Барыс Тасман: Уключылася праграма патанення спартовай галіны

Напярэдадні Алімпійскага сходу, які пройдзе ў Мінску 30 траўня, у 13 спартовых федэрацыях змянілася кіраўніцтва. Самыя гучныя перастаноўкі адбыліся ў хакеі і тэнісе, са скандалам прайшлі выбары ў Федэрацыі фехтавання. А вось, напрыклад, футбол, вынікі ў якім не назавеш здавальняючымі, застаўся некранутым.

Пра што сведчаць усе гэтыя перастаноўкі, як зменіцца беларускі спорт і што чакае функцыянераў на вялікім сходзе выканкама НАК з удзелам Аляксандра Лукашэнкі — размаўляем у студыі Еўрарадыё мы з вядомым спартовым журналістам Барысам Тасманам.

Барыс Тасман. Фота: Еўрарадыё

Цяжка зразумець логіку ва ўсіх перастаноўках. Перамены напрошваліся, іх трэба было праводзіць да заканчэння 2016 года па выніках выступлення на Алімпіядзе. Чаму цяпер? Судзячы па тым, што цяпер дадзеная каманда змяніць чыноўнікаў на былых спартсменаў, відавочна, уключылася праграма патанення спартовай галіны, каб функцыянеры, якія выкарыстоўвалі адміністрацыйны рэсурс і актыўна прыцягвалі бюджэтныя і пазабюджэтныя сродкі, з дапамогай свайго аўтарытэту, уладных паўнамоцтваў, высокіх пасадаў, больш гэтага не рабілі. Каб грошы заставаліся там, дзе яны больш патрэбныя. А ўжо тут няхай спартсмены самі разбіраюцца.

Лукашэнка сказаў, што спорт — гэта ідэалогія. А паколькі хакею надаецца нейкая асаблівая ідэалагічная роля, то тут аднаго буйнога чыноўніка змянілі на іншага, больш буйнога на сённяшні дзень. Даверу да былых спартсменаў тут мы не бачым.

Сярод чыноўнікаў, якія прыйшлі ў спорт, ёсць некалькі пазітыўных прыкладаў. Вось, Уладзімір Канаплёў. Чалавек дзесць гадоў прадуктыўна працуе ў федэрацыі гандбола. І мы бачым вынікі ў мужчынскім гандболе, дзе проста адбылася рэвалюцыя. У жаночым — пакуль не, але і там ёсць пазітыўныя зрухі. Далей, Рыжанкоў. Магчыма, на пасадзе віцэ-прэзідэнта НАК ён не праявіўся. Пачынаў добра, але вельмі хутка праслізнуў у накатаную да яго каляіну. Але ж з федэрацыяй баскетбола ў яго атрымліваецца.

У некаторых відах спорту патрапілі. Патрапілі з Шакуціным у федэрацыі тэніса. Вельмі ўдалае атрымалася прызначэнне. Чалавек чатыры гады працаваў паспяхова. Жаночая каманда дамаглася проста неверагоднага выніку. І мужчынская каманда вярнулася ў плэй-оф Кубка Дэвіса праз дзесяць гадоў. І вось узяць яго, і проста зрубіць. Я не разумею.

Праблема ў тым, што наш спорт бюджэтны. Гэта такая “давальніцкая” галіна, што працуе на бюджэтнай сыравіне. Далі грошы — засвоілі грошы. У большасці краін свету ўсё дзеліцца дакладна. Дзяржаўны спорт там працуе на дзіцяча-юнацкім узроўні. Калі юныя спартсмены пераходзяць у дарослы разрад, там пачынаюць працаваць алімпійскія камітэты, якія рыхтуюць нацыянальныя каманды да афіцыйных турніраў. У нас такога падзелу няма. У нас увесь спорт бюджэтны, а прыватных спартовых клубаў, якія за мяжой прыцягваюць спонсараў, няма. Мы жывём у іншай галактыцы, паводле іншых законаў. Таму, каб усё круцілася, трэба ўвесь час падкідваць банкноты. Наш спорт не зарабляе, а толькі траціць.

Была вельмі добрая ініцыятыва — Усходенееўрапейская хакейная ліга. Яна выдатна працавала ў 90-х, але потым яе развалілі і замянілі адкрытым чэмпіянатам Беларусі. Што цяпер з гэтага стала, мы ўсе бачым. Пасля мы ўлезлі ў КХЛ, і ўвальваем у гэтае “Дынама” велізарныя сродкі.

ФІФА вельмі рэзка рэагуе на ўмяшанне дзяржавы ў справы грамадскай арганізацыі, якой з’яўляецца наша футбольная федэрацыя. А ў нас дзяржава настолькі таталітарная, што па-сутнасці яна кіруе грамадскімі аб’яднаннямі. І вось цяперашняя змена лідараў спартовых федэрацый гэта пацвярджае. У федэрацыі футбола мы ўжо мелі негатыўны прыклад, калі фактычна дырэктыўным чынам быў зняты старшыня Яўген Шунтаў. Колькі праблем гэта прынесла нашаму футболу і нашым вярхам ― некалькі гадоў гэта расхлёбвалі.

УЕФА і ФІФА даюць вялікія грошы нацыянальным федэрацыям. Яны не ідыёты. Калі людзі даюць грошы, яны адсочваюць працэсы, у чые рукі трапляюць грошы і што з імі адбываецца. Таму трымаць іх за ідыётаў не варта. Яны адсочваюць працэс: хто там, што там і чаму яго раптам перавярнулі. Мы да гэтага чалавека прызвычаіліся, мы яму давяраем. І раптам вы яго прыбіраеце. З-за чаго? Я думаю, што, маючы негатыўны досвед тых гадоў, цяпер вырашылі ўстрымацца ад таго, каб скандаліць з ФІФА.

У федэрацыі фехтавання паставілі свайго чалавека, Аляксея Аўсянкіна (абралі ў выніку неспадзяваных перавыбараў старшыні, — Еўрарадыё). Ён спартсмен? Ён кіраўнік касметычнай фірмы. Касметыка і фехтаванне — дзе логіка? У мяне адразу ўзнікаюць думкі пра нейкія фінансавыя камбінацыі. Губанаў (за якога прагаласавалі падчас выбараў старшыні, — Еўрарадыё) — чалавек, які быў першым намеснікам і фактычна кіраваў федэрацыяй. Гагіеў (папярэдні кіраўнік федэрацыі фехтавання, — Еўрарадыё) быў першым намеснікам міністра спорту, шэфам Алімпійскай місіі — яму была справа да фехтавання? Калі ён ажно так кіраваў фехтаваннем, то чаму толькі адзін фехтавальшчык выступаў на Алімпіядзе? Дзе тут праца Гагіева? Працаваў аккурат-такі Губанаў. Гэта прафесійны трэнер. І, паводле водгукаў фехтавальшчыкаў, добры арганізатар і прыстойны чалавек. Таму за яго і прагаласавалі людзі.

Пры выбарах старшыні федэрацыі фехтавання былі груба парушаныя палажэнні Статута федэрацыі, а таксама парушаны закон “Аб грамадскіх аб’яднаннях”. Я думаю, што ёсць падставы і для падачы іска ў суд, і для звароту ў Мінюст, каб з дапамогай спецыялістаў разблытаць гэты клубок. Мне здаецца, дзяржчыноўнікі на сябе ўзялі занадта шмат.

  • Оцени статью:
  • Проголосовало: 1
  • Балл: 5