Прэйгерман заклікаў ЕС заплюшчыць вочы на арышты ў Беларусі

«Галоўнае, каб ЕС не паддаўся эмоцыям», — піша кіраўнік «Ліберальнага клуба» ў артыкуле на сайце Carnegie Europe.

Яўген Прэйгерман. Фота: Наша ніва

«Кадры жорсткага абыходжання з пратэстоўцамі ў Беларусі абышлі заходнія СМІ», — піша палітолаг Яўгеній Прэйгерман, але, адзначае ён, «узровень жорсткасці, прадэманстраваны праваахоўнікамі, нашмат ніжэйшы, чым у папярэднія разы. Тым не менш, — піша ён, — зноў чуваць галасы, што заклікаюць ЕС прыняць карныя меры».

«Два бакі прайшлі гэты цыкл раней, і ЕС можа вучыцца на ўласным досведзе. Замест таго каб думаць, якім чынам пакараць Аляксандра Лукашэнку, ЕС мае рацыянальна шукаць адказы на іншыя ключавыя пытанні. У тым ліку пра разумнае пашырэнне кантактаў [engagement] з рэжымам», — піша Прэйгерман.

Беларускі палітолаг прыводзіць цэлы шэраг аргументаў на карысць сваёй пазіцыі.

Па-першае, ён абгрунтоўвае гэта характарам Лукашэнкі. «Пад ціскам … ён заўсёды ўжывае тыя самыя метады кантролю і падаўлення патэнцыйных палітычных пагроз, — піша Прэйгерман і спакушае. — І наадварот, калі ён не адчувае ціску, ён больш схільны прымаць гнуткія рашэнні і прыслухоўвацца да альтэрнатыўных думак».

«Калі рэжым ужывае рэпрэсіі, якая рэакцыя ЕС будзе найлепшай для 9,5 мільёнаў беларусаў? Што будзе найлепш для суверэнітэту Беларусі? Што будзе найлепш для будучыні беларуска-еўрапейскіх адносін? — пытаецца Прэйгерман і адказвае. — Пашырэнне кантактаў — больш рацыянальнае [як падыход] і лепш вядзе да стратэгічных мэтаў».

Прэйгерман пускае крытычныя стрэлы на адрас апазіцыі, называе яе «маргіналізаванай і загрузлай ва ўнутраных разборках».

«Санкцыі ЕС спрыяюць далейшай маргіналізаціы ідэі перамен, — працягвае Прэйгерман. — Спытайцеся прадстаўнікоў беларускіх НДА, што працуюць унутры краіны (не тых, што базуюцца за мяжой), пры якіх умовах ім лягчэй дзейнічаецца — у час санкцый ці пашырэння кантактаў — і адказ будзе адназначны».

Наступны аргумент Прэйгермана — «любыя санкцыі даюць дадатковыя аргументы ястрабам унутры рэжыму, каб замарозіць усю грамадскую актыўнасць. Жыццё грамадзянскай супольнасці тады абмяжоўваецца тым, што зазвычай называюць апазіцыйным гета».

«Ідэі рэформаў, дэмакратыі і гістарычнай памяці не аб'ядноўваюць беларускае грамадства, як тое было з іншымі нацыямі Усходняй і Цэнтральнай Еўропы ў 1980-я і 1990-я. Санкцыі толькі ўзмацняюць праблемы гетаізацыі, — сцвярджае Прэйгерман, — пашырэнне ж кантактаў прынамсі палягчае хоць нейкую адкрытасць урада і стымулюе яго супрацу як з ЕС, так і з грамадзянскай супольнасцю Беларусі».

Прэйгерман абвяргае нават «звыклы контраргумент, што санкцыі змушаюць улады вызваліць палітычных вязняў (а іх у Беларусі цяпер няма)», — зазначае тут Прэйгерман. Наадварот, піша палітолаг, «у мінулым рэжым выпускаў палітвязняў толькі як вынік перамоў з Захадам. Больш за тое, перамовы і пашырэнне кантактаў дапамагалі прадухіліць завядзенне большай колькасці крымінальных спраў супраць апазіцыі».

«Разумнае пашырэнне кантактаў спрыяе стварэнню ўзаемазалежнасцей і эфектыўных рычагоў уплыву, — піша Прэйгерман, — але для гэтага трэба час і настойлівасць».

Любыя спробы пакараць беларускі рэжым за рэпрэсіі будуць штурхаць краіну да Расіі, піша палітолаг.

 «Галоўнае, каб ЕС не паддаўся эмоцыям. Еўрапейцам трэба вывучаць урокі мінулага», — падсумоўвае Прэйгерман.

  • Оцени статью:
  • Проголосовало: 5
  • Балл: 2