Які можа быць адказ уладаў на сацыяльны крызіс?

Жорстка здушыўшы народныя пратэсты, беларускія ўлады павінны нейкімі сацыяльна-эканамічнымі захадамі нэўтралізаваць народнае незадаволеньне. Які пернік яны могуць прапанаваць? Ці атрымае беларуская эканоміка палёгку ад дамоўленасьцяў з Расеяй? Ці рэальна давесьці сярэдні заробак да 500 даляраў?

Пра гэта —дырэктар Дасьледчага цэнтру Інстытуту прыватызацыі і мэнэджмэнту Аляксандар Чубрык і эканаміст Сяргей Чалы.

Ці атрымае беларуская эканоміка палёгку ад дамоўленасьцяў з Расеяй?

Валер Карбалевіч: «Падзеі апошніх двух месяцаў паказалі, што ў Беларусі эканамічны крызіс перарос у сацыяльны. Шырокія акцыі пратэсту сталі толькі вяршыняй айсбэрга масавага незадаволеньня сацыяльна-эканамічным станам у краіне. Акцыі здушылі ці, можа, прыдушылі. Але што ж далей? Бізун паказалі. А ці аднаго яго дастаткова? Патрэбен жа і пернік. Што можа стаць такім пернікам?

Вось дамоўленасьці з Расеяй — ці прынясуць яны нейкую палёгку беларускай эканоміцы? Паводле ацэнкі віцэ-прэмʼера Ўладзімера Сямашкі, у 2017 годзе эканамічны эфэкт ад урэгуляваньня нафтагазавых пытаньняў складзе для Беларусі каля 500 млн даляраў, у 2018 і 2019 гадах — прыкладна па 800 млн даляраў. І доўг Расеі па ранейшых крэдытах ня трэба плаціць, ён будзе рэфінансаваны».

Аляксандар Чубрык: «Пакуль мы ня ведаем, якія дасягнуты пагадненьні. Бо ніякія дакумэнты пакуль не падпісаныя. Але будзе станоўчы эфэкт ад самога факту ўрэгуляваньня канфлікту. Бо складана прымаць нейкія рашэньні ва ўмовах няпэўнасьці.

А пра эканамічны эфэкт можна казаць тады, калі будуць факты. Шмат гадоў мы знаходзімся ў эканамічным саюзе з Расеяй. Але пытаньні ў нафтагазавай сфэры мы вырашаем максымум на год наперад. Бо калі нам кажуць, што мы заключым пагадненьне на некалькі год, то звычайна ў ім ёсьць нейкія дадатковыя ўмовы, пра якія грамадзкасьць ня ведае. Потым гэтыя ўмовы чамусьці не выконваюцца, і ўсё пагадненьне падвісае.

Калі тое, што казалі прадстаўнікі беларускага ўраду, спраўдзіцца, то Беларусь атрымае станоўчы эканамічны эфэкт. 500 млн даляраў, пра якія кажа Сямашка, — гэта істотная палёгка для нашага бюджэту. Будзе чым плаціць доўг. Гэта можа забясьпечыць рост валавога ўнутранага прадукту».

Сяргей Чалы: «Калі казаць пра нейкія сумы, якія можна было раздаць электарату, то гэтым годам я вялікага эфэкту ня бачу. Бо атрыманыя сумы трэба будзе вяртаць у якасьці доўгу. Хутчэй наступным годам мы атрымаем нейкі эфэкт».

Доўг за газ

Карбалевіч: «Дзе Беларусь возьме 726 млн даляраў, каб сплаціць доўг за газ?»

Чалы: «Нацбанк цьвердзіць, што ён гэтыя грошы назапашваў і чакаў часу „Ч“, калі тэрмінова трэба будзе плаціць. Вось цяпер і праверым».

Чубрык: «Памер золатавалютных рэзэрваў нашмат большы, чым гэты доўг „Газпрому“. Але тыя лічбы рэфінансаваньня доўгу, якія агучваліся віцэ-прэмʼерам Мацюшэўскім, падобныя да той сумы, якую трэба плаціць „Газпрому“. Магчыма, мы атрымаем крэдыт на выплату гэтага доўгу, каб не зьніжаць золатавалютныя рэзэрвы».

Карбалевіч: «Я так зразумеў, што калі афіцыйныя асобы казалі пра рэфінансаваньне беларускага доўгу, то гаворка ішла пра даўгі за старыя крэдыты, а не пра гэты доўг „Газпрому“ ў памеры 725 млн даляраў».

Чубрык: «Пакуль не зразумела. Бо там не тлумачылі, пра які доўг ідзе гаворка. Урэшце, гэта ня так істотна, бо і тыя, і тыя даўгі трэба вяртаць».

Ці рэальна давесьці сярэдні заробак да 500 даляраў?

Карбалевіч: «Вось падчас паездкі па Магілёўшчыне прэмʼер-міністар Кабякоў заявіў, што задача па павелічэньні да канца году сярэдняга заробку да 500 даляраў выканальная. Магчыма, гэта і ёсьць той пернік, якім улады імкнуцца згасіць масавае незадаволеньне?».

Чалы: «Я ўважліва слухаў Лукашэнку. Што тычыцца дэкрэту № 3, то ён сказаў: маўляў, мы гэты дакумэнт выправілі так добра, што выключылі зь яго ўсіх, каго ён не датычыць. То бок праблему, якая выклікала пратэсты, ужо вырашылі.

Потым, паводле Лукашэнкі, заробак у 500 даляраў — гэта спосаб адкупіцца ад насельніцтва. Маўляў, калі мы дасягнем гэтай лічбы, то да нас у народу больш ня будзе ніякіх прэтэнзій.

Але, акрамя гэтай ідэі пра 500 даляраў, Лукашэнка паставіў яшчэ дзьве задачы: забясьпечыць занятасьць людзей і ўзмацніць кантроль за цэнамі.

І тут узьнікае дылема. Давесьці сярэдні заробак да 500 даляраў тэарэтычна магчыма. Напрыклад, за кошт моцнага скарачэньня пэрсаналу і разьдзяленьня астатняга фонду заробку сярод работнікаў, якія застануцца. Але тут ставіцца задача забясьпечыць ледзьве ня поўную занятасьць. Добра, можна адначасова і гэтыя дзьве задачы выканаць такім чынам, як зрабілі ў канцы 2010 году: надрукаваць шмат грошай, раздаць іх і дасягнуць на некалькі месяцаў патрэбнага выніку.

Але тут ставіцца трэцяя задача: забясьпечыць кантроль за цэнамі. Што не дае магчымасьць друкаваць пустыя грошы, бо гэта выкліча рост інфляцыі. Таму мы маем справу з клясычнай немагчымай тройцай. Бо ўсе тры задачы адначасова выканаць немагчыма».

Чубрык: «Ранейшы сацыяльны кантракт паміж уладай і грамадзтвам палягаў у тым, што насельніцтву прапаноўваўся пернік (напрыклад, 500 даляраў). Калі некаму ён не падабаўся, то ў яго быў варыянт „выхаду“. То бок чалавек мог зьехаць за мяжу на заробкі ці пайсьці ў сэктар, не зьвязаны зь дзяржавай. Працуй ціха, нікога не чапай, і цябе ня будуць чапаць. А калі пратэстуеш, то тут прадугледжаны санкцыі. Дык вось дэкрэт аб дармаедах якраз зачапіў гэтую катэгорыю насельніцтва.

Акрамя таго, Лукашэнка прапаноўвае людзям скардзіцца, калі яны бачаць завышаныя цэны. Гэта такая легальная форма пратэсту, як, напрыклад, запіс у кнігу скаргаў. Але справа ў тым, што праблема інфляцыі зьменшылася, цяпер інфляцыя скарацілася да 7%.

Калі казаць пра 500 даляраў ці, як кажа Кабякоў, пра 1000 рублёў сярэдняга заробку — гэтае абяцаньне толькі злуе людзей і працуе супраць сацыяльнай стабілізацыі. Бо грамадзяне, якія жывуць у правінцыі, 500 рублёў лічаць вялікім заробкам.

Цяпер у правінцыі ключавая праблема — не заробак, а занятасьць. Там гатовыя працаваць і за 300 рублёў. А забясьпечыць 1000 рублёў заробку бяз масавых скарачэньняў ці разбурэньня макраэканамічнай стабільнасьці — гэта фантастыка».

Крэдыт МВФ

Карбалевіч: «Ці рэальна Беларусі атрымаць крэдыт МВФ?

Чалы: «Так, абсалютна рэальна».

Карбалевіч: «То бок беларускія ўлады згадзіліся на рэформу дзяржаўнага сэктару?»

Чалы: «Думаю, што па гэтым пытаньні даўно ўжо дамовіліся. Засталося адно пытаньне: жаданьне МВФ бачыць пад гэтым пагадненьнем подпіс Лукашэнкі і нежаданьне апошняга ставіць свой подпіс. Ці дастаткова там подпісу кіраўніка Нацбанку Калаўра і віцэ-прэмʼера Мацюшэўскага?»

Чубрык: «Тэхнічна ўсё было ўзгоднена ўжо мінулай восеньню. Цяпер гаворка ідзе пра тое, што не павінна быць ніякіх рэзкіх крокаў у макраэканамічнай палітыцы. Для МВФ подпіс Лукашэнкі пад гэтай праграмай — прынцыповая рэч. Патрэба ў крэдыце МВФ для Беларусі вялікая, бо субсыдыі Расеі, нават калі дасягнутыя ў Санкт-Пецярбургу пагадненьні і будуць выкананыя, скарачаюцца».

  • Оцени статью:
  • Проголосовало: 4
  • Балл: 4.5