Колькі яшчэ разоў бензін падаражае на 1 капейку?

Чатыры тыдні запар бензін ў Беларусі падаражэе. Кожны раз — на адну капейку. Кожны раз пра падаражанні паведамляецца ў пятніцу ўвечары. Так што, аўтааматары ў чаканні 14 красавіка могуць рабіць стаўкі: будзе плюс адна капейка ці не?

Каб даведацца, колькі яшчэ разоў падаражае паліва, Еўрарадыё нахабна тэлефануе ў «Белнафтахім». Але там нам прадказальна кажуць, што ніякага «плана па падаражаннях няма»:

«Калі, што і колькі — такога прагнозу няма. Усё залежыць ад кан'юнктуры рынка. Ад таго, як будуць змяняцца ўсе складнікі сабекошту. Цана, натуральна, мусіць быць эканамічна абгрунтаваная».

Атрымліваецца, «кан'юнктура рынка» змяняецца выключна ў адзін бок і роўна на адну капейку за тыдзень? Калі шчыра, так сабе версія ў «Белнафтахіма». Але нас цікавіць іншае: колькі яшчэ падаражанняў чакае беларусаў за бліжэйшыя тыдні.

«На фоне скарачэння паставак нафты [з Расіі] у другой палове мінулага года і ў першым квартале гэтага года зніжалася рэнтабельнасць беларускіх нафтаперапрацоўчых прадпрыемстваў. З гэтым трэба было нешта рабіць, — распавядае аналітык кампаніі «Альпары» Вадзім Іосуб. — Але на фоне падзення даходаў і пратэстаў супраць дэкрэта №3 істотнае падаражанне магло выклікаць хвалю абурэння. Таму знайшлі такі хітры метад: павышаць на мінімальна магчымую велічыню».

«Езуіцкі» метад прынёс плён: ні кіламетровых чэргаў на запраўках, ні заўважнага абурэння ў сацсетках у сувязі з падаражаннем паліва за апошні месяц не заўважана. А калі так, дык кошты могуць працягваць незаўважны рост. Незалежны аналітык Сяргей Чалы мяркуе, што за два бліжэйшыя тыдні сумарнае падаражанне паліва дасягне 5%:

«Былі чуткі, што расцягнулі пяціпрацэнтнае павышэнне па адной капейцы».

Каб здзейсніць гэта, ўлады мусяць падняць цэны на паліва на адну капейку яшчэ двойчы. Пасля гэтага ланцужок падаражанняў можа быць перарваны. Гэтаму могуць паспрыяць і апошнія навіны з Расіі, лічыць Вадзім Іосуб:

«Расія (па меншай меры, вуснамі віцэ-прэм'ера Аркадзя Дварковіча) прывязвала ўзнаўленне аб'ёму паставак нафты з аплатай запазычанасці за газ. Калі ўсё гэта здзейсніцца: мы аплацім пазыку [726 млн дал. — Еўрарадыё], і пойдуць пастаўкі ў ранейшых вялікіх аб'ёмах, — цалкам магчыма, што рост на адну капейку спыніцца».

Эканаміст Леанід Заіка таксама лічыць, што падаражанне паліва працягнецца. Ён робіць такую выснову з прагнозу па інфляцыі на 2017 год:

«Інфляцыя ў нас у краіне агавораная на ўзроўні 10%. Цяпер Нацбанк прагназуе 7-8%. Магчыма, і ўрад зыходзіць з гэтых лічбаў. Таму яшчэ пару разоў зробяць [павышэнне коштаў] — ну і хопіць».

На думку эканаміста, у краіне існуе «нафтавае лобі», якое і рада было б павысіць кошты на паліва больш, чым на сціплыя 5-10%. Але на гэта не пагаджаюцца «на самым версе».

«Калі бензінавыя бароны з нафтаперапрацоўчых заводаў звярталіся да Лукашэнкі наконт павышэння коштаў, ён адказаў ім вельмі рэзка: вы што, хочаце, каб мы праверылі, у якіх вы дамах жывяце, якія заробкі атрымліваеце? Ён быў раз'юшаны і паставіў іх на месца».

«Бензінавыя бароны» зайшлі з іншага боку і прапанавалі мадэль падаражання, якая не абурае людзей. Капейка туды, капейка сюды — такіх выдаткаў людзі не заўважаюць. У той жа час, заправіць бак легкавіка ўжо цяпер каштуе на два рублі больш, чым месяц таму.

У маштабах краіны, дык і ўвогуле гаворка ідзе пра немалыя грошы. Еўрарадыё падлічыла, што кожная дадатковая капейка ў кошце бензіну прыносіць дзяржаве 8,7 млн даляраў за год. Чатыры капейкі — 35 млн даляраў. Шэсць капеек — 50 мільёнаў долараў. Вось вам і падаражанне на адну капейку!

  • Оцени статью:
  • Проголосовало: 1
  • Балл: 5