Калі ўлада робіць няправільна, то як правільна? Раяць 5 эканамістаў

Падчас «Маршаў недармаедаў», якія больш за месяц праходзяць у беларускіх гарадах, большасьць патрабаваньняў удзельнікаў маюць сацыяльна-эканамічны характар. Беларусы наракаюць на беспрацоўе і малыя заробкі.

Свабода зьвярнулася да пяці беларускіх эканамістаў з пытаньнем: што яны раяць уладам краіны, каб задаволіць патрабаваньні пратэстоўцаў.

Антон Болтачка (экспэрт «Лібэральнага клюбу»): Першае пытаньне — гэта стварэньне новых працоўных месцаў. Тут неабходны падыход не ў стварэньні ў ручным рэжыме, а ў стварэньні ўмоваў, пры якіх рабочыя месцы з высокай аплатай працы будуць узьнікаць у Беларусі самі. Гэта прыязныя ўмовы для малога і сярэдняга бізнэсу, які можа стаць патэнцыйнай крыніцай новых працоўных месцаў. Патрэбныя такія ўмовы для фірмаў, якія маюць дзяржаўныя прадпрыемствы. Гэта часта ільготны тарыф.

Патрэбная адрасная падтрымка беспрацоўных, альбо тых, хто ня можа працаваць па іншых прычынах. Трэба для іх не павышаць падаткі, а кропкава перагледзець бюджэт і выдзяляць сродкі беспрацоўным. Каб цягам 3-4 месяцаў яны змаглі знайсьці працу. Што датычыць заробкаў, то беларусы сапраўды многія гады зараблялі больш, чым дазваляла эканоміка. Цяпер мы вяртаемся да таго ўзроўню, які павінен быць у краіне. Ён такі, бо такія ўмовы для бізнэсу. Будуць зьмены ва ўмовах, тады і заробкі вырастуць. Але гэта пэрспэктыва ня гэтага году.

Сяргей Балыкін (Старшыня Асацыяцыі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва): Што рабіць? Парады ў нашай сытуацыі — гэта няўдзячная справа. Што дакладна ня трэба рабіць, дык гэта ўводзіць новыя падаткі на дармаедзтва. Па-першае, такі падатак эканамічна неэфэктыўны, а для бюджэту краіны нічога ня значыць. Гэта крыўдзіць і раздражняе людзей, бо любыя крытэры ня будуць дасканалымі.

Эканоміка знаходзіцца ў цяжкім стане. Сказаць банальны адказ пра рэформы, ці што трэба разьвіваць малы бізнэс — правільна, але як? Нічога такога цяпер нельга зрабіць, каб у гэтай сытуацыі стымуляваць эканамічны рост, нават калі ўлада цалкам спыніць цкаваць прадпрымальнікаў і адчэпіцца ад субʼектаў гаспадараньня. Што б улады не рабілі — сытуацыя будзе пагаршацца. Рэформы дадуць плён праз пару гадоў. Таму цяпер, што б не рабіць — нічога добрага ня будзе.

Вадзім Іосуб (старэйшы аналітык фінансавай кампаніі «Альпары»): У беларускай эканоміцы сабраўся цэлы шэраг праблемаў. Галоўная прычына — гэта максымальна неэфэктыўная мадэль эканомікі, якая заснаваная на дзяржаўнай уласнасьці. У выніку прадпрыемствы, замест таго, каб зарабляць грошы для эканомікі, генэруюць страты. І справа нават не ў мэханізмах, а ў палітычнай волі.

Другое. Выявілася, што ў нашай сацыяльна-арыентаванай дзяржаве няма мераў падтрымкі беспрацоўных, калі не лічыць дапамогу ў памеры 10 даляраў. Гэтыя праблемы ўзаемазьвязаныя. Калі няма сацыяльных падтрымкі беспрацоўных, то практычна немагчыма зачыняць і банкрутаваць дзяржаўныя прадпрыемствы. Прадпрыемствы выконваюць ролю сацыяльнага забесьпячэньня і працуюць толькі таму, што незразумела, што рабіць зь людзьмі, калі прадпрыемствы зачыніць. І я не бачу, каб улады разумелі гэтую праблему. Робяцца сьмешныя крокі, як дэкрэт нумар 3. А калі няма разуменьня праблемы, то ня варта чакаць, што з гэтымі праблемамі будуць змагацца і іх вырашаць.

Серж Наўродзкі (кіраўнік Цэнтру сацыяльна-эканамічнага аналізу CASE-Беларусь): Мы зараз робім тое, што Польшча рабіла ў 1989-1990 гадах. Тады польскі ўрад меў падобную задачу: каб людзі адчувалі сябе бясьпечна ў пляне заробкаў, але каб у той жа час каб не было рызыкі згубіць гэтыя заробкі. Каб курсаў не падаў, і спыніць інфляцыю. Мы 25 гадоў не рабілі тое, што павінны былі зрабіць адразу. Гэта жорсткая макраэканамічная палітыка: яна забясьпечвае высокія працэнтныя стаўкі і ня роста заробкаў, а часам і падзеньне. Трэба гэта перажыць. Пакуль улады паводзяць сябе самазабойча, але без гэтага нікуды. Дзеяньні ўраду за апошнія паўтара году дазволяць перажыць нам цяжкі пэрыяд. А народу трэба «зразумець і прабачыць». Гэта рэформы і іх наступствы. Самае вялікае зло, якому мы павінны даць рады — гэта спыніць рост цэнаў.

Ураду, як і людзям, трэба ўсё гэта ператрываць. Трэба прыняць гэтыя пратэсты як сацыяльны кошт зьменаў. Да канца 2018 году мы нічога ня зробім. Цана макраэканамічнай стабілізацыі — гэта падзеньне занятасьці ў дзяржаўным сэктары. Ураду нельга ўключаць стары рэжым, мы ўсё роўна павінны праз гэта прайсьці. Першыя вынікі 2017 году паказваюць пазытыўныя зьмены. Ёсьць падставы да росту. Заробкі і працоўныя месцы вырастуць у 2018 годзе. Пакуль жа трэба адмяніць дэкрэт нумар 3. У ім ёсьць пазытыўныя ідэі, але яго трэба зьмяніць і перанесьці на пазьней. Трэба кропкава працаваць з малазабясьпечанымі. Трэба ставіць цяпер на малы і сярэдні бізнэс, паслугі. Легалізацыя айцішнікаў, якія часам працуюць нелегальна. Гэта ключавыя фактар для росту.

Сяргей Жбанаў (эканамічны аглядальнік «Белгазеты»): У сёньняшняй сытуацыі абяцаньне зьменшыць беспрацоўе і павялічыць заробкі — гэта ўтопія. Асабліва цяпер, калі ня вырашаная нафтагазавая спрэчка і якую, у прынцыпе, можна было не пачынаць. Сёньня задача ня ў тым, каб павысіць заробкі, а ў тым, каб захаваць статус-кво. Галоўны донары — пераапрацоўка нафты — працуюць са стратамі, і гэтыя страты прагрэсуюць.

Пратэстаў у розных гарадах магло б і ня быць. Бюджэт атрымаў ад яго 8 мільёнаў даляраў. Гэтыя грошы можна было б лёгка знайсьці праз скарачэньне ўнутраных войскаў, ці міліцыі, ці рабочых, якія зарабляюць па 500 даляраў. Гэта ўсяго 1200 рабочых. І не было б патрэбы прыдумляць гэты дэкрэт. Гэта памылка кіраўнікоў, як і нафтагазавы канфлікт. Калі няма чым плаціць за газ, дык скажыце пра гэта адкрыта і спыніце гэтае какецтва. Таму гэты грамадзкі выбух быў зроблены абсалютна на пустым месцы.

Хуткага выпраўленьня гэтых праколаў і сытуацыі ў цэлым — няма. Краіны Балтыі перарвалі пупавіну, зачынілі прадпрыемствы, якія былі заточаныя на расейскую сыравіну. Беларусы гэтага не зрабілі. І Ўкраіна адразу не зрабіла. Таму працэс ператварыўся ў доўгі, хранічны і пакутлівы. І вось ён у нас ідзе. А краіны Балтыі могуць пахваліцца ростам эканомікі. У іх плюс 2%, а ў нас мінус 1. І мы працягваем прабіваць дно.

  • Оцени статью:
  • Проголосовало: 3
  • Балл: 3.7