Як дзяржаўная прапаганда маніпулюе «галасамі простых беларусаў»

Дзяржаўныя тэлеканалы любяць ілюстраваць свае сюжэты «голасам простых беларусаў» — падборкай ананімных выказванняў з форумаў. Прычым гэтыя меркаванні заўсёды гучаць ва ўнісон: ці ўсе «за», ці ўсе «супраць».

Крыніцай выказванняў часцей за ўсё становяцца форумы Tut.by (яны існуюць на асобнай пляцоўцы Talks.by). У абмеркаваннях пад палітычнымі навінамі звычайна працуюць некалькі дзясяткаў «троляў»-правакатараў.

Ва ўсіх зарэгістраваных карыстальнікаў форума ёсць магчымасць ставіць пад кожным чужым паведамленнем «плюс» альбо «мінус». Па гэтых адзнаках добра відаць стаўленне інтэрнэт-супольнасці да таго ці іншага меркавання. «Троляў» бязлітасна мінусуюць.

Возьмем для прыкладу навіну «Задержания в День Воли. Счет идет на сотни». Пад ёй было пакінута больш за 400 каментароў.

Самымі папулярнымі былі наступныя:

1. «Лукашенковской власти это не поможет. Люди обозлены, им даже не дают выразить мнение. Власть сама себе роет могилу, зля людей» (456 плюсаў, 32 мінусы).

2. «Были бы у власти мозги, она бы выслушала людей; многим людям есть дома нечего, а их арестовывают. Это конец лукашенковскому режиму» (388 плюсаў, 21 мінус).

У навінах на «Беларусь-1» вырашылі звярнуцца да гэтага артыкула (відэа тут). Зразумела, што ніводзін з папулярных каментароў у эфіры не прагучаў. Паглядзіце, якія выказванні надзёргалі прапагандысты:

«Митинг не был разрешен. Возле парка собраться разрешили. Нет же пруться. Чего тогда обижаться, сами же на рожон лезете» (109 мінусаў, 18 плюсаў).

«А где люди? Снова пшик у оппозиции,не получилось примазаться к недовольным декретом? Оппозиция любое мероприятие испортит» — гэта ўвогуле кампіляцыя з двух каментароў, прычым пакінутых пад іншым артыкулам. Агулам яны атрымалі 825 мінусаў і 116 плюсаў.

«Кто может объяснить зачем они туда ходят?» — 35 мінусаў, 15 плюсаў (гэта таксама іншы артыкул).

«Всё это пустое. Как для 99% просто белорусов, так и для 1% «нацыяльна сьвядомых» белорусов. Этот день для них просто повод повыдёргиваться» — гэты каментар адсутнічае на форумах. Магчыма, ён быў выдалены мадэратарамі.

«Ну что же, посмотрим на Минск, а то в других городах совсем тухло, марши могут быть только по очереди, одновременно как видим одна и та же компашка везде находиться не может» — 135 мінусаў, 32 плюсы.

* * *

Падобная сітуацыя была і на тэлеканале СТБ. Толькі тут пераважна бралі выказванні «троляў» з далейшых старонак абмеркавання. Датуль дагортвае мала хто з карыстальнікаў, таму і колькасць выстаўленых адзнак ніжэйшая.

  • Оцени статью:
  • Проголосовало: 5
  • Балл: 5