пастаянна з імі сустракаемся, пралічваем усе рызыкі і праблемы. У Наваполацку, які ўдзельнічае ў эксперыменце, адносна невысокая напаўняльнасць гарадскіх школ, але мясцовыя ўлады аптымізаваць сетку школ не плануюць. Таму калі ў педагогаў у гэтым горадзе заробкі на фоне іншых рэгіёнаў будуць самыя нізкія, няхай яны не здзіўляюцца.

Сярод праблемных аспектаў рэалізацыі нарматыўнага фінансавання найбольш востра стаіць пытанне падрыхтоўкі кіруючых кадраў да работы ў новых умовах. Фактычна дырэктар школы сёння павінен стаць менеджарам, які валодае асновамі заканадаўства па фарміраванні бюджэту школы. Гаворка ідзе аб развіцці фінансавай і кіраўніцкай самастойнасці ўстаноў адукацыі.

Кіраўнікі абласных і мінскай гарадской арганізацый Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі паставілі гэта пытанне перад Міністэрствам адукацыі: трэба абавязкова арганізаваць падрыхтоўку кіраўнікоў усіх устаноў адукацыі, якія ідуць у эксперымент. Тым больш што ў 2019 годзе, як мяркуецца, на новы механізм фінансавання пяройдуць ужо ўсе ўстановы адукацыі ў краіне.

  • Оцени статью: