«Гавары праўду» не супрацоўнічае са спэцслужбамі»

Чарговы госьць перадачы «Інтэрвію тыдня» — лідэр кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў.

Ён разважае, чаму ўлада нарэшце вырашыла афіцыйна зарэгістраваць кампанію, адказвае на «традыцыйнае» пытаньне, ці супрацоўнічае ён са спэцслужбамі, ацэньвае палітычную будучыню Тацяны Караткевіч і цьвердзіць, што «Гавары праўду» можна называць апазыцыяй. З Андрэем Дзьмітрыевым гутарыў Віталь Цыганкоў.

— Апошнія гады з пэўнай пэрыядычнасьцю зьяўляліся паведамленьні пра чарговую нерэгістрацыю «Гавары праўду». Некалькі дзён таму кампанія нарэшце была афіцыйна зарэгістраваная. Чым бы вы патлумачылі такія зьмены ў паводзінах улады? І як рэгістрацыя паўплывае на вашы далейшыя дзеяньні?

— Для нас рэгістрацыя — гэта важны крок наперад, бо найперш дае бясьпеку для нашых сяброў, для людзей, якія жадаюць да нас далучыцца. Бо, асабліва ў рэгіёнах, людзі заўсёды цікавяцца, у якім мы статусе. Для беларусаў гэта важна. І мы будзем выкарыстоўваць рэгістрацыю, каб пашыраць сваю дзейнасьць па ўсёй Беларусі. У наступныя два гады наш прыярытэт — гэта праца на ўзроўні раёнаў.

Чаму ўлада нас зарэгістравала? Мы скарысталіся сытуацыяй, калі беларускай уладзе важна нейкі чынам захаваць дыялёг з Эўропай, і пасьля сакавіцкіх пратэстаў улады будуць вымушаныя рабіць нейкія крокі. Якія яшчэ могуць быць прычыны — трэба пытацца ў чыноўнікаў. Мне і раней было незразумела, чаму нас не рэгістравалі. Відавочна, гэта палітычнае рашэньне. Для нас важна, каб мы былі не адзінымі, а першымі ў шэрагу тых, хто цяпер чакае сваёй рэгістрацыі і мае на яе поўнае права.

— І ваш прагноз? Будзе рэгістрацыя і іншых грамадзкіх абʼяднаньняў?

— Не магу казаць за ўладу, але спадзяюся, што так і будзе. Ёсьць пэўныя паляпшэньні — вярнуліся ў падпіску газэты «Свободные новости» і «Новы час». Таму я спадзяюся, што будуць паляпшэньні і ў гэтай сфэры, і ў іншых.

— Ваша рэгістрацыя ўжо выклікала невялікі скандал. Сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі абвінаваціў вас у крадзяжы лягатыпу. На пячатцы ГП — васьміканцовая зорка. Гэты ж самы сымбаль ужо больш за 10 гадоў выкарыстоўвае БХД.

— Віталь ужо выбачыўся за ілжывыя абвінавачаньні. Мы нічога ня кралі. Віталь проста памыліўся. Я лічу, гэтым інцыдэнт вычарпаны.

— На сёньняшні момант ці зьяўляецеся вы апазыцыяй да існуючай улады?

— Безумоўна, мы зьяўляемся часткай дэмакратычнага руху. Мы мяккая сіла дэмакратычнай супольнасьці Беларусі.

— Але калі ўсё ж адказваць на маё пытаньне — ці можна вас назваць апазыцыяй?

— Так, безумоўна. Мы зьяўляемся апазыцыяй.

— Відавочна, што вашы палітычныя мэтады адрозьніваюцца ад мэтадаў астатняй апазыцыі. У чым ваша адметнасьць, фішка? Калі іншыя заклікаюць да пратэстаў, то вы ідзяце да людзей у двары, падʼезды, да іхніх прыземленых праблемаў?

— Віталь, вы вельмі добра адзначылі, што фішка ГП у тым, што мы самі ідзем да людзей, падымаем тыя пытаньні, зь якімі яны сустракаюцца штодня. І праз гэтыя пытаньні кажам важныя рэчы. І пра тое, што краіне патрэбнае разьвіцьцё рэгіянальнае, каб вэртыкаль не душыла краіну, што трэба разьвіцьцё малога і сярэдняга бізнэсу. І пра тое, што патрэбна сацыяльная абарона людзей. А ўлада робіць наадварот — забірае сацыяльную абарону і за гэта яшчэ патрабуе заплаціць.

Мне прыемна адзначыць, што збольшага, нават не зважаючы на рыторыку большасьці апазыцыйных партыяў, якая засталася старой — я бачу, што і яны ідуць гэтым, нашым шляхам. Яны, як і мы, пачалі хадзіць па дэпутатах, кажуць пра важныя праблемы. Яны ўжо ўсе ўдзельнічаюць у выбарах і ня ставяць пытаньня байкоту. Таму, у прынцыпе, мы можам сказаць, што сёньня розьніца паміж намі і апазыцыяй не такая вялікая, яны набліжаюцца да нас. І гэта мы лічым добрым. Бо гэта агулам усіх нас набліжае да беларускага грамадзтва.

— Забаўна вы сказалі — «розьніца паміж намі і апазыцыяй не такая вялікая».

— Ну, а як іх яшчэ ўсіх можна назваць? Апазыцыя. Мы таксама апазыцыя, але і яны апазыцыя.

— Уладзімер Някляеў, Мікола Статкевіч фактычна адкрыта абвінавачваюць вас у сувязях са спэцслужбамі. Можа, вы маглі б паставіць у гэтым пытаньні кропку, даць такі адказ, пасьля якога ня будзе ўзьнікаць такіх пытаньняў?

— Слухайце, мне падаецца, што кропку ў пытаньнях супрацоўніцтва даў «Малады Фронт», дзе аказалася, што ўсе амаль падпісалі гэтую паперу і 6 гадоў з гэтым нармальна жылі. Таму цяпер казаць пра гэта сурʼёзна проста не выпадае. Я казаў шмат разоў і паўтару вам — «Гавары праўду» не супрацоўнічае са спэцслужбамі. Мне няма чаго тут дадаць.

— Некалькі месяцаў таму я рабіў інтэрвію тыдня з Тацянай Караткевіч і быў зьдзіўлены, як мала людзей, паводле нашай статыстыкі, яго прачытала. І я зьвярнуў увагу, што апошнія месяцы Караткевіч мала запрашаюць і ў іншыя СМІ, ня часта бяруць у яе камэнтары. Ці бачыце вы нейкую палітычную будучыню ў Тацяны? Нагадаю, што ў нас большасьць кандыдатаў на прэзыдэнцкіх выбарах далей не вылучаюцца і часта ўвогуле хутка зьнікаюць з палітычнай арэны. Ці можа «Гавары праўду» выкарыстаць патэнцыял Караткевіч, які быў на выбарах, ці ён ужо абʼектыўна страчаны?

— Вядома, паміж выбарамі агульны інтарэс грамадзтва да палітыкі меншы, тым больш у Беларусі. Любы кандыдат у прэзыдэнты, як толькі скончыліся выбары, пачынае губляць увагу грамадзтва. Тым больш апазыцыя ніяк не прадстаўленая ва ўладзе, яе няма на тэлевізіі.

Зь іншага боку, я цалкам упэўнены ў будучыні Тацяны Караткевіч, бо часта ежджу зь ёй у рэгіёны. Калі людзі яе бачаць, чуюць яе прозьвішча — то вельмі хутка ўзгадваюць, што за чалавек, вельмі ўдзячныя ёй за ўдзел у той кампаніі. Давяраюць ёй. Не выпадае думаць ніяк інакш, што палітычная будучыня ў Тацяны Караткевіч ёсьць. Сёньня крыху больш увагі, заўтра крыху менш — гэта звычайная палітычная справа. Нічога страшнага.

— Цяпер у «Гавары праўду» два лідэры — вы і Тацяна Караткевіч. Наколькі гэта часовая і наколькі гарманічная справа? Відаць, перад наступнымі прэзыдэнцкімі выбарамі кампанія вызначыцца з адным чалавекам?

— Сустаршынства цалкам адпавядае рэчаіснасьці, якая ёсьць у ГП. Нам вельмі лёгка і зручна працаваць разам. Мы верым, што сёньня галоўнае ня тое, хто наверсе, а разьвіцьцё рэгіянальнага лідэрства. Каб у нас было сто Тацян Караткевіч. Каб яе прыклад натхняў людзей у рэгіёнах ісьці на выбары, займацца грамадзкай дзейнасьцю, быць пазнавальнымі. Спадзяюся, праз 3–5–7 гадоў у нас будуць дзясяткі добрых і гучных імёнаў.

— Падчас лютаўскіх і сакавіцкіх сацыяльных пратэстаў вы, як падаецца, ня вельмі актыўна бралі ў іх удзел. Чаму ў вас было такое асьцярожнае стаўленьне да гэтых акцыяў?

— Сапраўды, у «Гавары праўду» быў іншы падыход. Мы лічылі, што апазыцыйныя палітыкі павінны дапамагаць грамадзянам у самаарганізацыі, але ня лезьці наперад. І другое — мы лічылі татальнай памылкай гэтае адчуваньне, што калі на вуліцу выходзяць некалькі сотняў ці тысяч чалавек, то трэба яшчэ крыху націснуць, і рэжым падзе. І людзі пачынаюць дзейнічаць алягічна. Я лічу, што калі Лукашэнка абвясьціў, што на год прыпыняе дзейнасьць дэкрэту, апазыцыя павінна была абвясьціць, што мы прыпыняем вулічную актыўнасьць, бо дамагліся адмены дэкрэту, і фармуем перамоўную групу, каб гэты дэкрэт ніколі не вярнуўся ў жыцьцё беларуса. Тады мы здолелі б атрымаць людзкі давер і паказаць грамадзтву, што здольныя чагосьці дамагчыся.

А ў выніку тактыкі мітусьні і сьпяшаньня мы зноў бачым, што далі магчымасьць уладзе паказаць, што яна можа нас разграміць за 5 хвілін і што мы зноў нічога не дабіліся. Таму ў нас было ня тое што асьцярожнае стаўленьне да пратэстаў, але разуменьне доўгатэрміновых плянаў і мэтаў. І разуменьне, што гэта не фінальная бітва, але крок у пашырэньні ўплыву дэмакратычных сіл у грамадзтве.

— Як вы ўвогуле бачыце пэрспэктывы магчымай зьмены ўлады? На нейкі момант грамадзтва сасьпее, і што — улада запросіць апазыцыю ва ўрад? Тады, хутчэй, улада сама правядзе неабходныя зьмены, без дапамогі апазыцыі — і апазыцыя зноў застанецца на ўзбочыне? Але ж мэта палітыкі — прыход да ўлады?

— Насамрэч мэта палітыкі — гэта зьмена жыцьця грамадзтва да лепшага. Каб твае ідэі ўвасабляліся ў штодзённым жыцьці грамадзтва. Безумоўна, для гэтага важна быць ва ўладзе, мы да гэтага імкнёмся.

Але сёньня ня важна, хто ты — радыкальны палітык ці больш памяркоўны. Сёньня галоўная тэма — тэма бясьпекі людзей. Ты ня можаш заклікаць людзей і казаць, што я за ўсё адказны і слухайце толькі мяне. Бо мы бачым, што гэта прыводзіць толькі да непатрэбных новых ахвяраў. Ашчаднае стаўленьне да грамадзтва, да людзей, дэманстрацыя таго, што нам важны іхні лёс, як яны жывуць — гэта можа пашырыць уплыў апазыцыі. І калі прыйдзе час, у апазыцыі будуць усе шанцы вырашаць прынцыповыя лёсавызначальныя пытаньні, а не застацца на ўзбочыне, з добрымі лёзунгамі, але цалкам без падтрымкі грамадзтва. Бо гэта адзіны рэсурс, які можа мець сёньняшняя апазыцыя — падтрымка грамадзтва.

  • Оцени статью:
  • Проголосовало: 2
  • Балл: 5