Таемная жарсць беларусаў: што чакае нашу  «пратэстную вясну»

Мяркуючы па Чарнобыльскім шляху, яна ў Мінску скончыцца раней, чым адключаць ацяпленне ў кватэрах.

26 красавіка на вуліцы двухмільённага горада выйшла 500 чалавек. Пры ўсёй сімпатыі да пратэстоўцаў, пры ўсім захапленні мужнасцю тых, хто прайшоў гэты «шлях», — гэта правал.

Можна колькі заўгодна наракаць на дождж і холад. Але 25 сакавіка таксама было халодна, а на аб'ектывы камер часам падалі вялікія шматкі снегу. Але на вуліцах было ў 10 разоў больш людзей. Што адбылося за гэты месяц? Дзе ўсе гэтыя раззлаваныя беларусы, якія ішлі і ішлі па праспекце Незалежнасці, не баючыся аўтазакаў і міліцэйскіх дубінак.

Пратэст як прыгода

Для пачатку трэба разабрацца, адкуль наогул узяліся гэтыя тысячы адчайных дэманстрантаў.

Думаю, яны нікуды і не знікалі. Пратэст заўжды недзе ўнутры. У 2006, 2010, 2011 людзі збіраліся на масавыя акцыі імгненна і стыхійна. І гэта былі абсалютна розныя людзі, і падчас снежаньскага «жалезам па шкле», і на чэрвеньскіх «маўклівых апладысментах» у разгар валютнага крызісу.

Беларусам толькі дай нагоду, а яны ўжо на плошчы. Ці то таму, што жыццё ў нас занадта спакойнае, і хочацца прыгодаў. Ці то на самой справе «надакучыў» — але пакуль яшчэ не жорстка, а так, у фоне. А можа, справа ў генетычнай схільнасці? Нездарма пра беларусаў ёсць легенда, што ў кожнага на заднім двары прыкапаны кулямёт. Хоць па тэлевізары чамусьці паказваюць арматуру ў лесе.

Кароткая памяць

Праўда, нашым людзям важныя гарантыі бяспекі, ці хаця б адчуванне асабістай недатыкальнасці. Таму што з інстынктам самазахавання ў беларусаў таксама ўсё ў парадку. Каб ён адключыўся, трэба яго неяк хітра падмануць.

Напрыклад, летам 2011 года людзі яшчэ добра памяталі пра навагодні разгон Плошчы-2010, але «Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі» прапанавала пратэставаць без лозунгаў і шэсцяў, у форме прагулкі па галоўным праспекце Мінска. Ідэя спадабалася, таму што выглядала гэта ўсё абсалютна бяспечна. Ну праўда, за што хапаць чалавека, які нічога не робіць?

Відавочнымі прычынамі, якія вядуць людзей на вуліцы ў гэтым сезоне, сталі дэкрэт №3, беспрацоўе і падзенне рэальных даходаў. Але не менш важнай прычынай я б назваў сур'ёзны тэрмін, які прайшоў з апошняга «хапуна». За шэсць гадоў беларусы папросту забыліся, на што здольны АМАП. І пра тое, як мацюкаліся на «маўклівых акцыях», таксама забыліся.

17 лютага удзельнікаў «Марша раззлаваных беларусаў» не чапалі. 15 сакавіка затрыманні ў фінале акцыі абмежаваліся анархістамі, якія хавалі твары пад маскамі, і тымі, хто трапіўся пад гарачую руку разам з імі. А 25 сакавіка АМАП узяў і нагадаў, што ў Беларусі людзей можна проста распіхаць па аўтазаках. Выявілася, што гэта працуе.

Пратэсты па раскладзе

Калі не ўзгадваць пра гучныя акцыях канца 1990-х і сярэдзіны 2000-х, на Чарнобыльскі шлях ніколі не выходзіла шмат людзей. Мерапрыемства тэматычнае. Далёка не ўсе ў Беларусі бачаць сэнс супраціўляцца «мірнаму атаму» — няхай эколагі і кажуць, што атам мірным не бывае. Худа-бедна, але ўлады пераканалі тых, каму не ўсё адно, у тым, што АЭС патрэбная.

Але і на шлях людзі ходзяць, бо больш няма куды. Не кожны можа, як Ніна Багінская, выйсці з сольным пікетам да будынка КДБ.

Ужо шмат гадоў вулічныя пратэсты праходзяць у Беларусі па раскладзе: Дзень Волі — Чарнобыльскі шлях — Дзяды. Хтосьці ўдзельнічае ў акцыях шчыра, хтосьці ходзіць па інэрцыі. Кагосьці вядзе цікаўнасць, кагосьці — мазахізм.

Гады прэзідэнцкіх выбараў і эканамічных крызісаў праходзяць цікавей. Але любыя адхіленні ад графіка сходзяць на не, як кругі на вадзе. Каб падтрымліваць агонь пратэстаў, у топку трэба пастаянна што-небудзь падкідваць. А ў Беларусі гэтай вясной атрымалася якраз наадварот.

Пернікам і пугай

9 сакавіка Лукашэнка абвясціў, што пераслед «сацыяльных утрыманцаў» адкладаецца на год. Спачатку яму, відавочна, не паверылі: увесь сакавік людзі патрабавалі адмяніць дэкрэт №3. Тым часам падатковыя інспектары пакінулі «дармаедаў» у спакоі, судовыя выканаўцы не ходзяць па кватэрах, а «сутак» за нявыплату збору так ніхто і не атрымаў. Людзі, не згодныя плаціць за права сядзець без працы, нават адчуваюць сябе пераможцамі. А як не адчуваць, калі да гэтага часу незразумела, як тыя, хто паспяшаўся раскашэліцца, будуць вяртаць свае грошы.

Што яшчэ змянілася з 25 сакавіка? Улады паспелі распавесці па тэлевізары сваю версію справы «Белага легіёна». Муляжы гранат у кадры засталіся муляжамі, але абывацелі атрымалі вострасюжэтны баявік пра таемную секту, якая рыхтавала дзяржаўны пераварот. І пра добрых сілавікоў, якія ўсіх выратавалі. Нават тых, каго збілі дубінкамі, якіх на самой справе не было.

Улады добра адчуваюць градус пратэстаў. Чатыры сціплых аўтазакі на вуліцы Дарашэвіча, побач з месцам збору ўдзельнікаў Чарнобыльскага шляху, не дадуць схлусіць. 25 сакавіка іх было ў тры разы больш, плюс цэлая выстава дасягненняў народнай гаспадаркі: вадамёт, машыны з наваренными кратамі. А ўчора ў Парку Дружбы народаў на чале калоны па-гаспадарску ішлі байцы АМАП. Вы ўяўляеце сабе такое на пратэстнай акцыі? Так што не верце тым, хто распавядае, што «народ ламануўся на лецішчы і градкі», а пратэсты на самой справе нарастаюць. Нічога падобнага, цырк з'ехаў.

Калі пачнецца зноў?

Мікалай Статкевіч спадзяецца, што беларусы зноў выйдуць пратэставаць ужо 1 траўня. Анатоль Лябедзька — што новая хваля пратэстаў накрые Беларусь увосень, пасля канчатковага рашэння «агароднага» пытання.

Дынаміка пратэстаў залежыць ад таго, як Лукашэнка зможа справіцца з яго прычынамі. Выкараненне беспрацоўя і бескампрамісная бітва з уласнай эканомікай за «папіццот» у самым разгары. Плацяжы па дэкрэце №3 зноў набудуць актуальнасць не раней за канец наступнай зімы. Калі да таго часу дакумент не адменяць ў прынцыпе.

Але таемная жарсць беларусаў да пратэстаў нікуды не падзенецца, якім лакам абяцанняў яе ні залівай.

  • Оцени статью:
  • Проголосовало: 4
  • Балл: 5