Як раптам беларусы ператварыліся ў палітычна актыўную нацыю?

У мінулым месяцы беларусы здолелі моцна здзівіць саміх сябе. Тысячы людзей выйшлі на цэнтральныя плошчы і вуліцы сваіх гарадоў. Такіх шырокіх пратэстаў мы не бачылі шмат гадоў, што робіць цяперашнюю сітуацыю ўнікальнай.

Што здарылася з намі і як раптам мы ператварыліся ў палітычна актыўную нацыю?

Такіх масавых пратэстаў Беларусь не бачыла з часоў маўклівых акцый 2011 года. Фота: Сяргей Гудзілін, Наша ніва

Нагодай для пратэсту стаў падатак на беспрацоўе. Але на плошчах на мінулым тыдні гучалі самыя розныя лозунгі.

Многія патрабавалі зменаў эканамічнай палітыкі, нехта — адстаўкі Лукашэнкі, нехта — адмены ўсіх падаткаў увогуле, а нехта проста хацеў нарэшце атрымаць свае сакральныя 500 даляраў заробку. Нехта прыйшоў з бел-чырвона-белым сцягам ці нават у шапцы з расейскім трыкалорам, а нехта, наадварот, паспрабаваў ад любых сцягоў стаць далей. Нехта размаўляў па-беларуску, а нехта заставаўся верным расейскай. У такім багацці адценняў і гукаў беларускага пратэсту няма нічога дзіўнага. Менавіта гэтак і выглядаюць сучасныя пратэсты. І адна з прычынаў гэтага — імклівы распаўсюд інтэрнэту.

Шмат сучасных пратэстаў імкліва арганізуюцца — літаральна за некалькі дзён — толькі і выключна праз інтэрнэт.

Толькі 36 гадзін спатрэбілася арганізатарам пратэстаў супраць міграцыйных указаў прэзідэнта Трампа, каб вывесці на вуліцы 40 тысяч чалавек у Лондане. І той пратэст арганізоўваўся выключна праз сацыяльныя сеткі. Нашы анлайн-кантакты ў сацыяльных сетках вельмі часта шырэйшыя за звычайнае штодзённае кола зносінаў у афлайнавым жыцці. Што падвышае шанцы даведацца аб нечым новым і незвычайным для нас менавіта праз інтэрнэт. Таму інфармацыя аб пратэстах таксама распаўсюджваецца ў сацыяльных сетках хутчэй, чым у старым афлайнавым свеце, — пры ўмове, што ідэя пратэстаў можа захапіць людзей.

Беларусы нарэшце выйшлі ў сацыяльныя сеткі

І ўнікальнасць гэтага моманту для Беларусі найперш у тым, што большасць людзей, незалежна ад узросту, полу ці прыбытку, пачалі камунікаваць праз сацыяльныя сеткі.

Гэтая камунікацыя цяпер адкрытая не толькі для маладых альбо адукаваных прадстаўнікоў эліты, для многіх з якіх фэйсбук стаў сінонімам грамадскай дыскусіі. За апошнія гады да фэйсбуку і іншых сацыяльных сетак далучыліся сотні тысяч беларусаў старэйшага ўзросту — тых, каго магчыма найбольш зачапіў падатак на беспрацоўе, і тых, чыё з’яўленне на мітынгах так моцна здзівіла многіх.

Цяпер фэйсбукам штомесяц карыстаюцца амаль столькі ж беларусаў ва ўзросце ад 45 да 54 гадоў, колькі і 15—24-гадовых, сведчаць закрытыя даследаванні. Аўдыторыі твітара ў Беларусі сярод маладых і старэйшых таксама амаль зраўняліся. Пры гэтым у беларускіх «Аднакласніках» людзей ад 45 гадоў нават болей, чым школьнікаў і студэнтаў.

Такое выроўніванне аўдыторыі розных сацсетак паводле ўзросту здарылася на фоне значнага росту колькасці беларусаў, што карыстаюцца імі. Напрыклад, цяпер YouTube — галоўную live-крыніцу пратэстаў — штомесяц праглядаюць болей за два мільёны беларусаў. Гэта робіць гэтую сацсетку другой па памерах аўдыторыі пасля расейскага VK. І гэта, магчыма, тлумачыць гіганцкія, калі параўноўваць з папярэднімі пратэстамі, лічбы праглядаў live-трансляцый пратэстаў. За дзень пасля мінскіх пратэстаў live-відэа з месца падзей агулам праглядзелі болей за 1 мільён разоў.

Лічбы ўцягнутасці людзей у камунікацыі ў сацыяльных сетках пазначаюць на тое, што актывісты маюць перад імі вялізную аўдыторыю, на якую адносна лёгка выйсці.

Пратэсты лічбавай эпохі

Ці здолелі арганізатары пратэстаў супраць падатку скарыстацца такім ростам разнастайнасці і цікаўнасці беларускай аўдыторыі да кантэнту сацыяльных сетак, застаецца вялікім пытаннем. Некаторыя сустрэчы ў Фэйсбуку, якія заклікалі выйсці на вуліцы, не мелі і 1 000 лайкаў. Але часам пасты, здавалася б, забытых апазіцыйных палітыкаў з запрашэннем прыйсці на пратэст мелі да 50 расшарванняў.

Многія з гэтых пастоў і сустрэчаў былі створаныя літаральна за некалькі гадзін да запланаваных пратэстаў. Але так дзейнічалі не ўсе. Былі і актывісты, якія працавалі з тэмай падаткаў на беспрацоўе ўжо некалькі месяцаў. Напрыклад, гомельскі актывіст Адрэй Стрыжак распачаў некалькі кампаній супрацьстаянню дэкрэту №3. Сабраў разам з паплечнікамі 23 тысячы электронных подпісаў супраць дэкрэту, а таксама спрычыніўся да першага ў Беларусі суда супраць дзяржавы пра дэкрэт. Вядома, суд адбыўся ў Гомелі.

Урэшце, хто б ні мабілізаваў людзей на пратэст, многія з іх калі не даведаліся, то атрымалі магчымасць абмеркаваць яго і паглядзець на іншых ягоных прыхільнікаў менавіта ў інтэрнэце. Асаблівасцю сацыяльных сетак ёсць іх магчымасць даваць кожнаму быць тым, кім ён там хоча быць. І гэта магчымасць распаўсюджваецца на пратэсты.

Калі мы лайкаем ідэю сабрацца недзе ці падпісаць петыцыю, мы часта робім гэта з уласных перакананняў і ўяўленняў пра нагоду для такіх дзеянняў. Нехта робіць гэта з марай аб змене рэжыму, а нехта проста ад злосці на эліты. Усе гэтыя гамы пачуццяў і ўяўленняў пазней зліваюцца ў адзінае мора пратэсту — тое самае мора з бел-чырвона-белымі сцягамі і шапкамі з трыкалорам. Але ў анлайн мы не бачым гэтай балючай разнастайнасці ідэй. Мы бачым заклік, магчыма, малюнак і тэкст, які адбіваецца ў нас у галаве нечым сваім. Мы націскаем лайк і… гэтак, магчыма, упершыню ў нас зараджаецца ідэя далучэння да пратэсту.

Беларусы нарэшце пераадолелі страх

Адна з галоўных палітычных умоваў узнікнення пратэсту палягае ў з’яўленні акна магчымасцяў.

Вядучыя навукоўцы ў галіне пратэставай палітыкі кажуць, што такія вокны ўзнікаюць даволі рэдка. І гэта ўжо справа тых, хто хоча актывізаваць людзей на пратэст, як гэтымі магчымасцямі скарыстацца. Пратэстоўцы ў абласных гарадах Беларусі здолелі зрабіць гэта найлепшым чынам. Яны паспрабавалі мабілізаваць людзей у момант надыходу дэдлайну на аплату ненавіснага падатку — 20 лютага. Прыпала гэта дата на перыяд, калі беларускія ўлады, здаецца, страцілі ўсялякую цікаўнасць да палітычных рэпрэсій, арыштаў падчас палітычных акцый і падобных дзеянняў.

Але арганізацыя і распаўсюд інфармацыі аб пратэсце і непасрэднае з’яўленне людзей на вуліцах — рэчы абсалютна розных катэгорый. І аддзяляе гэтыя дзве катэгорыі адна вельмі важная з’ява, знаёмая, напэўна, кожнаму беларусу, — страх. Страх выйсці на вуліцу, на плошчу — гэта адзін з самых моцных дэматыватараў, што звычайна спыняў людзей ад падобных калектыўных дзеянняў, якія мы нарэшце змаглі пабачыць на мінулым тыдні. Чаму многія беларусы раптам здолелі пераадолець свой страх?

Прыклады нядаўніх масавых пратэстаў у Іспаніі і арабскіх краінах уражваюць сваім падабенствам. Амаль заўжды на вуліцы выходзілі сотні тысяч людзей, раз’юшаныя і прыніжаныя адсутнасцю сацыяльнай справядлівасці і крывадушнасцю элітаў. Гэтая раз’юшанасць дазволіла людзям пераадолець пачатковы страх рэпрэсій, каб разам акупаваць важныя пляцоўкі і прасторы ў цэнтры сваіх гарадоў і распачаць пратэст. Першы поспех пратэстаў — захопленыя, хоць і часова, грамадскія прасторы як Кастрычніцкая плошча ў Мінску і галоўны мінскі праспект — дазволіла трансфармаваць раз’юшанасць у надзею. Менавіта таму пасля сканчэння пратэстаў многія з іх удзельнікаў і назіральнікаў так пазітыўна ўспрынялі гэтыя падзеі. Ніводнае з патрабаванняў пратэстоўцаў не было выкананае. Але ж факт часовага захопу важнай грамадскай прасторы нарадзіў вялікія спадзяванні на выкананне патрабаванняў у будучыні ці хаця б магчымасць бесперашкодна выказвацца ў гэтай грамадскай прасторы надалей.

Рука Масквы

Досвед іншых краін таксама тлумачыць, чаму спробы знайсці ў беларускіх пратэстах руку Масквы проста не працуюць. Некаторыя каментатары па слядох пратэсту паспяшаліся ўсхвалявана заўважыць, што цяперашнія мітынгі і маршы і агульная дэстабілізацыя выгадная Расіі, якая спіць і марыць аб тым, як хутчэй прыбраць з мапы свету Беларусь. Ці хаця б змяніць рэжым у ёй. Але змаганне з уласным страхам, пачуцце разгубленасці і крыўды, з якімі людзі звычайна выходзяць на плошчы, не мае нічога супольнага з геапалітычнымі падлікамі прагматычных экспертаў. Гульні ў геапалітыку проста незнаёмыя і нецікавыя раззлаваным пратэстоўцам. Яны хочуць выканання сваіх праграмных патрабаванняў — адмены падатку, змены эканамічнага курсу, але наступствамі гэтых патрабаванняў для дзяржавы яны наўрад ці моцна цікавяцца.

Што рабіць далей

Адсутнасць рацыянальных падлікаў на пачатковых этапах масавых рухаў мае і свае адмоўныя бакі. Напэўна, галоўны палягае ў тым, што большасць пратэстоўцаў не пралічвае наступных крокаў, якія б прывялі да выканання іхніх патрабаванняў. А між тым адным з найбольш важных крокаў мусіла б стаць яднанне разрозненых пратэставых актыўнасцяў у адзін супольны рух.

Гэты рух можа яднаць розныя погляды на краіну, уладу, сцяг і герб, мову і культуру. І гэта абсалютна нармальна ў час лічбавых медыя. Але ён мусіць быць здольным вылучыць лідараў для палітычнага прадстаўніцтва. Супольныя дзеянні звычайна толькі тады аказваюцца паспяховымі, калі яны вядуць да з’яўлення прадстаўнікоў руху, якія ўключаюцца ў палітычны працэс і пачынаюць размаўляць з уладамі.

Хоць некаторыя пратэсты фармальна і былі ўзначаленыя старымі і вядомымі дзеячамі, такімі як Статкевіч і Някляеў, пратэст вылучыў і некалькі новых цікавых фігураў. Гэта той жа Андрэй Стрыжак, гэта гомельскі блогер Максім Філіповіч, які мае больш за 14 000 падпісчыкаў у сваім блогу на YouTube. Гэта дзясяткі іншых актывістаў, імёны якіх мы яшчэ не ведаем. Але ёсць шанец, што нам давядзецца вельмі хутка вывучыць іх.

  • Оцени статью:
  • Проголосовало: 3
  • Балл: 5